Блогера Сяргея Бяспалава завочна асудзілі да 18 гадоў пазбаўлення волі
Таксама стваральніку Telegram-канала «Мая краіна Беларусь» прысуджаны штраф памерам 1 000 базавых велічынь (42 тысячы рублёў). Справу Сяргея Бяспалава ў парадку спецыяльнай вытворчасці разбіраў Мінскі абласны суд.

Сяргей Бяспалаў. Крыніца фота: Радыё Рацыя
Паводле інфармацыі Генеральнай пракуратуры, Сяргей Бяспалаў прызнаны вінаватым па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса. У тым ліку:
- Змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь);
- Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся гвалтам, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці і ўзброеным супраціўленнем прадстаўнікам улады (ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь);
- Паклёп у дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у сетцы Інтэрнэт і яго публічная абраза, спалучаныя з абвінавачаннем у цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынствах (ч. 2 арт. 367 і ч. 2 арт. 368 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь).
Першапачаткова ў абвінавачанні, высунутым супраць Сяргея Бяспалава, фігуравала дзесяць крымінальных артыкулаў. Ці змянілася іх колькасць у ходзе завочнага судовага працэсу, пакуль не вядома. Паводле Генпракуратуры, на дадзены момант судовае рашэнне яшчэ не ўступіла ў законную сілу і можа быць абскарджанае.
Суд над адміністратарам Telegram-канала «Мая краіна Беларусь» распачаўся 26 лютага 2025 года ў Мінскім абласным судзе. На працэс быў прызначаны суддзя Аляксандр Рыбакоў.
Паводле матэрыялаў следства, Бяспалаў, «здзяйсняючы змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады, з траўня 2020 года, знаходзячыся на тэрыторыі Беларусі (пераважна ў г. Мінску), а пасля 2 ліпеня 2020 года — за яе межамі (пераважна ў Літве, Чэхіі, Украіне і Польшчы) у складзе арганізаванай групы ўдзельнікаў змовы, якія маюць дачыненне да арганізацыі працы Telegram-каналаў NEXTA, “Беларусь галаўнога мозгу” і іншых, шляхам сумесных і скаардынаваных дзеянняў забяспечыў размяшчэнне на падкантрольным яму Telegram-канале “Мая краіна Беларусь” тэкставых публікацый, паведамленняў пра масавыя беспарадкі, якія суправаджаюцца гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады».
Яшчэ блогера вінавацілі ў тым, што ён «у мэтах радыкалізацыі пратэснай актыўнасці, уцягвання шырокага кола людзей у масавыя беспарадкі і супрацьпраўныя дзеянні размяшчаў на пастаяннай аснове на падкантрольных яму інтэрнэт-рэсурсах заклікі да ўдзелу грамадзян у несанкцыянаваных мерапрыемствах, а таксама ўчыненні іншых наўмысных злачынстваў, уключаючы акты тэрарызму».
Пра тое, што супраць 32-гадовага Сяргея Бяспалава распачалі крымінальную справу ў межах спецыяльнай вытворчасці, стала вядома ў снежні 2024 года. Інфармацыю пра гэта апублікаваў Telegram-канал Следчага камітэта Беларусі.
Сяргей Бяспалаў — блогер і заснавальнік сеткі паблікаў «Мая краіна Беларусь». 4 лістапада 2024 года суд Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы пастанавіў лічыць «экстрэмісцкім» яго Telegram-канал «BesLive».
Раней, 14 лістапада 2022 года, былі прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі» асабісты YouTube-канал Сяргея Бяспалава і Telegram-канала «BesLive». У чэрвені 2022 года Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі абвясціла «экстрэмісцкімі фармаваннямі» Telegram-каналы «Сергей Беспалов», «Мая Краіна Беларусь» і «Усы Лукашенко», да якіх меў дачыненне блогер.
