У Беларусі спынілі трансляцыю аднаго з забаўляльных каналаў сямейства Discovery
«Белтэлекам» абвясціў 1 ліпеня, што спыняе вяшчанне на тэрыторыі рэспублікі аднаго з забаўляльных тэлеканалаў. Зараз доступ да яго закрыты.

Фота: pexels.com
Гаворка ідзе пра канал TLC, які ўваходзіў у дадатковы пакет Discovery ZALA IPTV. У «Белтэлекаме» патлумачылі, што дазвол на трансляцыю гэтага тэлеканала ў Беларусі скончыўся.
TLC — гэта забаўляльны тэлеканал, адрасаваны ў першую чаргу жаночай і моладзевай аўдыторыі. Там паказвалі праграмы пра рэальнае жыццё, сям’ю і адносіны, моду і прыгажосць, вандроўкі і іншыя падобныя тэмы.
У сакавіку 2022 года TLC спыніў вяшчанне ў Расіі на фоне паўнамаштабнага ўварвання ва Украіну.
Дарэчы, у чэрвені на тэрыторыі Беларусі спынілі вяшчанне тэлеканалы CANDY, «Фенікс плюс Кіно», «Тэлеканала 2 х 2», «Сядзіба-ТБ» і RTG TV, паведамляла «Газета Слонімская». Замест іх беларускім гледачам прапанавалі канал для дарослых Erox.
