Вячаслаў Лазараў: Палітвязняў пазбавілі пашпартоў, а мне нават даведку не далі
Відэаператар-фрылансер «Белсата» Вячаслаў Лазараў стаў адным з 52 памілаваных беларусаў, якіх рэжым Лукашэнкі дэпартаваў на тэрыторыю Літвы 11 верасня. БАЖ пагутарыў з былым палітзняволеным журналістам пра турэмныя нягоды, нечаканае вызваленне і далейшыя планы.

Вячаслаў Лазараў са сваім партрэтам, які быў створаны ў межах выставы БАЖ «Журналісты: бязгучны рэжым». Вільня, 16 верасня 2025 года. Фота: БАЖ
Віцебскага журналіста затрымалі 9 лютага 2023 года. 25 верасня яго асудзілі на 5 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Зімой у адстойніку ў адной майцы і трусах
— Яшчэ летам 2022 года супрацоўнікаў «Белсата» папярэджвалі, што адбылася ўцечка інфармацыі, якая можа пагражаць нашай бяспецы. І раілі лепш за ўсё з’ехаць з Беларусі.
Мы з сям’ёй хаваліся на кватэры ў Віцебску два месяцы. Праз месяц-два паглядзелі, што нічога не адбываецца, і пачалі далей жыць па-ранейшаму. Але мы не разумелі, што махавік сістэмы запушчаны, мы недаацанілі рызыкі.
У мяне заканчвалася віза, і я вырашыў з’ездзіць у Польшчу дзён на дзесяць. Вяртаўся ў 20-ых лічбах студзеня 2023 года. На мяжы аўтобус, на якім я ехаў, затрымалі гадзіны на тры: у мяне праверылі ўсе мае рэчы. Усё, думаю, затрымаюць. Не, аддалі рэчы і адпусцілі. Ужо гэты вобшук мусіў мяне насцярожыць, але я не надаў яму вялікага значэння.
І вось наступіла 9 лютага 2023 года. Для мяне гэта быў дзень беганіны. Спачатку зрабіў даведку для сваёй васьмімесячнай дачкі. Затым заскочыў да маці, сам я жыў на здымнай кватэры. Маці выйшла да суседкі па справах, дзверы кватэры былі проста прычыненыя. І тут чую грукат — урываецца міліцыя, мяне кідаюць на падлогу, на рукі адзяваюць кайданкі, ботам па галаве. Запатрабавалі пароль ад тэлефона, але я адмовіўся даваць.
А тут яшчэ перагукнулася старая гісторыя, неяк «Белсат» уручыў супрацоўнікам фірмовыя майкі з лагатыпам. Якраз у гэтай майцы я і быў. Наўпрост у майцы з лагатыпам «Белсата» мяне і павезлі ў Кастрычніцкі РАУС.
Там узялі з мяне першыя паказанні, распранулі да майткоў і майкі — і ў такім выглядзе кінулі ў адстойнік. Іншыя сядзельцы абурыліся: як так, зіма, а вы чалавека ў майцы ды трусах пакінулі. Дык ім сказалі, я сам адмовіўся, маўляў…
З РАУС мяне адвезлі ў ІЧУ, як, зрэшты, і ўсіх палітзняволеных. Матрацы там не выдаюць, штоноч будзяць некалькі разоў — праз кожныя пару гадзін. Але людзі самі дзяліліся між сабой — то курткамі, то ежай.

Вячаслаў Лазараў. Архіўны здымак. Фота: «Витебские вести»
Праз 72 гадзіны мяне адвезлі ў следчы ізалятар.
«9 месяцаў у СІЗА, чатыры апошнія са мной нічога не адбывалася»
— У следчым ізалятары, скажу праўду, першы час было цяжка, асабліва калі восем чалавек пачынаюць дыміць. У медчастцы дапрасіцца лекаў немагчыма, маглі даць для адчэпнага які-небудзь анальгін. Нікога не цікавіць, якая ў цябе тэмпература, што ў цябе баліць, што з табой рабіць. Трэба быць пры смерці, каб персанал пачаў шавяліцца.
У СІЗА мяне пратрымалі дзевяць месяцаў. Спачатку следства дэманстравала актыўнасць, хоць на допыты вадзілі. Аднак апошнія месяцы чатыры ўвогуле нічога не адбывалася — мёртвая цішыня.
Гэта быў досыць цяжкі перыяд, калі не ведаеш, што з табой будзе, лісты ад родных затрымліваліся… Калі ты ведаеш, што з сям’ёй усё добра, то сам можаш да ўсяго прызвычаіцца. У такім вакууме розныя думкі ў галаву лезуць.
Плюс праводзілася актыўная кампанія, якая называецца «кола» — мяне перакідвалі з адной камеры ў іншую. За дзевяць месяцаў я памяняў 18 камер. Стваралі адмысловую атмасферу, каб я адчуваў сябе няёмка.
Аднак сядзельцы ўсё роўна паміж сабой размаўлялі. А сядзелі і бізнесоўцы, і псіхолагі. Дзякуючы ім я змог выбудаваць правільную лінію паводзінаў, якая дапамагла не зламацца.
Здаецца, у сакавіку нарэшце выклікалі мяне на допыт. Паказваюць справу Жамчужнага (праваабаронца з Віцебска Міхаіл Жамчужны. — Заўвага рэд.). Не разумею: «А я пры чым?» — следчы мне раіць: «Далей будзе цікавей».
Чытаю далей: затрымалі маю жонку, а за маёй малалетняй дачкой прыехала служба апекі. У гэты момант я ледзь не накінуўся на іх: «Як можна пакінуць грудное дзіця без маці, ды яшчэ ў такім псіхалагічным стане!» А яны казалі адкрыта, маўляў, нам твая жонка не трэба, нам патрэбны ты, так што пачынай супрацоўнічаць.

Вячаслаў Лазараў. Архіўнае фота
Каб абараніць жонку, я выгароджваў яе і ўсё браў на сябе. Думаў, пасля гэтага яе выпусцілі. Не, яе пакінулі ў СІЗА. І гэта быў адзін з самых цяжкіх перыядаў. Дзякуй сябрам, якім зрэдку ўдавалася супакоіць мяне, маўляў, не хвалюйся, паклапоцімся пра дачку.
Адваката проста не заўважалі
— Суд, які пачаўся ў верасні, быў самым сапраўдным здзекам. Канешне, ён праходзіў за зачыненымі дзвярыма і парушэнняў было мора.
Яшчэ да суда збіралася следчая камісія.
Прыходзіць да мяне чалавек — яўна не следчы — кладзе перада мной восем тамоў і кажа, што трэба азнаёміцца за пару гадзін. А гэта фізічна немагчыма (смяецца. — Заўвага рэд.). Я адмовіўся — у выніку мне далі трое сутак. Пазней я адмовіўся ставіць подпіс, дык казённы адвакат паставіў свой, маўляў, ён жа адмовіўся.
Да суда адваката мне знайсці не ўдалося, удзел у палітычных справах нясе для іх небяспеку. У выніку ўсё ж адзін адвакат знайшоўся, выбудаваў граматную абарону, але суд проста ігнараваў усе ягоныя довады — адваката проста не заўважалі.
Нас з жонкай судзілі разам, і сядзелі мы побач. Аднак перамаўляцца нам забаранялі і пры любой спробе загаварыць абрывалі. Мы спрабавалі нават абменьвацца запіскамі, дык іх тут жа забіралі. Парай слоў удалося перакінуцца ў машыне, калі нас везлі з СІЗА на суд. І то гэта была выпадковасць, можна сказаць.
На апошнім судовым пасяджэнні перад прысудам выклікалі сведкаў, сярод іх была мая маці. Ёй 78 гадоў, яна мае інваліднасць, і ўвесь час спрабавала вачамі знайсці мяне. Я бачыў яе разгубленасць і хацеў хоць сваім выглядам падтрымаць яе, паказаць, што не ўсё дрэнна. Я нават не чуў, што кажуць суддзі, перажываў за стан маці.
А калі абвясцілі прысуд — 5 гадоў і 6 месяцаў — я нават не адразу змог усвядоміць: як можна даваць такія дзікія тэрміны ні за што…
«Глядзі, у нас беляць дрэвы, апырскваюць іх рознымі хімікатамі, яны могуць і на тваю галаву трапіць, аслепнеш»
— Адбываць тэрмін мяне адправілі ў Магілёў у ПК № 15.
У СІЗА мне казалі: заедзеш у калонію, убачыш неба — і будзеш адчуваць сябе зусім па-іншаму. Для зняволеных па іншых артыкулах — магчыма. А мы ж адразу трапляем пад 10-ты прафулік, нам выдаюць жоўтыя біркі.
Палітзняволены Вячаслаў Лазараў сустракае за кратамі свой 47-мы дзень народзінаў
На першы дзень мы забіраем рэчы, нам вешаюць біркі. Выклікаюць мяне на гутарку з начальнікам лагера, на так званыя «хрысціны». Там пачынаецца сапраўдны цырк. Называюся па-беларуску: прозвішча, артыкул і гэтак далей. Мяне выводзяць і заводзяць зноў — і так разоў пяць.
Потым кажа: дык што, ты працаваў на «Белсаце»? «Глядзі, у нас беляць дрэвы, апырскваюць іх рознымі хімікатамі, яны могуць і на тваю галаву трапіць, аслепнеш». І тут жа мяне адпраўляюць у штрафны ізалятар за падняты каўнер.
Адзіны плюс — каранцін я фактычна адбыў у ШІЗА, і праз пару дзён мяне адправілі ў атрад.
Самыя цяжкія моманты ў калоніі, бадай, — гэта зіма і ШІЗА. Людзі спяць без матрацаў, вакол цвіль, вокны — што ёсць, што іх няма. Адзінае цёплае месца — каля батарэі, адыходзіш на паўметра і проста замярзаеш. Максімум можна 20–30 хвілін падрамаць, пасля трэба рабіць фізічныя практыкаванні.
У калоніі часта выкарыстоўваюцца правакацыі супраць палітычных. Прычым актыўнічае не столькі міліцыя, колькі самі зэкі, і іх досыць многа. Крый Божа, сказаў нешта неасцярожнае — тут жа даносяць. За першыя паўгода агулам у ШІЗА я адседзеў сутак 80.
Ці возьмем працу. Спачатку мяне адправілі на вытворчасць мэблі, потым перавялі дворнікам у нейкі штрафбатальён. Не настолькі страшная праца была, колькі брыгадзір, які здаў масу людзей. Сама брыгада хадзіла да начальніка з просьбай прызначыць больш адэкватнага брыгадзіра. Дагэтуль помню ягонае прозвішча — Андрэй Бабіч, ён сядзеў за забойства. Я так разумею, што дзейнічаў ён па ўзгадненні з адміністрацыяй — даваў працу, якую нельга выканаць. Напрыклад, перанесці паддоны. Адзін чалавек не можа гэтага зрабіць, просіш іншага дапамагчы. Брыгадзір тут як тут: я ж сказаў гэта табе зрабіць, а не яму. І ўсё парушэнне, а значыць, ШІЗА.
Але ў выніку мяне перавялі на дрэваапрацоўку. Хаця на неймаверна цяжкай працы атрымліваў заробак… 11 рублёў на месяц (прыблізна 3 еўра па курсе на сёння. — Заўвага рэд.).
Фядута ходзіць з кіёчкам, Паротнікаў не вылазіць з ШІЗА
— Бачыліся з Фядутам, размаўлялі. Хаця ўсіх папярэдзілі, што да яго лепш не падыходзіць, таму што адразу адправяць у ШІЗА.
Ён вельмі моцна схуднеў. Ходзіць з кіёчкам, часцей за ўсё ходзіць з суправаджэннем, бо самому перасоўвацца цяжка. Асноўная праблема Фядуты — сэрца. Яго часта вывозяць у Рэспубліканскі турэмны шпіталь, апошні раз, здаецца, некалькі месяцаў таму вазілі.

Аляксандр Фядута на судзе ў 2022‑м. Фота: БелТА
Але трымаецца, жартуе, з ім цікава пагаварыць на любыя тэмы.
За стасункі з Фядутам кідаюць у штрафны ізалятар, раней на 10 сутак, зараз на 15. Не так даўно прыйшоў новы начальнік калоніі, але па сутнасці нічога не змянілася.
Я быў у адным атрадзе і з Андрэем Паротнікавым (кіраўнік аналітычнага цэнтра Belarus Security Blog, асуджаны ў 2024 годзе да 10 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму па абвінавачанні ў «здрадзе радзіме». — Заўвага рэд.).
Не ведаю, як складзецца далей, але ён фактычна не вылазіць з ШІЗА. Каля двух месяцаў таму яго перавялі ў ПКТ (памяшканне камернага тыпу. — Заўвага рэд.).
Усе абвінавачанні на ягоны адрас надуманыя. Я добра яго ведаю — гэта спакойны неканфліктны дзядзька, які самастойна ствараць канфліктную сітуацыю для сябе не стане.

Андрэй Паротнікаў. Скрыншот фільма АНТ
Бо сама Адміністрацыя калоніі асабліва моцнага ціску не аказвае. Проста адносна некаторых людзей прыходзяць загады зверху — і пачынаецца нечалавечы ціск.
Развітальны «шмон»
— Мы прыйшлі з працы на прамзоне, і хлопцы расказалі, што праходзіў «шмон», прычым толькі ў мяне. Растрыбушылі маю тумбачку, раскідалі ўсе рэчы. Першая думка, што зноў ШІЗА. Праз некаторы час прыйшоў загадчык гаспадарчай часткі і сказаў, каб я сабраў свае рэчы. Пасля ён зачыніў іх у кладоўцы. «А што далей?», —пытаюся, адказвае: «Ідзі глядзі тэлевізар».
Я так і не зразумеў, што гэта было. А 5‑й раніцы, мяне разбудзілі і далі пяць хвілін на зборы. Мае рэчы ўжо вынеслі, мяне таксама вывелі. Нас сабралася сем чалавек: я і шасцёра замежных грамадзян.

Вячаслаў Лазараў падчас прэс-канферэнцыі з удзелам Святланы Ціханоўскай і вызваленых палітвязняў. Вільня, 12 верасня 2025 года. Скрыншот відэа
Нас пасадзілі ў мікрааўтобус без нумароў людзі ў балаклавах і пальчатках, што здзівіла. Па іх паводзінах можна зрабіць выснову, што гэта не простыя міліцыянеры, граматныя, размаўляюць па-англійску без перакладчыка.
Затым мы спыніліся недзе ў лесе, нам загадалі пераапрануцца і сказалі, што мы едзем у Гродна. Ніякай дадатковай інфармацыі нам не далі, таму заставалася толькі дадумваць, куды нас вязуць.
І толькі пазней, калі я ўбачыў два вялікія аўтобусы, калі ўбачыў Ларысу Шчыракову, Ірыну Слаўнікаву — усё стала зразумела. Нас загрузілі ў аўтобусы, мы прыехалі на літоўскую мяжу. Паперадзе нас ехаў чорны джып, мы нават не спыняліся на беларускай мяжы, адразу паехалі на літоўскі бок.
Як пазней аказалася, у многіх нават няма пашпартоў, а мне не толькі пашпарт, даведку нават не далі. Думаў, што развернуць назад. Але дзякую офісу Ціханоўскай, недзе здабылі ксеракопію майго пашпарта і па ёй выдалі візу.
Хацелася б застацца ў прафесіі
— Безумоўна, спачатку трэба падлячыцца. У мяне, як і ў многіх, праблемы з зубамі, якія пачаліся яшчэ ў СІЗА. Я двойчы хварэў на пнеўманію, таму хацелася б прайсці медычнае абследаванне. Нават гуляючы па Вільні, адчуваю задышку, хаця ўвесь час стараўся трымаць сябе ў форме.
Пасля збіраюся ўсё-такі пераехаць у Варшаву — там і больш знаёмых, і магчымасцей. Хацелася б застацца ў журналістыцы. Ёсць прапановы ад «Белсата», але пакуль гэтае пытанне вырашаецца.

Вячаслаў Лазараў падчас прэс-канферэнцыі з удзелам Святланы Ціханоўскай і вызваленых палітвязняў. Вільня, 12 верасня 2025 года. Скрыншот відэа
Стараюся вырашыць пытанне з сям’ёй. На жаль, уся гэтая гісторыя моцна ўдарыла па жонцы, якая, падобна, моцна пакрыўдзілася. А мне хацелася б убачыць і дачку, якой і годзіка не было, калі мяне пасадзілі. Спадзяюся, праз пэўны час сітуацыя наладзіцца.
— Дарэчы, а што за легендарную камізэльку «Прэса» вы перадалі ў будучы музей вольнай Беларусі?
— Гісторыя з камізэлькай «Прэса» падобная на гісторыю з белсатаўскай майкай. Міліцыя ўсё-такі выйшла на здымную кватэру, дзе я жыў, канфіскавалі ўсе рэчы. Я бачыў толькі спісы канфіскаванага. І тут адбываецца немагчымае: пасля вызвалення выдаюць два мяхі маіх рэчаў, і ў адным з іх знаходжу камізэльку. У гэтай камізэльцы мы з калегамі не прапусцілі ніводнага мітынгу ў 2020 годзе. Аказваецца, яна прайшла па ўсім этапе следам за мной, і яе цудам не прыкмецілі.
