Расследаванне дэзінфармацыі на YouTube: Вэбінар GIJN (12 чэрвеня)
Глабальная сетка журналістаў-расследавальнікаў (GIJN) запрашае на практычны анлайн-занятак па даследаванні алгарытмаў YouTube.
Досведам, метадамі, інструментамі і некаторымі лайфхакамі для расследаванняў прапаганды і дэзінфармацыі на YouTube падзелиіцца ўкраінская дата-журналістка Юлія Дукач, суаўтарка дата-праекта «Спіраль залежнасці: Як алгарытмы YouTube прасоўваюць канспіралогію і прапаганду».
На працягу 75-хвіліннай практычнай сесіі ўдзельнікі разам з трэнерам
- будуць даследаваць розныя тэмы, гіпотэзы і пытанні, якія могуць стаць адпраўной кропкай для аналізу кантэнту на YouTube;
- будуць вучыцца аналізаваць загалоўкі, выяўляць распаўсюджвальнікаў прапаганды і вывучаць рэкамендацыі, алгарытмы і стратэгіі мадэрацыі платформы;
- разгледзяць розныя падыходы да збору дадзеных з платформы з выкарыстаннем практычных прылад, у прыватнасці, пашырэнні для Chrome, скрэйпераў, API YouTube і бібліятэкі yt-dlp. ChatGPT дапаможа лёгка стварыць код, зрабіўшы гэтыя метады даступнымі нават для тых, хто не мае глыбокіх ведаў праграмавання.
Мова вэбінара — украінская, з перакладам на рускую.
Калі: серада, 12 чэрвеня 2024 года, 11.30 па Мінску.
Трэнерка Юлія Дукач — кандыдатка навук, дата-журналістка-расследавальніца, кіраўніца праекта Texty.org.ua па развянчванню дэзінфармацыі, які заваяваў міжнародную ўзнагароду за журналістыку дадзеных Sigma Awards-2020 у намінацыі «Лепшая інтэрактыўная старонка навін».