Юрыстка «Вясны»: Руцінныя практыкі ў беларускіх турмах часта становяцца формай катаванняў
Інкамунікада, холад, бясконцыя праверкі, адмова ў медыцынскай дапамозе, пагрозы сваякам і «пакаяльныя» відэа — усё гэта ў Беларусі часта не ўспрымаецца як катаванне. Але міжнароднае права і практыка дэмакратычных краін сведчаць пра іншае.
Юрыстка «Вясны» Святлана Галаўнёва распавядае, чаму руцінныя практыкі беларускай пенітэнцыярнай сістэмы і некаторыя рэпрэсіі могуць быць формай катаванняў — нават без фізічнага гвалту.

Калі гаворка заходзіць пра катаванні, уяўленне часта малюе крайнія формы жорсткасці: збіццё, электрашокеры, галечу, голад ці холад. Але ў беларускіх турмах катаванне нярэдка выглядае як руціна. Як штодзённасць, у якой чалавека павольна пазбаўляюць годнасці, бяспекі і адчування кантролю над уласным жыццём.
Юрыстка «Вясны» Святлана Галаўнёва тлумачыць: калі не мераць усё выключна самымі высокімі стандартамі міжнароднага правасуддзя, становіцца відавочна — шмат якія практыкі, звыклыя для беларускіх рэалій, міжнародныя інстанцыі ўжо даўно лічаць катаваннямі.
«Мы можам уяўляць, што катаванне — гэта экстрэмальны ўзровень гвалту, як моцнае збіццё, выкарыстанне спецыяльных прыладаў, холад, голад. Але часта катаваннем становяцца руцінныя практыкі», — кажа праваабаронца.
Інкамунікада: калі чалавек знікае для свету
Па стане на студзень 2025 года мінімум 11 палітвязняў у Беларусі знаходзіліся ў рэжыме інкамунікада — без сувязі з роднымі і знешнім светам — ад некалькіх месяцаў да некалькіх гадоў.
Паводле падыходу ААН, больш за 15 дзён поўнай адзіночнай ізаляцыі могуць лічыцца катаваннем. Доўгая ізаляцыя разбурае псіхіку: чалавек губляе адчуванне часу, пакутуе ад бессані, трывожнасці і дэрыалізацыі — стану, калі рэальнасць пачынае ўспрымацца як нешта «несапраўднае»”, нібы сон або фільм.
Дэпрывацыя сну: катаванне без удараў
Былая палітзняволеная распавядала праваабаронцам летам 2025 года пра жаночую калонію № 4:
«Пяць сутак я не спала нармальна. У мяне была некалькі разоў сітуацыя: я проста стаяла, заплюшчвала на секунду вочы і разумела, што падаю. Гэта значыць стоячы я засынала і пачынала падаць. Добра, што спрацоўваў інстынкт, і я не ўпала на гэты бетон».
Яскравае святло ўначы, шум, допыты, пастаянныя праверкі, перапоўненыя камеры або адсутнасць спальнага месца — усё гэта пазбаўляе чалавека магчымасці спаць. Паводле Святланы Галаўнёвай, дэпрывацыя сну не толькі фізічна вымотвае, але і разбурае псіхіку.
Холад як інструмент ціску
Былы палітзняволены блогер Сяргей Ціханоўскі апісваў умовы ўтрымання так:
«Былі скурныя захворванні, ва ўсіх былі праблемы з ныркамі праз холад — і ніхто толкам не разумеў, што адбываецца. У мяне ішла кроў з рота, з носа. Часам бывалі курчы — але гэта ўсё ад жудаснага холаду, калі сядзіш у карцары. У турме няма ніякай медыцынскай дапамогі — наогул ніякай, проста каб вы разумелі».
Пастаяннае ўтрыманне ў холадзе можа выклікаць пакуты, супастаўныя з фізічным гвалтам. Як адзначае юрыстка, такія ўмовы трэба разглядаць у сукупнасці з працягласцю ўтрымання ў холадзе, магчымасцю сагрэцца, у тым ліку даступнасцю цёплых рэчаў і гарачай вады, а таксама са станам здароўя чалавека і агульнымі ўмовамі ўтрымання.
Адмова ў леках або лячэнні
Недаступнасць медыцынскай дапамогі — яшчэ адна сістэмная практыка ў беларускіх месцах няволі. Былы палітзняволены распавядаў пра віцебскую калонію № 3:
«Калі ты захварэў у калоніі, то ты нічога з гэтым не зробіш, і ніхто табе не дапаможа».
Святлана Галаўнёва называе гэта формай сістэмнага гвалту:
«Чалавек аказваецца цалкам залежым ад сістэмы ў пытаннях болю, сну, хранічных захворванняў і базавага выжывання, а адсутнасць дапамогі ператвараецца ў пастаяннае фізічнае і псіхалагічнае знясіленне. Асабліва разбуральнай такая практыка становіцца, калі медыцынская дапамога пачынае ўспрымацца не як права, а як прывілей, якая залежыць ад пакоры і паводзін зняволенага».
Прыніжэнне перад камерай
У лютым 2026 года памілаваную ў сувязі з цяжарнасцю Наталлю Левую дзяржаўны тэлеканал «NEWS.by» паказаў у прыніжальным сюжэце разам са сваякамі. Паводле праваабаронцаў, удзел у такіх відэа часта становіцца нефармальнай умовай вызвалення.
«Прымус зняволеных удзельнічаць у прапагандысцкіх відэа — у тым ліку ў абмен на больш мяккі зварот або шанец на вызваленне — з’яўляецца формай псіхалагічнага гвалту і знявагі. Чалавека прымушаюць публічна дэманстраваць лаяльнасць, апраўдваць уласны пераслед або ўдзельнічаць ва ўласным прыніжэнні перад аўдыторыяй. Такі ціск разбурае пачуццё аўтаноміі і годнасці, а сам факт публічнасці ператварае гвалт у працяглую прыладу кантролю і запалохванні», — адзначае юрыстка «Вясны».
«Тэрмін можа ніколі не скончыцца»
На канец 2025 года некалькі палітвязняў — сярод іх Уладзімір Кніга, Павел Аўчароў і Алег Канавалаў — працягвалі знаходзіцца за кратамі ўжо пасля заканчэння сваіх першапачатковых тэрмінаў паводле арт. 411 КК.
Пагроза новай справы за любое «парушэнне рэжыму» стварае ў чалавека адчуванне, што ягонае зняволенне можа працягвацца бясконца. Гэта не толькі страх перад новым прысудам, але і поўная нявызначанасць: правілы могуць мяняцца ў любы момант, а любое дзеянне — стаць падставай для пакарання.
Ціск праз родных
На пачатку 2024 года КДБ зладзіў рэйды супраць сваякоў палітвязняў, затрымліваючы і дапытваючы іх паводле спраў аб “экстрэмізме”.
«Калі чалавеку даюць зразумець, што наступствы закрануць не толькі яго самога, але і сем’і, страх ператвараецца ў інструмент поўнага кантролю. Ціск праз блізкіх асабліва разбуральны, таму што выкарыстоўвае чалавечую прыхільнасць, пачуццё адказнасці і віны. Мэтай становіцца не проста напалохаць чалавека, а прымусіць яго адчуваць сябе небяспекай для тых, каго ён любіць», — кажа праваабаронца.
Пастаяннае прыніжэнне
Былая палітзняволеная, вызваленая і выдвараная з Беларусі ў снежні мінулага года, распавядала пра жаночую калонію:
«Пастаяннае прыніжэнне. Любы супрацоўнік можа зрабіць заўвагу ні за што. Я стаяла на працы на адной назе, бо іншая балела, — і супрацоўніца прычапілася да гэтага, не спытаўшы, ці дрэнна мне. Ты пастаянна адчуваеш, што зробіш штосьці не так і цябе пакараюць».
Святлана Галаўнёва падкрэслівае: сістэматычнае прыніжэнне можа быць формай катавання нават без фізічнага гвалту.
«Калі чалавека прымушаюць прасіць прабачэнні на камеру, дзякаваць тым, хто яго пераследуе, або дэманстраваць пакору, гэта накіравана на разбурэнне пачуцця ўласнай годнасці і суб’ектнасці. У такіх практыках важна не толькі боль ці страх, а дэманстрацыя таго, што чалавек цалкам пазбаўлены кантролю над сабой, сваім голасам і сваёй публічнай выявай».
Сэксуалізаваны гвалт і пагрозы
Затрыманыя неаднаразова распавядалі пра пагрозы сэксуалізаваным гвалтам ад супрацоўнікаў ГУБАЗіКа:
«Педзік нейкі, па коле б цябе пусціць».
Паводле праваабаронцаў, нават калі такія пагрозы не рэалізуюцца, яны дзейнічаюць як магутны інструмент псіхалагічнага катавання.
«Такія пагрозы, нават калі не выконваюцца, гучаць для затрыманага рэалістычна, і трымаюць яго ва ўмовах інтэнсіўнага страху, які можа быць прыраўнаваны па ступені пакут да катаванняў».
Беларуская сістэма зняволення даўно выйшла за межы “дрэнных умоў утрымання”. Катаванне тут — не выключэнне і не эксцэс асобных сілавікоў, а механізм, у якім прыніжэнне, страх, ізаляцыя і поўная залежнасць чалавека ад сістэмы становяцца часткай штодзённасці.
@bajmedia