Улады аб’явілі намесніка старшыні БАЖ Алега Агеева ў міждзяржаўны вышук
На падставе якога артыкула беларускія і расійскія праваахоўнікі шукаюць намесніка старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Алега Агеева, у вышуковай базе не пазначана. Раней у вышук быў аб’яўлены намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі.

Намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў. Фота: БАЖ
У расійскай базе асобаў, якія знаходзяцца ў вышуку, не вядзецца пра артыкул Крымінальнага кодэкса, па якім пераследуецца грамадзянін ці грамадзянка. Пазначаныя толькі дата нараджэння, месца нараджэння, грамадзянства.
У каментары службе маніторынгу БАЖ Алег Агееў кажа, што, найверагодней, беларускія ўлады зрабілі запыт на вышук у Інтэрпал (Міжнародную арганізацыю крымінальнай паліцыі):
«Кожная краіна з’яўляецца суб’ектам, які ажыццяўляе крымінальны пераслед за злачынства, зробленае на яе тэрыторыі. Адпаведна, калі злачынец пакінуў краіну, а праваахоўнікі ведаюць яго новае месцазнаходжанне, яны могуць накіроўваць канкрэтны запыт у тую краіну, дзе ён меркавана знаходзіцца, ці аб’яўляць у міжнародны вышук.
Ёсць розныя працэдуры для гэтага, часцей за ўсё, праз Інтэрпал. Кожная краіна, якая ўваходзіць у Інтэрпал, можа ажыццяўляць гэты вышук на сваёй тэрыторыі і, адпаведна, выконваць усе свае нацыянальныя працэдуры. Таму калі органы крымінальнага пераследу ўнеслі ў спіс так званага міжнароднага вышуку пэўную асобу, то, адпаведна, кожная краіна Інтэрпала можа аб’явіць яго ў вышук і па сваіх нацыянальных працэдурах.
Расія вялікую колькасць беларусаў уключае ў сваю базу вышуку менавіта з той нагоды, што яны былі аб’яўленыя ў міжнародны вышук беларускімі органамі пераследу».
Паводле слоў юрыста, з’яўленне асабістых дадзеных у расійскай базе вышуку сведчыць пра тое, што ў Беларусі ў дачыненні да яго распачатая нейкая крымінальная справа. «Але ніякіх паведамленняў наконт гэтага я асабіста не атрымліваў. Наўрад ці мяне падавалі ў вышук як зніклага, гэта не мой выпадак», — іранізуе Алег Агееў.
«Я не першы з беларусаў у тым спісе.
Нагадаю, Беларускую асацыяцыю журналістаў прызналі экстрэмісцкім фармаваннем два гады таму, у рашэнні ўладаў ёсць прозвішчы тых, каго старшыня КДБ Беларусі палічыў удзельнікамі гэтага фармавання. Адпаведна, гэта ўжо нагода, каб завесці крымінальную справу на намесніка старшыні арганізацыі. Верагодна, так гэтак і сталася.
Але, можа, у іх яшчэ ёсць нейкія дадатковыя да мяне, так бы мовіць, пытанні — не выключаю, — кажа Алег Агееў. — У Беларусі зараз розныя дзеянні могуць крыміналізаваць і лічыць іх злачыннымі, што не адпавядае ніякім міжнародным стандартам. Я дакладна не здзейсніў аніякіх злачынстваў — з’яўляюся юрыстам і ведаю свае правы. Але мірная рэалізацыя маіх правоў у большасці выпадкаў зараз у Беларусі забароненая. Адпаведна, за негвалтоўную рэалізацыю маіх правоў яны спрабуюць прыцягнуць мяне да крымінальнай адказнасці, што не адпавядае міжнароднаму праву.
Таму большая частка краін Інтэрпола не выконвае і ніяк не рэагуе на палітычна матываваны пераслед, які здзяйсняе Беларусь масава. Паўтаруся, не я першы, у тым спісе, здаецца, ужо тысячы беларусаў, якіх улады пааб’яўлялі ў гэты вышук».
Тут можна прачытаць пра тое, як беларускія ўлады карыстаюцца базамі Інтэрпола, каб аб’яўляць у вышук палітычных эмігрантаў
