• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Журналіст Алесь Любянчук чакае пераводу ў калонію, ВС адхіліў яго апеляцыю на прысуд

    Як постфактум стала вядома Беларускай асацыяцыі журналістаў, 24 студзеня Вярхоўны суд не задаволіў апеляцыю асуджанага відэааператара Алеся Любенчука, якога летась пакаралі 3 гадамі зняволення за нібыта “ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні”. Неўзабаве яго перавядуць у папраўчую калонію.

    У сярэдзіне лістапада 2022 года, яшчэ да разгляду апеляцыйнай скаргі,  Алеся Любенчука перавялі з мінскага СІЗА №1 спачатку ў СІЗА Жодзіна, а неўзабаве этапавалі ў следчы ізалятар пры турме №4 Магілёва.

    Там журналіст знаходзіцца дагэтуль, аднак ужо бліжэйшым часам яго перавядуць на астатні тэрмін зняволення ў калонію — паводле наяўных звестак, гэта будзе папраўчая ўстанова №15 у Магілёве на Слаўгарадскай шашы, 183. 

    24 студзеня Вярхоўны суд Беларусі прагназавана адхіліў апеляцыйную скаргу палітвязня на прысуд — адпаведна, вердыкт, агучаны судом першай інстанцыі, набыў сілу. Варта адзначыць, што за постпратэсны перыяд ад 2020 года яшчэ ніводзін заяўнік не здолеў змякчыць палітычна матываваны вырак — пра адмену ці перагляд гаворка не ідзе апрыёры. 

    Алеся Любенчука затрымалі 26 мая 2022 года ў вёсцы Крывічы пад Іўем, дзе ён жыў апошнім часам, займаўся аднаўленнем гістарычна-культурнай спадчыны свайго краю. Пасля таго, як улады распачалі татальны наступ на незалежныя СМІ, кваліфікаваны відэааператар паставіў журналістыку на паўзу, займаўся краязнаўствам, арганізоўваў рачныя сплавы на чоўнах, дапамагаў дзецям-сіротам.

    У межах неназванага тады “крымінальнага расследавання” сілавікі правялі ў хаце ператрус, а гаспадара даставілі ў мінскі следчы ізалятар №1. Неўзабаве праваабаронцы прызналі арыштанта палітычным зняволеным. 

    24 кастрычніка ў Мінскім гарадскім судзе адбылося першае пасяджэнне па справе Любенчука. На аснове матэрыялаў следства яго абвінавацілі паводле артыкула 361–1 Крымінальнага кодэкса — “стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім”. Падставай да пераследу стаў факт супрацы ў якасці відэааператара з незалежнымі медыя. 

    Працэс праходзіў імкліва, ужо праз тры дні суддзя Алена Ананіч прызнала Алеся Любенчука вінаватым па “экстрэмісцкім” артыкуле і пакарала яго 3 гадамі калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Спроба абскардзіць рашэнне плёну не мела.

    За сваю журналісцкую біяграфію Алесь Любянчук неаднаразова затрымліваўся за выкананне прафесійных абавязкаў, але да “крыміналізацыі” журналісцкай дзейнасці раней справа не даходзіла.

    Упершыню трапіў на “прафілактычную размову” ў міліцыю яшчэ 10 гадоў таму, не стаў выключэннем і пратэсны 2020‑ы. У сярэдзіне кастрычніка яго схапілі падчас асвятлення масавай акцыі ў Мінску, склалі пратакол паводле “народнага” артыкула 23.34 КаАП і пакаралі 15 суткамі арышту.

    З лістоў Алеся Любенчука на волю вядома, што яшчэ ў СІЗА №1 Мінска, дзе ён утрымліваўся да суда, у яго значна пагоршылася здароўе. У якім фізічным і псіхалагічным стане ўступіў у год 2023-ці — дакладна невядома.  

    Выглядае, што ўлады распачалі адраснае “паляванне” на тых, хто фіксаваў народныя пратэсты і беспадстаўны гвалт сілавікоў у 2020 годзе. Летась у канцы снежня 2,5 гадамі зняволення за аналагічнае “злачынства” — “удзел у экстрэмісцкім фармаванні” — суддзя Мінскага гарадскога суда Алена Шылько пакарала фрылансера Івана Мураўёва.

    А 20 студзеня стала вядома пра затрыманне ў Мінску відэааператара Паўла Падабеда. Сутнасць прэтэнзій на яго адрас пакуль не агучваецца, аднак пасля 72 гадзін папярэдняга арышту з міліцэйскага пастарунка ён так і не выйшаў.  

    Чытайце яшчэ: 

    Закратаваны юбілей. Пра гонар быць сябрам і калегам Андрэя Аляксандрава

    “Каждая история политзаключенного достойна быть услышанной”. Разговор с Politzek.me о значении проекта

    Пагаршаецца здароўе асуджанага журналіста Сяргея Сацука, у СІЗА яму наўмысна не даюць патрэбныя лекі

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці