Набор у Школу маладога пісьменніка (дэдлайн — 5 лістапада)
Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў абвясціў новы набор у Школу маладога пісьменніка. Сёлета ў Школе выкладаюць Ульяна Верына, Віктар Жыбуль, Марына Казлоўская і Андрэй Хадановіч — літаратары, педагогі, даследчыкі і навукоўцы са шматгадовым вопытам творчай працы. Пажаданы ўзрост удзельнікаў і ўдзельніц — да 35 гадоў.

Школа працуе з 2012 году як нефармальны адукацыйны праект для маладых літаратараў. На практычных занятках з пастаяннымі выкладчыкамі, лекцыях і майстар-класах запрошаных навукоўцаў і аўтараў маладыя людзі вучацца аналізаваць творы папярэднікаў, пісаць свае тэксты, а таксама слухаць сябе ды абмяркоўваць творы сваіх аднагрупнікаў.
Навучанне ў ШМП будзе адбывацца з лістапада 2026 да пачатку чэрвеня 2027 году. Як правіла, заняткі праходзяць чатыры разы на месяц, па суботах. Навучанне — бясплатнае, дыстанцыйнае (online-сустрэчы).
Правілы афармлення заяўкі ў Школу
Заяўка павіннa ўключаць:
1) уласны мастацкі твор любога жанру (паэзія, проза, эсэ, пераклад, драматургія), альбо фрагмент твора, на беларускай альбо рускай мове аб’ёмам 3—10 старонак;
2) матывацыйны ліст з адказам на пытанне: “Чаму я хачу паступіць у Школу маладога пісьменніка?”;
3) спіс з 5—10 кніг, якія паўплывалі на вас як на творцу.
Узоры твораў, матывацыйны ліст і спіс кніг дасылайце на паштовую скрыню bellit.info@gmail.com разам (у адным файле) у фармаце .docx(.doc). Тэма электроннага ліста: Школа 2026—2027
На першай старонцы файла абавязкова пазначце сваё імя і прозвішча, дату нараджэння, і найлепшы спосаб хуткай сувязі. Файл назавіце наступным чынам —“вашае прозвішча, ніжняе падкрэсліванне, вашае імя”, напрыклад: Kupala_Janka.docx
Заяўкі не рэцэнзуюцца. Асабістыя дадзеныя ахвочых паступіць (а таксама і прынятых на курс) з’яўляюцца непублічнай інфармацыяй. Прыём у Школу паводле конкурсу і абмеркавання журы, колькасць месцаў абмежаваная, адбор прэтэндэнтаў адбываецца паводле супольнай ацэнкі сябрамі журы кожнай індывідуальнай заяўкі. Пра вынікі прыёмнай кампаніі будзе паведамлена ў паштовай рассылцы на электронныя адрасы, пададзеныя ў заяўках.
Дэдлайн дасылкі заявак — 5 лістапада 2026 году. Залічаныя на курс Школы атрымаюць лісты з падцверджаннем на e‑mail.
@bajmedia