333

Анлайн-курс «Інклюзія ў дзеянні» (дэдлайн — 8 кастрычніка)

02.10.2023 Крыніца: Беларуская асацыяцыя журналістаў

Беларускі нацыянальны моладзевы савет «РАДА» запускае набор на анлайн-курс пра тое, як эфектыўна і клапатліва ўзаемадзейнічаць з аўдыторыяй, улічваючы яе патрэбы і нікога не выключаючы.

Што будзе на курсе?

  • Як будаваць чуллівую і клапатлівую камунікацыю са сваёй аўдыторыяй.

  • Якія асаблівыя патрэбы ёсць у розных сацыяльных групаў і чаму важна іх улічваць у сваёй працы.

  • Інклюзія, неварожая мова, падыход, заснаваны на правах чалавека, – навошта нам усе гэтыя складаныя словы? Як уключаць гэтыя падыходы ў сваю дзейнасць?

  • Як запытваць у аўдыторыі пра яе патрэбы і атрымліваць грунтоўныя адказы.

  • Што такое даступная анлайн і афлайн прастора і як яна можа палепшыць твае зносіны з аўдыторыяй.

  • Як будаваць сваю дзейнасць такім чынам, каб нікога не выключаць, і чаму гэта карысна для саміх арганізацый і ініцыятываў.

Курс пачатковага ўзроўня: ён будзе карысны, калі ў удзельніка пакуль няма грунтоўных ведаў па пералічаных пытаннях і ён хоча лепш у іх разабрацца. 

Які фармат курса?

Шэсць насычаных заняткаў. Падчас сустрэч трэба будзе рабіць практыкаванні, абменьвацца ідэямі і дыскутаваць. Каб курс быў сапраўды карысным, важна актыўна ўдзельнічаць і не прапускаць заняткі. 

Усе заяўкі праходзяць сур’ёзную верыфікацыю, каб удзельнікі маглі разлічваць на бяспечную анлайн-прастору, дзе можна выкарыстоўваць камеры і мікрафон, знаёміцца, выказваць свае думкі.

Які расклад курса?

Заняткі будуць праходзіць кожную сераду а 18:30 па Менску. Прыкладны час адной сустрэчы – паўтары гадзіны. 

  • 18.10 – Інклюзія, гендэрная роўнасць, уразлівыя групы, дыскрымінацыя – што гэта такое і чаму пра гэта варта ведаць, калі мы гаворым пра стасункі з аўдыторыяй? Навошта і як ўключаць гэтыя прынцыпы ў сваю дзейнасць?

  • 25.10 – Навошта клапаціцца пра асаблівыя патрэбы аўдыторыі? Як іх ацэньваць і спытваць пра іх такім чынам, каб аўдыторыя не ігнаравала твае пытанні?

  • 01.11 – Non-human каштоўнасці і экалагічная ўстойлівасць: навошта ўлічваць экалагічныя пытанні ў дзейнасці, нават калі ідзе праца з іншымі тэмамі.

  • 08.11 – З чаго складаецца бяспечная, чуллівая камунікацыя і як яна можа падвысіць эфектыўнасць дзейнасці? Што такое неварожая мова?

  • 15.11 – Як стварыць бяспечную і даступную афлайн-прастору.

  • 22.11 – Прамая праца з уразлівымі групамі: што варта ведаць. Размова з запрашанымі прадстаўні_цамі розных сацыяльных групаў. 

Калі дэдлайн падачы заяўкі?

Прымаем анкеты да 8 кастрычніка ўключна. Вынік адбору будзе вядомы не пазней за 13 кастрычніка.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!