• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Пра герояў, антыгерояў ды неразборлівыя сувязі чыноўніцтва: якія тэмы ўзнімаюць канкурсанты «Вольнага слова»

    БАЖ працягвае агляд тэкстаў, якія даслалі на конкурс «Вольнае слова». Другі экспрэс-гайд мы прысвяцілі працам, якія прэтэндуюць на перамогу ў намінацыях: лепшы аналітычны матэрыял (у тэкставай і відэаверсіі) і лепшая публікацыя мастацка-публіцыстычнага жанру.

    Пратэсты 2020 года. Скрыншот відэа TUT.by

    Дысклэймер: дадзены цыкл ніяк не звязаны з меркаваннямі і ацэнкамі журы конкурсу, якое толькі пачало працу. Мы публікуем гэты матэрыял, каб расказаць супольнасці, пра што пісалі і здымалі беларускія журналісты і журналісткі ў 2023 годзе.

    Моўнае пытанне ў прафесійным і глабальным

    Тэкст «“Каб ведалі, што нашая мова не прывід”. Гісторыя дзяўчыны, якая стала адзінай у Нарвегіі беларускамоўнай перакладчыцай», які быў надрукаваны ў блогу «Людзі»кранальная гісторыя беларускі, якой лёс ставіў падножкі з дзяцінства.

    Інвалід па зроку Люба першыя пяць гадоў свайго жыцця ўвогуле правяла «ў дарозе»: у Варкуце і Казахстане. Беларускую мову яна пачула толькі ў школе. Аднак дзяўчына ледзь не з адзнакай закончыла сярэднюю школу, а пасля інстытут замежных моў, перабралася ў Нарвегію, выйшла замуж і стала адзіным на ўсю краіну беларуска-нарвежскім перакладчыкам.

    Любоў з будучым мужам у 2015 годзе падчас падарожжа ў Казахстан. Фота з архіва гераіні

    Гэтая гісторыя пра тое, як дзяўчына ішла супраць цячэння, сустрэла сваё каханне і шчасце ды дабілася прафесійнага поспеху. Чым не казка пра Папялушку на сучасны лад?

    Выданне «Магілёў. Media» разбіраецца, як «расійскія бізнэсмены лахатроншчыкі ўцерліся ў давер да вышэйшых асобаў» Беларусі і загубілі паспяховае прадпрыемства – Асіповіцкі вагонабудаўнічы завод.

    Прадпрыемства квітнела да 2013 года. Праблемы пачаліся з пачаткам сумеснай вытворчасці з расійскім ЗАТ «Гранд Экспресс» (2009–2016 гады). Гэты тэкст – пра неразборлівасць у сувязях беларускай кіроўнай вярхушкі і наступствы безалабернай эканамічнай палітыкі.

    А вось партал «Зеркало» задаецца важным пытаннем і сам жа спрабуе адказаць на яго ў матэрыяле «Беларусы цяпер пераважна размаўляюць на рускай. Тлумачым, як і чаму так атрымалася і хто ў гэтым вінаваты».

    Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: архіў TUT.BY

    Паводле звестак апошняга перапісу 2019 года, у Беларусі пражывала 9,41 млн чалавек, 7,99 млн чалавек, ці 84,9% насельніцтва, называлі сябе беларусамі. Але толькі 61,2% з іх (або 5,95 млн) лічылі сваёй роднай мовай беларускую. Але дома па-беларуску размаўлялі толькі 2,4 млн чалавек. Аўтар спрабуе разабрацца ў прычынах заняпаду беларускай мовы.

    Мізэрны «улоў» у рэжыма, але багаты  — у пытаннях аб’ектывацыі

    Адразу некалькі тэкстаў на конкурс падаў палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі, які больш за 20 гадоў працаваў у інфармацыйным агенцтве БелаПАН.

    Адзін з іх — пра ідэі, што пануюць у беларускай уладзе. Беларускі рэжым патапіў мірныя пратэсты 2020 года фізічным гвалтам і несупыннай хваляй рэпрэсіяў. Уладная вярхушка бачыць і цудоўна разумее катастрафічныя наступствы палітыкі расправы над іншадумцамі і іхнім выцясненнем за мяжу, што прывяло да небывалага кадравага голаду ў краіне. Менавіта з гэтай прычыны беларускі рэжым стварыў адмысловую камісію па вяртанні «беглых», як абразліва Лукашэнка і яго памагатыя называюць тых грамадзян, якія мусілі ўцякаць з краіны.

    «Скудный улов “комиссаров”. Желающих вернуться в Беларусь “на коленях, ползком” оказалось негусто», канстатуе Аляксандр Класкоўскі ў загалоўку сваёй калонкі для выдання «Позірк». Аглядальнік на пальцах разбірае, чаму правалілася ідэя беларускага рэжыму — «вярнуць беглых», і чаму эміграцыя не мае даверу да лукашэнкавых “камісараў”.

    Многа шуму нарабіла гісторыя пра тое, як Лукашэнка «ратаваў» Маскву і асабіста Пуціна ад прыгожынскага мецяжу, які ўспыхнуў летам 2023 года. Як беларускі правіцель прывёў расійскіх наймітаў з ПВК «Вагнер» у Беларусь, пабудаваў для іх адмысловы лагер у Асіповіцкім раёне, як доўгі шантажаваў сваіх заходніх суседзяў магчымай «экскурсіяй вагнераўцаў на Сувалкскі калідор».

    Фота: «Ваяр»

    Міхаіл Пахольчык, аўтар «Салідарнасці», спрабуе паставіць кропкі над «і» ў заблытанай і мутнай гісторыі з «прыгожынскім мецяжом» у матэрыяле «ЧВК «Вагнер» в Беларуси: с чем из этой истории вышли Лукашенко, Путин и соседи по региону».

    Як выявіць сэксізм і аб’ектывацыю ў рэкламе з жаночымі вобразамі? Гендарную праблематыку ўздымае вядучая тэлеграм-каналу «Тётя Ира разрешила».  Журналістка пачынае сваё даследванне з іранічнага люстэркавага пераказу рэкламнага паведамлення аднаго з беларускіх вытворцаў бялізны, які прапанаваў выбіраць жаночую бялізну, параўноваючы яе з гароднінай (маўляў, так выбраць бюстгалтар у падарунак каханай лягчэй, чым паспрабаваць даведацца пра патрэбны памер).

    Фота: прыклад рэкламы ад беларускага брэнда Mark Formelle

    «Калі пры замене жаночага вобраза на мужчынскі вынік атрымаецца не абразлівым, — то сэксізму няма. А калі суцэльны крынж – значыць і жаночы вобраз выкарысталі не сумленна», — тлумачыць аўтарка, як можна правяраць тэксты ці любыя сюжэты на сэксізм і аб’ектывацыю. 

    Рэйтынгі фейкаў і прагноз развіцця рэпрэсій

    Больш за 10 канкурсантаў прыслалі на «Вольнае слова» свае відэапрацы. Так, каманда БРЦ у перадачы Week­ly Top Fake штотыднёва складаюць рэйтынг фэйкаў, якія разносяцца з падачы беларускай дзяржаўнай прапаганды.

    Напрыклад, у выпуску №14 журналісты абвяргаюць казкі пра тое, што ПВК «Вагнер» не мае ніводнага палоннага, беларусы-эмігранты збіраюць грошы на лячэнне за мяжой, вайскоўцы з ЗША выступаюць супраць вайны Расіі з Украінай.

    Новы беларуска-расійскі «прарок» з Афганістана. Скрыншот відэа

    Журналісты абвяргаюць кіраўніка «Беларусь‑1» Івана Эйсманта пра тое, што заявы Лукашэнкі пра вяртанне эмігрантаў парвалі ўсе рэйтынгі Google. А на закуску — пра з’яўленне новага беларуска-расійскага «прарока» — афганскага матэматыка Сідзіка Афгана, «які ніколі не памыляецца».

    Ютуб-канал «Зеркало» спрабуе разабрацца, ці можа быць так, што «В Беларуси посадят всех, кто против Лукашенко?» У пратэстах 2020 года ўдзельнічалі сотні тысяч беларусаў, дык хто іх будзе шукаць і куды іх будуць садзіць?

    Былы супрацоўнік генпракуратуры Алег Талерчык лічыць, што немагчыма адшукаць і асудзіць усіх. Бо беларуская сістэма турмаў і калоній проста не вытрымала б такога патоку вязняў. Але беларускі рэжым працягвае і нават нарошчвае рэпрэсіі для нагнятання страху: гэта адзіная магчымасць беларускага рэжыма выжыць.

    Яны загінулі, аднак іх не забылі

    Дакументальны фільм «Вечны бой Эдуарда Лобава» ад «Белсат DOC» прысвечаны яркаму жыццю сустаршыні «Маладога фронту», беларускага добраахвотніка ЗСУ Эдуарда Лобава, які загінуў у баі пад Вуглядарам 23 студзеня 2023 года. 

    Скрыншот з дакументальнага фільма «Вечны бой Эдуарда Лобава»

    Эдуард Лобаў адслужыў у дэсантных войсках, а пасля службы далучыўся да «Маладога фронту», актыўна ўдзельнічаў у пратэставых акцыях. У 2010 годзе, за дзень да прэзідэнцкіх выбараў, Эдуaрда Лобава затрымалі разам са старшынём арганізацыі Змітром Дашкевічам і засудзілі на 4 гады калоніі. У 2015 годзе Эдуард быў вымушаны з’ехаць за мяжу, бо на яго зноў завялі крымінальную справу, і ў тым жа годзе ён далучыўся да тактычнай групы «Беларусь» у вайне на ўсходзе Украіны.

    Пра ваяра згадваюць маці Марына Лобава, палітык Зянон Пазняк, сябры і калегі Андрусь Цянюта, Алесь Кіркевіч, пабрацімы Тарас Дацэнка, Іван (Каёт) Завяршынскі.

    Галерэю знакамітых беларусаў, якія, на жаль, адышлі ў іншы свет, працягвае і матэрыял  «Алесь Пушкін: якім насамрэч быў гэты няскораны мастак, што ім рухала і чаму ён вярнуўся ў Беларусь на пакуты» ад выдання «Салідарнасць». Мастак Алесь Пушкін памёр 11 ліпеня 2023 года ў турме – фактычна, яго забілі, своечасова не аказаўшы медыцынскую дапамогу.

    Самы вядомы перфоманс Алеся Пушкіна «Гной для прэзідэнта», 1999 год (на пяцігоддзе праўлення Аляксандра Лукашэнка). Фота: з сайта gazetaby.com

    Якім чалавекам быў Алесь Пушкін? Што ім рухала? Наколькі шчырым ён быў у сваіх дзеяннях? І чаму вярнуўся ў Беларусь, ведаючы, што будзе затрыманы?

    З расказаў аднакласніцы Ліліі Паўлавай, сябровак Валянціны Якімовіч і Валерыі Чарнаморцавай, саслужыўца Яраслава Раманчука, мноства іншых людзей, якія досыць близка ведалі Алеся Пушкіна, і складзены партрэт мастака.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці