• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Інфармацыйная рассылка ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” 12–25.01.2015 г.

    Першы ў 2015 годзе штраф за супрацоўніцтва з замежным СМІ без акрэдытацыі; некалькі адхіленых журналісцкіх скаргаў; штраф блогерцы за знявагу прадстаўніка ўлады; пакінутае ў сіле папярэджанне недзяржаўнай газеце “Народная воля” ды іншыя падзеі.

    13 студзеня суд Ленінскага раёна Брэста (суддзя Святаслаў Каліна) аштрафаваў журналістку Аліну Літвінчук на 30 базавых велічынь за працу без акрэдытацыі на карысць замежнага СМІ. Яе абвінавацілі ў незаконным вырабе і распаўсюдзе інфармацыі паводле арт. 22.9 ч.2 КаАП. У прыватнасці, у матэрыялах справы фігуравала “перадача інфармацыі” пра дзейнасць Брэсцкага абласнога аддзялення арганізацыі “Хрысціянская садружнасць дарослых і маладых” (YMCA), якой была прысвечана публікацыя на сайце “Беларускага Радыё Рацыя”. Аліна Літвінчук адмовілася даваць паказанні. Суд зрабіў высновы на падставе паказанняў сведкі – прадстаўніка YMCA Аляксандра Драчука. Літвінчук заявіла, што будзе абскарджваць пастанову суда.

    13 студзеня cуд Першамайскага раёна Мінска адмовіў праваабаронцы Алене Танкачовай у задавальненні скаргі на міліцыю ў справе высылкі яе з Беларусі. Такое рашэнне агучыла суддзя Наталля Петух.

    Нагадаем, 5 лістапада 2014 г. Першамайскае РУУС Мінска прадпісала Танкачовай на працягу месяца пакінуць Беларусь і забараніла ёй наведваць краіну тры гады. Падставай для такога рашэння сталі зафіксаваныя відэакамерамі факты нязначнага перавышэння хуткасці аўтамабілем, які належыць Танкачовай.

    Праваабаронца гэта рашэнне абскардзіла. Працэс абскарджвання прадугледжвае прыпыненне загаду аб высылцы на тры месяцы — па месяцы на абскарджанне ў кожнай з прадугледжаных інстанцыяў. 12 снежня праваабаронцы адмовілі ў задавальненні скаргі ў першай інстанцыі — ГУУС Мінгарвыканкама.

    Старшыня праўлення асветніцкай установы “Цэнтр прававой трансфармацыі” (“Lawtrend), грамадзянка Расіі Алена Танкачова пражывае ў Беларусі каля 30 гадоў, мае тут нерухомасць і сталую працу. “Lawtrend” аказвае прафесійную юрыдычную і экспертную падтрымку некамерцыйным арганізацыям Беларусі, а таксама ў сітуацыях з парушэннямі правоў чалавека.

    Грамадскія актывісты сабралі 7 тысяч подпісаў пад просьбай не высылаць Танкачову з краіны. Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці лічаць дзеянні ўладаў непрапарцыйнай і палітычна матываванай санкцыяй, звязанай з праваабарончай дзейнасцю.

    14 студзеня незалежны журналіст, сябра ГА “БАЖ” Алесь Ляўчук атрымаў з Брэсцкай пракуратуры адказ на сваю скаргу датычна парушэнняў, што мелі месца падчас складання на яго адміністрацыйнага пратакола паводле ч. 2 арт. 22.9. На падставе гэтага пратакола Ляўчук быў пакараны штрафам у памеры 40 базавых велічынь за працу без акрэдытацыі на карысць тэлеканала “Белсат”. З адказу за подпісам намесніка пракурора Брэста Івана Чайчыца вынікае, што пракуратура адмовілася разглядаць скаргу журналіста на дзеянні супрацоўніка міліцыі.

    15 студзеня ГА «БАЖ» атрымала афіцыйны адказ з Генеральнай пракуратуры на свой запыт наконт абмежавання доступу да шэрагу інтэрнэт-сайтаў.

    У лісце намеснік начальніка аддзела па наглядзе за выкананнем правоў і свабод грамадзян Павел Елісееў паведамляе, што Генпракуратура не ініцыявала абмежавання доступу да згаданых у звароце рэсурсаў для ўсіх інтэрнэт-карыстальнікаў і не валодае інфармацыяй пра прыняцце дзяржорганамі такіх рашэнняў. Пракуратура піша, што накіравала зварот ГА “БАЖ” “для разгляду па сутнасці” ў Міністэрства сувязі і інфарматызацыі.

    Нагадаем, што 22 снежня ГА “БАЖ” накіравала ў Генпракуратуру, Упраўленне “К” МУС і ААЦ пры Прэзідэнце афіцыйныя лісты. Арганізацыя заклікала гэтыя ведамствы тэрмінова забяспечыць доступ да шэрагу рэсурсаў, якія пры канцы снежня падвергліся блакаванню (belapan.com, belapan.by, naviny.by, belaruspartisan.org, udf.by, 21.by, gazetaby.com, zautra.by, charter97.org), правесці праверку іх незаконнага блакавання, высветліць асобаў, вінаватых у парушэнні заканадаўства, і прыцягнуць іх да вызначанай законам адказнасці.

    16 студзеня суд Кастрычніцкага раёна Магілёва вырашыў не прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасці ахоўніка крамы Дзмітрыя Прохарава, які назваў незалежную газету «Новы час» фашысцкім выданнем. У судовай пастанове гаворыцца, што адміністрацыйная справа супраць яго спыненая з‑за недаказанасці віны.

    Нагодай для судовай справы стаў інцыдэнт паміж ахоўнікам магілёўскай крамы «777», і распаўсюднікам газеты «Новы час» Віктарам Чаравухіным. Паводле міліцэйскага пратакола, Прохараў зняважыў распаўсюдніка выдання, назваўшы яго фашыстам. У судзе адказчык не прызнаў сябе вінаватым, заявіўшы, што не называў Чаравухіна фашыстам. Тым не менш, не хаваў, што само выданне лічыць «фашысцкім, нацысцкім і нацыяналістычным».

    19 студзеня суд Кастрычніцкага раёна Мінска аштрафаваў блогерку і піяршчыцу Алену Стогаву (Мельнікаву) на 3 млн 600 тыс. рублёў. Яе прызналі вінаватай у абразе прапаршчыка міліцыі — ён падаў у суд за яе пост у ЖЖ, у якім згадваліся словы “менты” і “ментаўская краіна”, «ненавіджу вас усёй душой». Галоўная прэтэнзія міліцыянера — там быў змешчаны яго фотаздымак, таму ён палічыў, што ўсё было выказана на яго адрас. Блогерка прызнала, што гэта яе допіс, але не прызнала віны. Паводле яе слоў, яна выказвала стаўленне да сітуацыі, а не да канкрэтнага міліцыянера.

    Скандал разгарэўся ў снежні 2014 г., ахоўнікі метрапалітэна не пусцілі Стогаву на платформу метро. Яны палічылі, што дзяўчына была ў нецвярозым стане. Стогаву гэты факт абурыў, і яна напісала пра гэта скандальны пост, дзе і выкарыстала згаданае раней словазлучэнне.

    Трэба адзначыць, што ў апошнія некалькі гадоў у Беларусі даволі часта прыцягвалі да адміністрацыйнай і нават крымінальнай адказнасці за дыфамацыю ў інтэрнэце. Як паказвае практыка, каралі ў асноўным тых, хто «зачапіў» прадстаўнікоў улады. А вось спробы грамадскіх актывістаў і журналістаў адстаяць свае гонар і годнасць звычайна заставаліся безвыніковымі.

    19 студзеня Мінскі гарадскі суд услед за судом Ленінскага райсуда адмовіўся разглядаць скаргу гродзенскага журналіста, сябра ГА “БАЖ” Віктара Парфёненкі на дзеянні Міністэрства замежных справаў. Гэтае ведамства сем разоў адмаўляла яму ў акрэдытацыі карэспандэнта замежнага СМІ.

    У сваёй скарзе ў суд журналіст праводзіў аналогію са справай Марыны Коктыш, якой у 2008 г. у акрэдытацыі адмовіў беларускі парламент. Пасля шэрагу судовых пасяджэнняў рацыю за журналісткай прызнаў Камітэт па правах чалавека ААН, які абавязаў Беларусь выправіць памылку. Але довады Парфёненкі не паўплывалі на рашэнне суда. Цяпер журналіст мае намер звярнуцца ў Вярхоўны суд Беларусі, а таксама ў згаданы вышэй КПЧ ААН.

    21 студзеня Магілёўскі аблсуд адхіліў касацыйную скаргу прадстаўнікоў незалежнай крычаўскай газеты «Вольны горад» на рашэнне суда Крычаўскага раёна, які аштрафаваў іх на 7 млн. рублёў на карысць галоўнага ідэолага раёна.

    Нагадаем, 8 снежня 2014 г. Крычаўскі райсуд пастанавіў, што артыкул «Не ў сваім крэсле?», апублікаваны ў «Вольным горадзе», нанёс урон гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі начальніка аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Марыны Максімавай. Галоўны рэдактар «Вольнага горада» Сяргей Няроўны па выніках суда сказаў, што будзе рыхтаваць наглядную скаргу.

    21 студзеня Ленінскі райсуд Магілёва адхіліў скаргу журналіста інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Уладзіміра Лапцэвіча на дзеянні службовых асобаў Магілёўскага аблсавета – старшыні Анатоля Ісачанкі і галоўнага спецыяліста Яўгена Нальгачава. Суддзя Лапаціна вырашыла, што журналіста не пусцілі на пасяджэнні Магілёўскага аблсавета законна.

    У судзе чыноўнік Яўген Нальгачаў сцвярджаў, што для прысутнасці на сесіі трэба падаваць адмысловую заяву дзеля ўключэння ў спісы запрошаных. На чыё імя – не патлумачыў. Журналіст у судзе спасылаўся на беларускае заканадаўства, якога дае права прысутнічаць на адкрытых сесіях органаў прадстаўнічай улады не толькі журналістам, але і простым грамадзянам. І для гэтага не патрабуюцца ніякія запрашэнні. У тым жа рэгламенце аблсавета сказана, што на яго сесіях маюць права прысутнічаць журналісты – прадстаўнікі СМІ.

    22 студзеня беларускія памежнікі каля 3 гадзін пратрымалі на мяжы карэспандэнтаў украінскага тэлеканала “1+1”, якія ехалі ў Гомельскі раён на памінальнае мерапрыемства — на гадавіну смерці актывіста кіеўскага Еўрамайдана беларуса Міхаіла Жызнеўскага. Пытанні ўзніклі да журналісткі “1+1” Валянціны Дабраты. Ёй нібыта забаронены ўезд у Расію, і таму беларускія памежнікі засумняваліся, ці можна журналістку ўпускаць у Беларусь. Між тым, В. Дабрата мела акрэдытацыю беларускага МЗС. Пасля працяглых разбіральніцтваў здымачнай групе нарэшце дазволілі ўехаць на тэрыторыю Беларусі.

    22 студзеня Брэсцкі абласны суд адхіліў касацыйныя скаргі брэсцкага сябра ГА “БАЖ” Алеся Ляўчука і незалежнай журналісткі з г. Бяроза Тамары Шчапёткінай.

    Абодвух суды першай інстанцыі прызналі вінаватымі ў “незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ”, а па сутнасці – у супрацы з замежнымі СМІ без акрэдытацыі. Нагадаем, 17 снежня Т. Шчапёткіну суд Бярозаўскага раёна паводле ч. 2 арт. 22.9 КаАП аштрафаваў на 30 базавых велічыняў. 24 снежня суд Ленінскага раёна Брэста пакараў Алеся Ляўчука штрафам ў памеры 40 базавых велічыняў па тым жа артыкуле. Нягледзечы на аргументы незалежных журналістаў пра тое, што яны не займаліся “вырабам і распаўсюдам прадукцыі СМІ”, Брэсцкі аблсуд пакінуў рашэнні судоў першай інстанцыі без змяненняў.

    22 студзеня Міністэрства інфармацыі паведаміла пра абмежаванне доступу да двух інфармацыйных рэсурсаў, якія “ўтрымліваюць вульгарную і табуяваную лексіку і здольныя нанеслі шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь”. Чыноўнікі адмовіліся паведаміць назвы сайтаў. Пазней у гэты дзень журналісты высветлілі, што гэта так званыя “смеццевыя” сайты з люстэркавымі даменнымі імёнамі yahooeu.by і yah.by. Яны зарэгістраваныя на фізічную асобу і не з’яўляюцца паўнавартаснымі інфармацыйнымі рэсурсамі.

    22 студзеня ў Мінску журналістам тэлеканала “Белсат” перашкодзілі здымаць акцыю ўшанавання памяці “Нябеснай сотні” Еўрамайдана, якую каля помніка Тарасу Шаўчэнку ладзілі грамадскія актывісты. Яшчэ да пачатку акцыі да тэлеаператара (імя вырашылі не агучваць) падышлі людзі ў цывільным. Яны заявілі, што, паколькі ў “Белсата” няма акрэдытацыі, то і аператару нічога здымаць нельга. Пасля гэтага яго адвялі пад рукі ад месца правядзення мерапрыемства.

    23 студзеня Вярхоўны суд Беларусі адхіліць заяву газеты “Народная воля” аб прызнанні несапраўдным папярэджання Мінінфарма. Нагадаем, папярэджанне было вынесенае 18 лістапада 2014 г. за артыкул “На цепь!” размешчаны ў аўтарскай калонцы Святланы Калінкінай у нумары ад 3 кастрычніка. У ім публіцысткі разважала пра магчымыя наступствы ратыфікацыі дамовы пра стварэнне Еўразійскага эканамічнага саюза. Чыноўнікі Мінінфарма ўбачылі ў аўтарскім меркаванні парушэнне канстытуцыйных правоў грамадзянаў і магчымае нанясенне шкоды інтарэсам Рэспублікі Беларусь.

    У часе судовага разгляду справы прадстаўнікі “Народнай Волі” звярталі ўвагу на тое, што распаўсюду непраўдзівай інфармацыі ў публікацыі не было, а толькі выказвалася меркаванне. Прадстаўнікі Мінінфарма – Юрый Бябешка, Вікторыя Мялешка і Юлія Кочына – пазіцыі не змянілі і прасілі адхіліць заяву выдання.

    Суддзя ВС Алена Кастрама, заслухаўшы бакі, пакінула папярэджанне недзяржаўнай газеце ў сіле.

    Рэдакцыя “Народнай волі” намерана абскардзіць рашэнне суда ў Калегію ВС у касацыйным парадку.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці