Расійская платформа «Дзэн» заблакавала канал выдання REFORM.news
Расійскае наглядальнае ведамства Раскамнагляд уключыла канал REFORM.news на «Дзэн» (ідэнтыфікатар https://dzen.ru/reform) у Адзіны рэестр забароненых сайтаў. На гэтай падставе платформа заблакавала канал выдання. Рэдакцыі паведамілі пра гэта 5 верасня.

Фота: reform.news
«Рашэнне прынятае на падставе патрабавання Дзяржаўнай пракуратуры РФ ад 27.07.2006 № 149-ФЗ. У адпаведнасці з гэтым патрабаваннем, а таксама пунктам 4.5 умоваў выкарыстання сервіса доступ да канала быў абмежаваны.
Паводле федэральнага закона ад 27.07.2006 № 149-ФЗ інфармацыя, якая распаўсюджвалася з парушэннем заканадаўства, павінна быць выдалена. Пасля гэтага можна звярнуцца ў Раскамнагляд з просьбай праверыць публікацыі і выдаліць https://dzen.ru/reform з Адзінага рэестра забароненых сайтаў», — гаворыцца ў паведамленні адміністрацыі платформы «Дзэн», дасланым у рэдакцыю інтэрнэт-рэсурса.
Сёлета ў жніўні расійскае нагляднае ведамства Раскамнагляд папярэдзіла пра блакіроўку сайта Reform.news на тэрыторыі Расіі, калі інфармацыя з яго не будзе выдалена. Паводле рэдакцыі, у Раскамнаглядзе склалі адмысловае дасье на ўвесь праект, дзе сабраныя звесткі з адкрытых крыніц, пазначаныя дата пачатку працы, тэматыка, акаўнты ў сацсетках і склад кіраўніцтва. Асобна адзначаецца, што «рэсурс набраў папулярнасць пасля пратэстаў у Беларусі ў 2020–2021 гадах».
У Беларусі сайт праекта Reform.by быў заблакаваны яшчэ ў жніўні 2021 года. Сёлета 15 сакавіка паводле загаду Аператыўна-аналітычнага цэнтра інтэрнэт-выданне было пазбаўлена беларускага даменнага імя. Цяпер інфармацыя размяшчаецца на інтэрнэт-сайце з новым даменам — reform.news. Гэты сайт ужо прызнаны «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» на падставе рашэння суда Ленінскага раёна горада Брэста ад 26 жніўня. YouTube-канал і шэраг старонак медыяпраекта ў сацыяльных сетках былі абвешчаныя «экстрэмісцкімі» яшчэ раней — на працягу гэтага года.
