• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У Telegram і Viber ёсць функцыя, якая можа стаць праблемай падчас праверак тэлефона. Расказваем, як яе адключыць

    У Telegram і Viber ёсць функцыя, якая дазваляе аўтаматычна захоўваць прагледжаныя фота і відэа ў галерэі тэлефона. Падчас праверак тэхнікі (напрыклад, на мяжы) гэтая асаблівасць мэсэнджараў можа выклікаць праблемы, бо на дэвайсе могуць застацца медыяфайлы з забароненых у Беларусі каналаў і чатаў. Расказваем, як адключыць функцыю.

    Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: pexels.com

    Як працуе функцыя аўтазахавання фота і відэа

    Калі яна ўключаная, кожны раз, калі вы адкрываеце стужку канала, групы або атрымліваеце фота і відэа ў асабістых паведамленнях, медыяфайлы не проста падгружаюцца ў самым мэсэнджары, але і захоўваюцца ў галерэі на вашым смартфоне. Частка з іх (зноў жа — у залежнасці ад наладак мэсэнджара) можа захоўвацца на тэлефоне пэўны час, а потым выдаляцца.

    Аўтазахаванне кепскае з дзвюх прычын. Па-першае, яно забівае памяць прылады, праз што часта сам мэсэнджар (асабліва гэта датычыць Telegram) пачынае горш працаваць: абнаўленні чатаў і каналаў запавольваюцца, вашыя паведамленні адпраўляюцца з затрымкай і інш. Пры гэтым захоўванне фота і відэа на тэлефоне не мае вялікага сэнсу, бо медыяфайлы пастаянна захоўваюцца на хмарных серверах самога мэсэнджара.

    Па-другое, аўтазахаванне можа стаць пагрозай для бяспекі ўладальніка тэлефона. У Беларусі сілавікі правяраюць дэвайсы падчас перасячэння мяжы ці на допытах (напрыклад, падчас выкліку на гутарку ў КДБ па справах пра данаты, якія ўжо закранулі тысячы людзей). У такой сітуацыі чалавек мог, скажам, пачысціць сацсеткі, чаты і групы, але не заўважыць фота на палітычныя тэмы, якія Telegram аўтаматычна загружаў у адпаведную папку.

    Як адключыць

    Спачатку трэба выдаліць ўжо загружаныя файлы. У Telegram заходзім у «Налады» — «Дадзеныя і памяць» — «Выкарыстанне памяці». Там націскаем «Вычысціць кэш». Потым заходзім у папку пад назвай Telegram у галерэі вашага тэлефона — і правяраем, што там засталося.

    Раздзел «Выкарыстанне памяці» у наладах Telegram. Фота: «Люстэрка»

    У Viber заходзім у «Налады» — «Памяць». Націскаем «Вычысціць кэш». Потым заходзім у папку пад назвай Viber у галерэі вашага тэлефона — і правяраем, што там засталося.

    Раздзел «Памяць» у наладах Viber. Фота: «Люстэрка»

    Цяпер адключаем аўтазахаванне файлаў у наладах мэсэнджараў.

    У Telegram заходзім у «Налады» — «Дадзеныя і памяць». Адключаем ўсе бегункі ў раздзеле «Захоўваць у галерэі» (як на скрыншоце).

    Налады аўтазахавання файлаў у галерэю з Telegram. Фота: «Люстэрка»

    Можна адключыць бегункі і ў раздзеле «Аўтазагрузка медыя». Медыяфайлы не будуць загружацца аўтаматычна — для адкрыцця на іх трэба будзе клікаць. Так вы зэканоміце, напрыклад, трафік мабільнага інтэрнэту, а кэш мэсэнджара будзе запаўняцца не так імкліва, дзякуючы чаму праграма будзе працаваць хутчэй.

    У Viber заходзім у «Налады» — «Медыя». І адключаем функцыю «Захоўваць у галерэю». Калі трэба, адключаем і аўтазагрузку: «Аўтазагрузка фота/відэа ў мабільных сетках» і «Аўтазагрузка фота/відэа праз Wi-Fi».

    Раздзел «Медыя» ў наладах Viber. Фота: «Люстэрка»

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці