• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Дзе размаўляць беларусам? Вялікі агляд мэсэнджараў і іх бяспекі

    Расейцаў заганяюць у «Чабурнэт», таму некаторыя беларусы ўсталёўваюць для сувязі з роднымі ці калегамі ў Расеі расейскі мэсэнджар Max. Гэта кепская ідэя. А які мэсэнджар бяспечны для беларусаў і пры гэтым працуе ў Расеі?

    Жанчына са смартфонам. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Iam Hogir / Pex­els

    Прэм’ер-міністр Злучанага Каралеўства Кір Стармэр нядаўна прызнаўся, што кіраўнікі дзяржаваў камунікуюць пра важныя пытанні ў групах у What­sApp. А раней праз выпадковае запрашэнне журналіста ў чат сталася вядома, што амерыканскае кіраўніцтва дзеліцца планамі вайсковых аперацыяў у Sig­nal. 

    Беларусы могуць карыстацца і тым, і тым. Праўда, найбольш любяць Telegram – у Sig­nal і What­sApp няма каналаў з навінамі і мэмамі. 

    Telegram агулам дастаткова бяспечны як праграма, але праблема ў тым, што на яго звяртаюць асаблівую ўвагу сілавікі. Каб павялічыць бяспеку Telegram, беларускія «Кіберпартызаны» стварылі адмысловы «Партызанскі Telegram». Ды з’яўляюцца і вельмі падазроныя версіі Telegram, як то Tel­ega, якая дае распрацоўнікам чытаць перапіскі карыстальнікаў. Праз падазрэнні наконт бяспекі Tel­ega выдалілі з Apple App­Store, але праграма яшчэ даступная ў Google Play­Store.

    У Расеі ж блакуюць мноства праграмаў для сувязі – інтэрнэт там ператвараецца ў «Чабурнэт». А шмат каму з беларусаў трэба трымаць сувязь з людзьмі ў Расеі – сваякамі, сябрамі, супрацоўнікамі. Таму некаторыя ўсталёўваюць расейскі мэсэнджар Max, які збірае вельмі шмат звестак і можа перадаваць іх сілавікам у Расеі і тэарэтычна ў Беларусі. Магчыма, таксама праз падазрэнні наконт бяспекі Max знік з App­Store 3 чэрвеня.

    Бяспечных мэсэнджараў, дасяжных у Расеі без VPN, застаецца ўсё менш, але там увесь час шукаюць шляхі абыходу (некаторыя старажылы дасталі з пыльнай шуфлядкі Jab­ber, а некаторыя пайшлі аж у кітайскі WeChat), нават з «архіворагам» Telegram абыходзяць блакаванні.

    А куды ісці? Самыя бяспечныя мэсэнджары далёка не самыя папулярныя, самыя папулярныя адносна бяспечныя – заблакаваныя ў Расеі, вядомыя незаблакаваныя ў Расеі – небяспечныя… Разбіраемся па парадку.

    7 способов, которыми российский мессенджер Max следит за пользователями

    Самыя вядомыя

    Google Mes­sages. Для шмат каго можа быць неспадзяванкаю, што кампанія Google мае такі мэсэнджар. На шмат якіх смартфонах гэта стандартная праграма для SMS і MMS. Яна ўмее працаваць з шыфраванымі паведамленнямі паводле пратаколу RCS. Праўда, беларускія мабільныя аператары не паведамлялі, што ўключалі падтрыманне RCS, а без іх удзелу праграма будзе адсылаць толькі «небяспечныя» SMS. 

    Google Meet – звязаная з Google Mes­sages праграма, якая дае рабіць аўдыя- і відэазванкі праз інтэрнэт. Яны зашыфраваныя, але ўключыць найбольш надзейнае канцавое шыфраванне (end-to-end encryp­tion – калі толькі адпраўнік і атрымальнік маюць расшыфраваныя паведамленні) можна адно ўручную, толькі на персанальных акаўнтах і толькі ў аўдыя- і відэазванках «адзін на адзін». У Расеі Google Meet на момант публікацыі збольшага працуе, хоць бываюць збоі.

    Insta­gram і звязаны з ім Threads не прапануюць канцавога шыфравання перапіскі. І яны належаць Face­book, які трапляў у розныя скандалы, звязаныя з прыватнасцю і асабовымі звесткамі. Гэта не значыць, што ўсе перапіскі могуць чытаць беларускія ці амерыканскія сілавікі, але для самых сакрэтных размоваў лепш не выкарыстоўваць гэтыя сацсеткі. Фармальна Insta­gram (і іншыя праграмы, пазначаныя ў табліцы жоўтым у адпаведным слупку) не просіць нумару тэлефона, але настойліва прапануе дадаць яго і можа запатрабаваць яго пры падазрэннях на спам.

    Telegram прапануе канцавое шыфраванне перапіскі толькі ў «Сакрэтных чатах», але аўдыя- і відэазванкі маюць такое шыфраванне. «Партызанскі Telegram» дае шматлікія дадатковыя налады бяспекі супраць сілавікоў. Хоць ён наўрад ці настолькі ж папулярны, як «звычайны» Telegram, ён можа прымаць паведамленні са «звычайнага» Telegram і адпраўляць паведамленні ў яго.

    Tik­Tokсамая папулярная сацыяльная платформа ў Беларусі. Яна не шыфруе перапіску. Tik­Tok створаны ў Кітаі, які «славіцца» цэнзураю і сачэннем за карыстальнікамі. Лепш не абмяркоўваць там тое, што не трэба чытаць сілавікам.

    Viber агулам адносна бяспечны, бальшыня чатаў мае канцавое шыфраванне (праверыць кожны чат можна так). Але праграма мае беларуска-ізраільскія карані, таму нельга выключаць, што сілавікі могуць ціснуць на кагосьці з распрацоўнікаў праз іхных родных у Беларусі. Калі ёсць такія размовы, якія дакладна нельга паказваць сілавікам, ніжэй будуць прыклады праграмаў, арыентаваных на максімальную бяспеку.

    VK і «Аднакласнікі» – фактычна падкантрольныя Крамлю. Лепш не абмяркоўваць у іх тое, што не спадабаецца сілавікам у Расеі і Беларусі.

    Zoom – папулярная праграма для відэазванкоў. У ёй тэхнічна магчыма ўключыць канцавое шыфраванне, але па змаўчанні яно выключанае. Як ні дзіва, на момант публікацыі Zoom працуе ў Расеі, хіба не працуе купля платных функцыяў. Праўда, Zoom не працуе як мэсэнджар. Але на бяспечную камунікацыю ў ім можна дамовіцца, напрыклад, праз электронную пошту.

    Папулярныя праграмы для размоваў. Выява: Белсат

    Менш папулярныя

    Dis­cord – платформа, папулярная сярод аматараў відэагульняў, але ніхто не забараняе стварыць у ёй, напрыклад, сямейны сервер. Перапіска там не мае канцавога шыфравання, але аўдыя- і відэазванкі – маюць. 

    Face­book – далёка не самая папулярная сацсетка ў Беларусі. Але Face­book Mes­sen­ger – даволі бяспечны і мае канцавое шыфраванне перапіскі, аўдыя- і відэазванкоў. Аднак Face­book трапляў у розныя скандалы, звязаныя з прыватнасцю і асабовымі звесткамі. Самага рызыкоўнага яму ўсё адно лепш не давяраць. Да таго ж, у Insta­gram раптоўна адключылі канцавое шыфраванне, а пра гэта ведае не кожны. Гэтак жа могуць калі-небудзь адключыць канцавое шыфраванне на Face­book.

    iMes­sage – сэрвіс Apple, які замяняе SMS на iPhone. Між карыстальнікамі iMes­sage («сінія кружочкі») працуе канцавое шыфраванне. З карыстальнікамі Android («зялёныя кружочкі») перапіска ідзе праз незашыфраваныя SMS ці MMS. Шыфраваныя RCS-паведамленні з Android-карыстальнікамі на момант публікацыі толькі пачынаюць уключаць у бэта-версіі. Face­Time – сэрвіс Apple для відэазванкоў з канцавым шыфраваннем. Што дзіўна, на момант публікацыі iMes­sage працуе ў Расеі, хоць Face­Time заблакаваны.

    Max – расейскі мэсэнджар, створаны нібы найперш для сачэння. Лепш не карыстацца ім. Калі няма выбару (суразмоўца ў Расеі не можа ўсталяваць нічога іншага), лепш усталяваць Max на асобную прыладу – напрыклад, стары непатрэбны тэлефон, на якім не будзе ніякіх іншых праграмаў і звестак. І не казаць нічога такога, што зацікавіць расейскіх ці беларускіх сілавікоў.

    Sig­nal – амаль ідэальны мэсэнджар у плане бяспекі. Але ёсць некалькі мінусаў. Ён не настолькі папулярны, як Telegram, а яго наяўнасць можа выклікаць пытанні ў сілавікоў пры «правяранні тэлефона». Ён абавязкова патрабуе нумар тэлефона для рэгістрацыі (а беларускія аператары пачалі блакаваць рэгістрацыю ў ім). І ён збірае на сваім серверы звесткі пра кантакты карыстальніка.

    Slack – папулярная праграма для працоўнай камунікацыі. Але яна не самая бяспечная для карыстальнікаў: паведамленні можа чытаць адміністратар, а аўдыя- і відэаразмовы не маюць канцавога шыфравання.

    Snapchat – праграма, якой шмат хто давярае інтымную камунікацыю. Магчыма, здарма: праграма не створаная для максімальнай бяспекі камунікацыі, не мае канцавога шыфравання для перапіскі – толькі для абмену фота і відэа «сам-насам».

    Teams ад Microsoft – яшчэ адна праграма для працоўнай камунікацыі. Перапіску ў ёй можа чытаць адміністратар. Але адміністратар можа ўключыць канцавое шыфраванне пэўных аўдыя- і відэазванкоў.

    What­sApp – праграма, якая прапануе канцавое шыфраванне перапіскі, аўдыя- і відэазванкоў. Яна выглядае даволі бяспечнай, але ўсё ж належыць Face­book, які трапляў у скандалы з прыватнасцю і асабовымі звесткамі. І яна мае закрыты зыходны код.

    X – сацсетка, якая на момант публікацыі запускае асобную праграму для камунікацыі X Chat. Бяспека перапіскі ў ім выклікае пэўныя пытанні. Дый уласнік X трапіў у скандал з вялікім крадзяжом асабовых звестак амерыканцаў.

    Менш папулярныя праграмы для размоваў. Выява: Белсат

    Малавядомыя

    Варта згадаць яшчэ дзве катэгорыі малавядомых праграмаў для камунікацыі.

    Першая – тое, што расейцы выкарыстоўваюць для адносна бяспечнай камунікацыі ў абыход блакаванняў. Гэта, напрыклад, BIP турэцкага паходжання (распрацоўнік – даччыная кампанія Turk­cell у Нідэрландах), карэйскі KakaoTalk ці падзабыты imo – не самыя-самыя бяспечныя праграмы, але такія, што прапануюць канцавое шыфраванне перапіскі. Некаторыя ідуць нават у кітайскі WeChat, які актыўна сочыць за карыстальнікамі – маўляў, хаця б сочаць не расейцы, а кітайцы!

    Другая – праграмы, арыентаваныя на максімальную бяспеку, якімі, на жаль, мала хто карыстаецца. Гэта, напрыклад, Ele­ment (які працуе нават у Расеі), Ses­sion, Sim­pleX, Three­ma ці Wire. Поўная бяспека – гэта добра, але трэба, каб абодва бакі камунікацыі карысталіся адной праграмаю. І маглі ў выпадку чаго растлумачыць сілавікам, навошта ім такі «экзатычны» мэсэнджар. 

    Малавядомыя праграмы для размоваў. Выява: Белсат

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.