• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У Віцебску журналістку Алену Шабуню аштрафавалі на 870 рублёў за прафесійную дзейнасць

    Суд Першамайскага раёна Віцебска прызнаў незалежную журналістку ў незаконным вырабе прадукцыі СМІ. Суддзя Вераніка Барысава пастанавіла пакараць Алену Шабуню  штрафам у 30 базавых велічынь (870 рублёў) паводле ч. 3 арт. 23.5 КаАП.

    Пратакол правапарушэння быў складзены ў Пастаўскім райаддзеле міліцыі, і сведчыў у судзе праз Viber участковы па справах непаўналетніх  Ілля Чарняўскі. Ён заўважыў, як у Паставах Алена Шабуня і відэааператар Зміцер Лупач размаўлялі з уладальнікам трэнажорнай залы «РэЖым» Віталем Пахомчыкам. Яго міліцыянты ведаюць, бо раней затрымлівалі падчас мірных пратэстаў. А праз пару дзён у мясцовым тэлеграм-канале  супрацоўнікі Пастаўскага РАУС заўважылі спасылку на відэасюжэт, паказаны на тэлеканале “Белсат”.

    Сваёй віны Алена Шабуня не прызнала, бо не бачыць нічога незаконнага ў тым, што ўзяла інтэрв’ю ў жыхара Паставаў. Яна патлумачыла суду, што  атрыманне і распаўсюд інфармацыі ёсць законым правам чалавека,  гарантаваным Канстытуцыяй і міжнароднымі пагадненнямі, якія Беларусь узяла на сябе абавязкі выконваць. Абмежаваць гэтыя правы дзяржава можа толькі ва ўмовах надзвычайнага ці ваеннага становішча.

    — У гэтым жа сюжэце нічога такога не было. Мы проста паказалі праўду, як за выразную грамадзянскую пазіцыю чалавека пазбавілі ягонага паспяховага бізнесу: спынілі працу трэнажорнай залы, спаслаўшыся на парушэнне супрацьпажарнай бяспекі. Суд мусіў бы разабрацца ў сітуацыі і заступіцца за гэтага чалавека! Але ж пакаралі журналістаў, — зазначае журналістка.

    Такім самым штрафам за той жа матэрыял пра закрыццё трэнажорнай залы ў Паставах раней быў пакараны судом калега Алены Шабуні,  глыбоцкі журналіст Зміцер Лупач.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці