• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У спіс забароненай інфармацыйнай прадукцыі ўлады пачалі дадаваць электронны самвыдат

    Міністэрства інфармацыі абнавіла свой «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» коштам асобных PDF-версій электронных выданняў з тэлеграм-суполкі ByProsvet. 

    Як адзначаецца на сайце кантрольнага ведамства, інфармацыйная прадукцыя ў Telegram-канале з ідэнтыфікатарам https://t.me/by_prosvet у электронных газетах «Беларускi час» (выпускі № 1, 2) і «Голос Беларуси» (выпуск № 1) прызнаецца «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

    Адпаведнае рашэнне прыняў суд Ленінскага раёна Магілёва яшчэ 5 траўня, яно падлягае «неадкладнаму выкананню» ў адпаведнасці з арт. 314 Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса.

    Як удакладняецца на старонцы згаданай суполкі з амаль 1200 падпісчыкаў, «Бай Прасвет» ужо два гады аб’ядноўвае беларускі «самвыдат» і акумулюе самыя важныя аператыўныя навіны.  

    Мяркуючы па ўсім, гэта не апошняя спроба пашырыць пералік «экстрэмістаў» менавіта за кошт ініцыятывы — кожнага са згаданых выданняў выйшла ўжо больш чым па два дзясяткі выпускаў, тады як Міністэрства інфармацыі паставіла на «парфілактычны ўлік» толькі самыя першыя. 

    Як адзначаецца ў анатацыі, «Беларускі час» — гэта газета для беларусаў пра беларусаў. Адметна, што аналагічную назву мае друкаваны орган афіцыйнай Федэрацыі прафсаюзаў, але насамрэч ніякай сувязі паміж імі няма — ні паводле зместу, ні паводле ідэалагічнага складніка.   

    «Прапаганда нястомна паўтарае, якіх выдатных паказнікаў мы дасягнулі, аднак няўмольная статыстыка сведчыць пра адваротнае: Беларусь займае ніжнія месцы ва ўсіх гуманітарных спісах», — канстатуецца ў тытульным артыкуле першага «экстрэмісцкага» нумара.

    У аналагічнай стылістыцы вытрыманы і наступны выпуск, у ім даследуецца, якім чынам рэжым купляе прыхільнасць сілавікоў, і хто насамрэч аплочвае іх «салодкае жыццё».

    «Так званыя беларускія ўлады працягваюць добраахвотна аддаваць беларускую культуру на знішчэнне адэптам «рускага міру». Часам гэты працэс крочыць хітрымі сцежкамі. Якімі», — гэта анатацыя яшчэ адной ударнай тэмы.  

    «Голос Беларуси», паводле ініцыятараў праекту, — «штотыднёвы самвыдат з праўдзівымі навінамі».

    «У сваёй працы мы арыентуемся на тых, хто шмат глядзіць тэлевізар з дзяржаўнымі каналамі і мала чытае незалежную прэсу ў інтэрнэце. Перадай голас Беларусі родным і знаёмым!», — заклікаюць яны.

    У выпуску, занесеным у ведамасны «экстрэмісцкі спіс», сярод іншага, аналізуецца бюджэт Беларусі-2023, які ўсё выразней падобны да выдаткаў ваеннага часу; прычыны росту колькасці маламаёмасных грамадзян у Мінску і рэгіёнах; вынікі працы Аб’яднанага пераходнага кабінета дэмакратычных сіл за леташнія паўгода. Нарэшце, чым займаліся ўлады і г. д.

    Абодва інфармацыйныя рэсурсы ўяўляюць сабой завярстаны газетны макет, кожную старонку можна асобна адкрыць і чытаць у прыкладзенай PDF-версіі. 

    Тым часам пералік «экстрэмісцкіх матэрыялаў», які рэгулярна абнаўляецца на афіцыйным сайце Міністэрства інфармацыі Беларусі, упэўнена набліжаецца да 600 старонак — рост адразу ў 10 разоў ад пачатку татальных зачыстак грамадзянскай супольнасці.

    Для прыкладу, ад моманту першага запісу ў 2008 годзе пра «Урок Беларускае Мовы» на CD‑R дыску і да апошняга запісу ў канцы 2019-га з фільмам «Лукашэнка. Крымінальныя матэрыялы» хапіла ўсяго 60 аркушаў. Уся астатняя маса акумулявалася цягам усяго трох гадоў.  

    Чытайце яшчэ:

    Закладнік уласнай сістэмы. Чаму прапаганда так нязграбна рэагавала на знікненне Лукашэнкі

    Зноў у ШІЗА? Дзяніс Івашын не выйшаў на запланаваную сувязь з роднымі

    Дзень палітвязняў Беларусі. Да якіх мерапрыемстваў можна далучыцца?

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці