• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Сотні тысяч чытачоў газеты кожны тыдзень. Як? Майстар-клас ад «КП в Белоруссии»

    Адзінае штодзённае друкаванае незалежнае выданне ў Беларусі — газета  «Комсомольская правда в Белоруссии». Газета выходзіць 5 разоў на тыдзень: 4 разы 16–24 паласы накладам 30–35 тыс асобнікаў, і "таўстушка" ад 32 да 48 старонак накладам у 206–210 тысяч асобнікаў.

    «Кожную газету — чытае 3-4 чалавекі. Гэта значыць, што «талстушка» трапляе ў рукі прыкладна да 750 тысяч чытачоў», — кажа галоўны рэдактар «Комсомольской правды в Белоруссии» Андрэй Ляўкоўскі.

    Рэдактары выдання Вольга Анцыповіч, Іна Брызінская і Андрэй Ляўкоўскі правялі адкрытую лятучку ў Прэс клубе Беларусь.

       Экс-редактар "КП в Белоруссии» Юлія Слуцкая, рэдактар Вольга Анцыповіч,  галоўны рэдактар "КП в Белоруссии» Андрэй Ляўкоўскі, рэдактар Іна Брызінская

    Рэцэпт паспяховага друкаванага медыя ад «камсамолкі»:

    1. Збіраем рэдакцыю

    Гэта каля 30 журналістаў плюс асобныя аддзелы вёрсткі, карэктуры, рэкламы і маркетынгу.

    «Адна рэдакцыя робіць і газету, і «талстушку», і тэксты для сайта. Журналісты часта дапамагаюць пісаць і рэкламныя тэксты, — дзеляцца рэдактары. — Цяжкавата, бо рытм працы газеты і сайта розныя». 

    2. Наладжваем рытм працы

    Рэдакцыя працуе як гадзіннік. Дзень пачынаецца з планёркі ў 9.30, якую вядзе «свежая галава» — супрацоўнік, які набывае газету і робіць агляд іншых выданняў. Нумар падпісваецца ў друк у 18.00–18.30.

    3. Арганізоўваем дастаўку

    Ноччу газета друкуецца і дастаўляецца да чытача. Як? «Саюздрук і Белпошта маюць сваю сістэму дастаўкі. Сеткі гіпермаркетаў размяркоўваюць частку наклада па сваіх крамах. Частку наклада развозіць сама рэдакцыя, плюс ёсць партнёры, якія бяруць газету для рэалізацыі», — кажа галоўны рэдактар Андрэй Ляўкоўскі.

    4. Маркетынг

    Па-ранейшаму, асноўны прыбытак прыносіць папяровая версія (не сайт) — праз продажы і рэкламу. Па словах рэдактара  Іны Брызінскай, імпульснае набыццё газеты, асабліва ў гіпермаркетах і шапіках Белсаюздруку, дзе бачныя першыя палосы газетаў, вельмі залежаць ад таго, хто — на першай паласе.

    Людзей заўсёды кранаюць трагедыі, тэмы дзяцей, сям’і, разводаў.

     

    Як пацверджанне гэтаму — лепш за ўсе за мінулы год радаўся нумар з Аляксанрам Ціхановічам на вокладцы.

    Горш прадаюцца вокладкі, дзе няма пазнавальнага твару (напрыклад, змешчана фота некалькіх чалавек), а таксама нумары з беларускімі героямі на першай паласе. «Напрыклад вокладка з Алесем Мухіным была адной з правальных па продажам», — кажа Іна Брызінская. Рэдакцыя вядзе статыстыку па кожнай вокладцы і пастаянна параўноўвае дадзеныя.

     

    Сайт

    Па словах Андрэя Ляўкоўскага, цяпер сайт працуе «у нуль».

    «Але гэта ня кепска, — кажа Андрэй. — Гэта значыць, што сайт акупляе сябе».

    Сайт kp.by мае 1,5 млн унікальных карыстальнікаў штомесяц. Старонкі на сайце праглядаюць 8–8,5 млн разоў у месяц. 

    «Самы важны паказчык для нас — гэта доля мясцовага трафіка, — кажа Вольга Анцыповіч рэдактар сайта kp.by. — Мы маем каля 8 0% беларускіх наведвальнікаў, і гэта вельмі добрая лічба. Гэта цэняць рэкламадаўцы. Сярэдні ўзрост наведвальнікаў 25–34 гады».

    Вольга падзялілася самымі папулярнымі загалоўкамі на сайце за апошнія тры месяцы. Напрыклад, за лістапад 2017 года — люты 2018 года самай чытанай на сайце kp.by была навіна пра Ядвігу Паплаўскую, якую збіла машына.

    А які самы папулярны каментар? Ну канешне ж «кто эти люди?».

    «Для нас гэта загадка. Чалавек заходзіць на сайт, чытае артыкул да канца, і піша камент «хто гэта такія?», «іх ніхто не ведае», — кажа Вольга Анцыповіч. 

     

    Рэдакцыйная палітыка

    Артыкулы з папяровай газеты, у адпаведнай рэдакцыі, выстаўляюцца на сайце. Але ёсць выпадкі, калі наадварот — топавыя тэксты з сайта трапляюць у газету.

    «Калі Улад Бумага «рве» інтэрнэт, мы разумеем, што пра гэта трэба напісаць у газету. Хутчэй за ўсе гэта будзе такое «не хвалюйцеся» для бацькоў», — кажа Вольга Анцыповіч.

    «Мы па ранейшаму атрымліваем папяровыя лісты. Чытачы тэлефануюць у рэдакцыю. Мы слухаем, што нам расказваюць «пра дармаедства», «пра Пугачову» і г.д. Такія размовы — адзін са сродкаў аб’ектыўна ацаніць цікаўнасць аўдыторыі. Часам хочацца напісаць пра тое, што цікава менавіта табе, але гэтага рабіць не трэба», — кажа рэдактар.

    Сярод чытачоў папяровай газеты «Комсомольская правда в Белоруссии» — 40 % мужчын, 60 % жанчын, 79 % жыхары гарадоў.  Большасць чытачоў узроставай катэгорыі 18–49 год, чытачоў за 60 год — каля 25 %. 

     

    Што яшчэ выкарыстоўвае рэдакцыя, каб прыцягнуць увагу аўдыторыі і павялічыць продажы?

    •    «Жывая газета» — фотаздымкі і выявы на першай паласе  друкаванай газеты сінхранізуюцца з мабільным дадаткам і ажываюць.

    •    «Зялёныя нумары» — штогод у лютым «Комсомольская правда в Белоруссии» робіць нумар для дачнікаў з пакуначкам насення. «Проста неверагодны водгук! Прыходзіць каля 1 200 смс на конкурс. Хоць гэтыя смс і платныя», — расказвае пра папулярнасць «зялёных нумароў» Андрэй Ляўкоўскі.

    •    Газета, якая становіцца аб’емнай з 3D акулярамі. 

     

    Назва

    Хоць газета заўсёды на піку падзей, у яе назве ўсе словы — атавізмы. Ну, можа, акрамя слова «праўда».

    «Ёсць указ прэзідэнта №172 ад 7 красавіка 2000 года «Аб выкарыстанні назвы «Рэспубліка Беларусь» юрыдычнымі асобамі», які забараняе ў назве газеты выкарыстоўваць афіцыйную назву краіны «Беларусь», — тлумачыць Андрэй Ляўкоўскі.

    «Комсомольская праўда» — вялікі выдавецкі дом, які мае 50 прадстаўніцтваў у розных краінах свету і прадукуе 11 млн адзінак друкаваных выданняў штомесяц! Таму назва «Комсомольская правда» і «Белоруссия» застаюцца.

    ЗАТ «БелКП-ПРЕСС», якому належыць «Комсомольская правда в Белоруссии», таксама выдае бясплатную газету «Ва-Банкъ», кніжныя серыі, напрыклад «Вялікія мастакі» і інш.

     

    Стасункі з маскоўская рэдакцыяй

    Па словах гасцей, маскоўская рэдакцыя не ўплывае на кантэнт беларускага выдання.

    «Маскоўскія» тэксты і «палосы» мы ставім, але гэта агульначалавечыя гісторыі. Мы — беларускае выданне. Усю газету мы фармуем самастойна. У нас няма абавязковай расійская часткі. Стараемся рабіць сваё, — тлумачыць Андрэй Ляўкоўскі, і падкрэслівае, што «КП в Белоруссии» — дзвюхмоўная газета.

    Але, нажаль, пакуль тэксты на беларускай мове не вельмі добра чытаюцца і прадаюцца.

    Таксама маскоўская рэдакцыя не ўплывае на інфармацыю на сайце kp.by, але бываюць узаемапранікненні, тады з беларускага дамена можна пабачыць навіны расійскай рэдакцыі.

     

    Колькі зарабляюць журналісты?

    «Плацім заробкі і прэміі» — кажа Андрэй Ляўкоўскі.

    У журналістаў ёсць аклад і ганарары. Артыкул для сайта, калі ён ужо быў у газеце, ацэньваецца трохі ніжэй. Калі журналіст пісаў толькі для для сайта — ганарар будзе вышэй.

    Агульна рэдактары паведамілі, што заробкі ў газеце «трохі вышэй» за сярэднія па краіне.

     

    Суды: «судзімся мы, судзяцца з намі»

    Суды — адзін са штодзённых клопатаў рэдакцыі. У газеце працуюць юрысты.

    «Бываюць суды з‑за крадзяжу кантэнту.  Гэтага мы не прабачаем», — кажа Вольга Анцыповіч.

    Але таксама і на газету падаць у суд. Адзін з самых буйных судовых спагнанняў з «КП в Белоруссии» —  гэта кампенсацыя ў 30 тысяч долараў старшыні мытнага камітэта Аляксандру Шпілеўскаму. Ягоны фотаздымак пераблыталі і змясцілі пад навіной пра Мікалая Шіпеўскага — менеджара футбаліста Аляксандра Глеба. «Суд цягнуўся доўга, але ў выніку мы сплацілі кампенсацыю», — сказаў Андрэй Ляўкоўскі.

    «Калі мы памыляемся, то гатовыя прызнаць віну і паспрабаваць дамовіцца. Мы выбачаемся за свае памылкі ў спецыяльнай рубрыцы. Самыя складаныя матэрыялы — гэта крымінал. Напісаць так, каб асвяціць падзею і не нарабіць  недакладнасцяў — цяжкая задача», — кажа Іна Брызінская.  

    Агульна рэдактары адзначылі што ў газеце вельмі добрая атмасфера і працаваць у калектыве камфортна. Як падцверджанне гэтаму — той факт, што большасць новых журналістаў «КП в Белоруссии». Гэта — студэнты, якія размеркаваліся ў рэдакцыю і захацелі там застацца.     

    Адкрытая лекцыя Барбары МакКормак — віцэ-прэзідэнта Музея журналістыкі і навін, Вашынгтон (13 лютага, БАЖ)

     

    Прэзідэнт Альянсу незалежных рэгіянальных выдаўцоў Расіі: Платным інтэрнэт-кантэнтам могуць стаць толькі ўнікальныя гісторыі

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.