• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Гайд па малавядомых магчымасцях ChatGPT, Gemini і Claude

    Большасць людзей карыстаецца Chat­G­PT, Gem­i­ni і Claude як звычайным пошукавіком: пытанне, адказ, закрылі акно. Але ў кожным з гэтых трох сэрвісаў ужо даўно ёсць функцыі, якія эканомяць гадзіны працы, але пра якія многія не ведаюць. Аўтар канала пра выкарыстанне штучнага інтэлекта для працы і паўсядзённых спраў «AI на практыцы» распавядае пра такія функцыі.

    Гайд па малавядомых магчымасцях ChatGPT, Gemini і Claude

    Уявіце: рэдакцыя рыхтуе матэрыял пра гісторыю мястэчка, куратар выставы шукае архіўныя крыніцы, валанцёр перакладае дакументы для гранта. Усе трое, хутчэй за ўсё, адкрываюць звычайнае акно чата і пішуць пытанне нанова кожны раз. А маглі б наладзіць сэрвіс адзін раз і больш не тлумачыць яму кантэкст сваёй працы. Але гэта толькі адзін з прыкладаў, пойдзем паступова.

    ChatGPT

    Cus­tom Instruc­tions. Два тэкставыя палі: у першым апісваеце сябе і кантэкст працы, у другім задаеце, якімі павінны быць адказы. Гэта месца, куды можна аднойчы ўпісаць місію, аўдыторыю, тон ці нешта іншае адпаведнае вашай працы, і не тлумачыць гэта пры кожным новым запыце. 

    Дзе шукаць: Set­tings → Per­son­al­iza­tion → Cus­tom instruc­tions.

    Mem­o­ry. Chat­G­PT сам запамінае дэталі з размоваў у вашых чатах. Выдаляйце лішняе, дадавайце важнае ўручную.

    Дзе шукаць: Set­tings → Per­son­al­iza­tion → Mem­o­ry.

    Projects. Асобныя рабочыя прасторы пад кожны напрамак, з інструкцыямі і загружанымі дакументамі: адзін праект для стварэння кантэнту, другі для побытавых ці асабістых спраў, трэці для маніторынгу навін.

    Sched­uled Tasks (толькі на платных тарыфах). Нядаўна Ope­nAI перазапусціла гэтую функцыю: у бакавым меню з’явілася асобная старонка Sched­uled, дзе можна ставіць заданні на пэўны час ці перыяд: штотыднёвы дайджэст навін, напамін пра важныя справы, пошук зніжак і г. д.

    Think­ing. Рэгулятар глыбіні аналізу: для простых пытанняў мінімум, для складаных дакументаў ці задач максімум.

    Дзе шукаць: пры выбары мадэлі → Think­ing. (Калі не атрымаецца знайсці, можна проста прапісаць «/Thinking» і з’явіцца адпаведная опцыя.)

    Ад транскрыбацыйнага пекла да ўласных агентаў: як журналістам падпарадкаваць штучны інтэлект

    Gemini

    Deep Research. Рэжым, у якім Gem­i­ni сам складае план даследавання, абыходзіць дзясяткі крыніц і збірае структураваны даклад. Карысна для вывучэння шматграннай тэмы, самаадукацыі або, напрыклад, напярэдадні падарожжа.

    Дзе шукаць: выбар рэжыму ў полі чата перад адпраўкай запыту.

    Gems. Персанальныя AI-асістэнты пад канкрэтныя задачы. Ствараеце свайго «памочніка» з інструкцыяй: роля, кантэкст, фармат адказаў. Ёсць і гатовыя Gems (Brain­stormer, Learn­ing coach, Writ­ing edi­tor), варта праверыць іх перш, чым рабіць свае.

    Дзе шукаць: бакавое меню → Gems.

    Can­vas. Рабочая прастора ўнутры Gem­i­ni для стварэння і рэдагавання кантэнту: адкрывае поўнавартасны рэдактар з фарматаваннем і дазваляе рабіць інтэрактыўныя матэрыялы: віктарыны, інфаграфіку і інш. Зручна ўзяць вынік Deep Research і адразу ператварыць яго ў кароткую візуальную справаздачу.

    Note­book + Gem­i­ni. Звязка, якую мала хто выкарыстоўвае на поўніцу. Gem­i­ni Note­book (раней Note­bookLM) захоўвае вашу базу ведаў (матэрыялы, дакументы, лінкі на артыкулы і г. д.), а Gem­i­ni выкарыстоўвае яе як кантэкст і дадае актуальныя дадзеныя з сеціва. Атрымліваецца персанальны аналітык: ваша база ведаў плюс свежыя знешнія дадзеныя, адфільтраваныя пад задачу.

    Gem­i­ni у Docs, Sheets, Gmail (толькі на платных тарыфах). Адкрываецца як бакавая панэль проста ў дакуменце (значок зорачкі ў правым верхнім куце). Gem­i­ni бачыць яго змест, можа рэдагаваць, рэзюмаваць, перакладаць без пераключэння паміж укладкамі.

    Як прыручыць нейрасеткі ў 2026 годзе: гід па сэрвісах і тэрмінах для журналістаў

    Claude

    Arti­facts. Усё, што Claude стварае: дакументы, табліцы, інтэрактыўныя інструменты, дашборды, якія адкрываюцца ў асобнай панэлі і рэдагуюцца праз дыялог. Спасылкай можна падзяліцца, і атрымальніку не патрэбны акаўнт. Гэта, дарэчы, добры спосаб зрабіць інтэрактыўны міні-даведнік ці эксплэйнер для сяброў ці калег.

    Mem­o­ry. Claude сам запамінае дэталі з размоў, або можна проста напісаць у чаце «запомні, што я аддаю перавагу кароткім адказам».

    Дзе шукаць: Set­tings → Capa­bil­i­ties → Mem­o­ry.

    Projects. Рабочыя прасторы з пастаянным кантэкстам, аналагічна таму, што апісвалася ў Chat­G­PT.

    Extend­ed Think­ing. (А таксама Effort.) Рэжым глыбокага аналізу перад адказам, карысны для складаных сфер і задач.

    Дзе шукаць: побач з выбарам мадэлі, пераключальнік Think­ing.

    І напрыканцы некалькі дадатковых каментароў

    Інтэрфейс можа адрознівацца як ад прылады да прылады (напрыклад на смартфоне, ноўтбуку і браўзэры), так і ў залежнасці ад акаўнта. Так, маю некалькі акаўнтаў, ды не ў кожным з іх у Gem­i­ni бачны, напрыклад, Deep Research ці Think­ing у Chat­G­PT.

    Акрамя таго, нават гэтыя тры прылады (не кажучы ўжо агулам пра АІ-інструменты) вельмі дынамічна мяняюцца, адны опцыі знікаюць, другія мяняюцца, трэція з’яўляюцца. Каб не заблытацца і не згубіць важныя змены, прасцей сачыць за профільнымі каналамі, у тым ліку, «AI на практыцы».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.