• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Беспрэцэдэнтны ўзровень сачэння. Набыла сілу пастанова аб кантролі за карыстальнікамі ў інтэрнэце

    Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал апублікаваў пастанову Савета міністраў “Аб парадку функцыянавання інфармацыйнай сістэмы”. Такім чынам нашумелы ўказ №368, падпісаны летась Аляксандрам Лукашэнкам, набыў сілу і дазваляе сілавым структурам цалкам кантраляваць беларускі сегмент інтэрнэта.  

    Указ аб стварэнні сістэмы ўзаемадзеяння паміж аператарамі і пастаўшчыкамі інтэрнэт-паслуг з супрацоўнікамі спецслужб з’явіўся ў кастрычніку 2022 года. Цяпер яго афіцыйна зацвердзілі.

    Як вынікае з дакумента, органы, якія ажыццяўляюць “аператыўна-вышуковую дзейнасць”, маюць права атрымліваць прамы кругласутачны доступ да базаў дадзеных карыстальнікаў сайтаў і правайдараў сувязі. Адказнымі за рэалізацыю новаўводзінаў прызначаныя Камітэт дзяржбяспекі (КДБ) і Аператыўна-аналітычны цэнтр (ААЦ).

    Адна з асноўных функцый “інфармацыйнай сістэмы электроннага ўзаемадзеяння” — улік і адлюстраванне інфармацыі аб пастаўшчыках паслуг электрасувязі і ўладальніках інтэрнэт-рэсурсаў. Усе яны ад гэтага часу абавязаныя выдаваць суправаджальныя дакументы, якія цікавяць адпаведныя “органы”.

    ААЦ і КДБ змогуць атрымліваць ад Беларускай дзяржаўнай інспекцыі электрасувязі любыя звесткі, якія тычацца ўсіх падрабязнасцяў рэгістрацыі ў інфармацыйнай сістэме ды персанальна ўладальніка інтэрнэт-рэсурсу.

    “Аператар інфармацыйнай сістэмы… забяспечвае бесперабойную эксплуатацыю пры непасрэдным узаемадзеянні з рэспубліканскім унітарным прадпрыемствам “Цэнтр лічбавага развіцця”; накіроўвае ў Аператыўна-аналітычны цэнтр пры прэзідэнце і Камітэт дзяржаўнай

    бяспекі сфарміраваныя ў інфармацыйнай сістэме: звесткі аб рэгістрацыі ў інфармацыйнай сістэме пастаўшчыка паслуг электрасувязі, уладальніка інтэрнет-рэсурсу”, – гаворыцца ва ўрадавай пастанове.

    У гэтай сувязі прадстаўнікі прававой і лічбавай супольнасці неаднаразова адзначалі, што новая ініцыятыва “інстытуцыяналізуе сачэнне і выводзіць яго на беспрэцэдэнтны ўзровень”. Калі простай мовай, фактычна  абавязвае інтэрнэт-сервісы забяспечваць сілавікам наўпроставы доступ да звестак пра кліентаў.  

    Беларускі Хельсінскі камітэт, праваабарончая арганізацыя Human Con­stan­ta і міжнародная няўрадавая арганізацыя Access Now звярнуліся ў Працоўную групу ААН у бізнесе і правах чалавека, засяродзіўшы ўвагу на парушэнні правоў як карыстальнікаў, так і правайдэраў. 

    “Любыя онлайн-рэсурсы – паштовыя правайдэры, месенджары, інтэрнэт-крамы, службы таксі і каршэрынгу – абавязваюць захоўваць дадзеныя аб карыстальніках і даваць уладам прамы аддалены доступ да іх. Гэта азначае, што праваахоўныя органы і спецслужбы могуць  супастаўляць тэлекамунікацыйныя звесткі з дадзенымі сервісаў. Такія паўнамоцтвы не абмежаваныя ніякімі разумнымі гарантыямі і не могуць быць аспрэчаныя ў сілу “таемнага” характару і практычнай немагчымасці забяспечыць справядлівы судовы разгляд у Беларусі. Як вынік, непасрэдна парушаюцца абавязанні дзяржавы ў галіне правоў чалавека, а менавіта права на свабоду ад адвольнага або незаконнага ўмяшання ў прыватнае жыццё і права на свабоду выказвання меркаванняў”, – гаворыцца ў заяве праваабаронцаў.

    Акрамя таго, накладанне падобных “абавязальніцтваў” на беларускія кампаніі ІТ-сектара і пастаўшчыкоў анлайн-паслуг азначае, што аператары сувязі і ўладальнікі інтэрнэт-рэсурсаў будуць мець дачыненне да парушэння правоў сваіх кліентаў. Іншымі словамі, гаворка пра сітуацыю ўцягвання дзяржавай бізнесу ў парушэнне правоў чалавека, што цалкам супярэчыць стандарту дэклараваных прынцыпаў ААН.

    Нягледзячы на занепакоенасць грамадства, на пачатку 2023 года, яшчэ да афіцыйнага дзеяння дакумента, кіраўнікі КДБ і ААЦ падпісалі сумесную дамову з пералікам пунктаў “забеспячэння аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў” у інтарэсах спецслужбаў.

    Так, ліцэнзаваныя пастаўшчыкі на патрабаванне адпаведных органаў мусяць беспярэчна забяспечыць доступ да базаў дадзеных і аўтаматызаваных сістэм аператараў электрасувязі, якія змяшчаюць інфармацыю пра абанентаў і карыстальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў, а таксама пра аказаныя паслугі і праграмна-тэхнічным сродкі.

    Прапісваецца абавязковасць узаемадзеяння аператараў электрасувязі з “кампетэнтнымі органамі”, упаўнаважанымі падраздзяленнямі Аператыўна-аналітычнага цэнтра і Камітэта дзяржбяспекі, доступ гэтых падраздзяленняў да баз дадзеных і аўтаматызаваных сістэм пастаўшчыкоў паслуг электрасувязі, уладальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў.

    Акрамя таго, у патрабаваннях сілавікоў пералічаныя віды кантролю, якія павінны забяспечваць “сродкі аператыўны вышуковых мерапрыемстваў” на лініях тэлефоннай сувязі, а таксама вызначаныя звесткі, якія перадаюцца ў межах статыстычнага і поўнага кантролю.

    Чытайце яшчэ:

    Журналіста Паўла Падабеда пасля 15-суткавага арышту перавялі на «Валадарку»

    Пачаўся суд над рэдактаркай Валерыяй Касцюговай, якую больш за паўтара года трымаюць за кратамі

    3 простыя наладкі для абароны акаўнтаў ад узлому

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці