• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Вольга Лойка расказала, як здымалася для прапагандысцкага фільма пра Tut.by

    Падказвалі, што гаварыць, а пазней інтэрвʼю перапісалі, бо гераіня занадта хвалявалася — падрабязнасці ў новым выпуску «Ток».

    Галоўная рэдактарка палітыка-эканамічнага блоку навін на партале Tut.by Вольга Лойка раскрыла падрабязнасці свайго інтэрв’ю Ксеніі Лебедзевай. Прапагандысцкі фільм БТ «Бай-бай, Тутбай» выйшаў 16 сакавіка 2023 года, напярэдадні абвяшчэння прысуду Марыне Золатавай і Людміле Чэкінай. На той час Вольга Лойка ўжо была за мяжой.

    Па словах журналісткі, гэта была частка здзелкі аб яе вызваленні. «Без рэалізацыі гэтай часткі здзелкі не была б рэалізаваная яе другая частка».

    Згадваючы тыя здымкі, Вольга распавяла, што яе паклікалі ў Следчы камітэт.

    «Сказалі, што Ксенія Пятроўна Лебедзева будзе весці гутарку. Дзякуй Ксеніі Пятроўне. Яна была вельмі ветлівая, культурная. Я б сказала, нават крыху спачувальная. Калі чалавек у стрэсе запісвае такія штукі, то гэта важна. Яна грала добрага паліцэйскага. Следчы, супрацоўнік КДБ, Ксенія Пятроўна і я».

    Насамрэч, як распавядае Вольга, «гэта было непрыемна, але не крытычна».

    «Я ведала, адносна чаго ідзе гульня. Калі б у гэтым фільме трэба было зняцца топлес, я б знялася, таму што гэта лёсы людзей, а не толькі мой. І я ведала, што за гэту магчымасць заплачана дорага. Гэта было складана. Таму я не магу саскочыць. Другога шанцу не будзе».

    Па словах Вольгі, у такой сітуацыі вельмі важна было не хвалявацца. «Я не вельмі хвалявалася. Прытым што большая частка рэчаў там — звычайнае бухценне наёмнага работніка. «Было, што вас не задавальняла?» Зразумела, [што] было. Ад заробку да загрузкі. Пра што гэта сведчыць? Ды ні пра што. «Разыходзіліся ў поглядах?» Так. Мы пастаянна разыходзіліся і сыходзіліся, і сварыліся.

    І калі б мы цяпер абмяркоўвалі лёсы палітзняволеных, мы б таксама, я ўпэўненая, разышліся б з Марынай (Золатавай — «НН») у поглядах. Магчыма, што насмерць пасварыліся б. Я вельмі хачу, каб гэта магчымасць была. Каб гэтыя людзі выйшлі. А далей мы ўжо самі разбярэмся. Магчыма, сапраўды, да смерці рассварымся.

    Бо нехта лічыць, што да перамогі трэба сядзець. Нехта — што трэба таргавацца любым коштам за кожнага, за каго магчыма. Разыходзіцца ў поглядах — гэта нармальна. І мець адзін да аднаго прэтэнзіі і крыўды — гэта таксама нармальна».

    Жанчына згадвае, што ў часе размовы ёй перыядычна падказвалі, як трэба гаварыць.

    «Мне сказалі: «Ты кемлівая, вось і цям. Ну я, як магла, цяміла. Мяне хапіла хвілін на 40. А потым на пытанні, якое Ксеніі суфліравалі — здаецца, гэта было пытанне «Як паўплывала ўступленне Tut.by у ПВТ на пратэсную актыўнасць?» — я зразумела, што мой талент і фантазія проста вычарпаныя. Я не ведаю, што адказаць на гэтае пытанне. Я спытала: «Чыю?» І павісла паўза, у часе якой ніхто не мог скеміць чыю».

    Лойка згадвае і іншыя пытанні, кшталту «А калі б Бабарыку зарэгістравалі кандыдатам? Стаў бы ён прэзідэнтам?». Па словах жанчыны, яна не бачыць сэнсу ў такіх абмеркаваннях і не ўмее такія абстракцыі абмяркоўваць. Таму ёй падказвалі. А пазней інтэрвʼю перапісалі, бо яна вельмі хвалявалася.

    «Насамрэч ты не да канца разумееш, што яны ад цябе хочуць. Я прыдумала сама сабе склад злачынства. Сурʼёзна. Таму што мне сказалі: «Ты кемлівая. Хутка цям». Я не ўмею ўхіляцца да выплаты падаткаў, таму што я не ўмею іх плаціць. Я аб гэтым умею пісаць.

    Як я гэтаму (ухіленню ад сплаты падаткаў — «НН») фізічна магла садзейнічаць? У мяне фантазія не настолькі развітая. Ну, я садзейнічала шляхам напісання добрых артыкулаў аб ПВТ. Але я шчыра сказала, што, калі ў мяне спытаюць «а якіх артыкулаў?», мне будзе цяжка адказаць. У справе ніякіх артыкулаў няма. Дзякаваць богу, хапіла гэтага».

    Вольга прызнаецца, што не глядзела знятага фільма. А пасля яго паказу было шмат словаў падтрымкі. З асуджэннем свайго ўчынку яна не сутыкалася.

    «Магчыма, я проста адсеяла такіх людзей. У мяне ёсць некалькі чалавек з былых кантактаў, хто, як мне падалося, не вельмі адэкватна сябе павёў. «Як ты магла?» Як я магла не застацца ў турме? Прабачце, я не хачу сядзець у турме дзесяць гадоў. І ў мяне калегі, якія не хочуць. Мы так дамовіліся. Гэта было складанае рашэнне. Але нам пашанцавала, што ў нас быў шанец. Таму што ёсць людзі, якім давялося на ўсё гэта ісці, падпісваць і сядзець цяпер восем гадоў і спадзявацца, што калі-небудзь дадуць умоўна-датэрміновае.

    Вольга адзначае: калі нехта думае, што сярод затрыманых ёсць тыя, хто лёгка і асэнсавана пагаджаецца сядзець дзесяць гадоў, то ён памыляецца.

    «Большасць людзей спадзяецца, што яны выйдуць раней. Вытрымкі людзей хапае на розны тэрмін. Людзі, з якімі я сядзела, якія толькі «заехалі» і тры-пяць месяцаў адседзелі са мною… Мне здавалася, што яны такія спакойныя, вытрыманыя, што іх хопіць надоўга. Але за год пасыпаўся шмат хто».

    Такія змены ў зняволеных жанчына тлумачыць тым, што «цябе фактычна кідае сямʼя». «Спачатку ігнаруюцца нейкія твае просьбы. Потым да цябе на спатканні прыязджаюць з незадавальненнем, што вось нам тут давялося ўсё кідаць і ехаць у Гомель. А потым увогуле не прыязджаюць. А прайшло ўсяго паўтара года. А сядзець больш за пяць гадоў. І гэта найбліжэйшыя родзічы — сыны, дочкі, мужы. Гэта найбліжэйшае кола. А шмат якія сябры ўвогуле забыліся. Калі трэба было пагасіць штраф, гэтаму чалавеку скідваліся тут мы — былыя сукамернікі. Гэта цяжка.

    Атрымліваецца, што нас сядзела 13 чалавек. І ў чатырох за гэты час памерлі бліжэйшыя сваякі. Гэта вельмі цяжка. Ты разумееш, што гэта назаўсёды, разумееш, што гэта твая віна, якую немагчыма забыцца, выправіць, загладзіць».

    Глядзіце цалкам: 

    Чытайце яшчэ:

    «Вялікі крызіс жанру». Рэдакцыя «Белсату» адказала на прапагандысцкі сюжэт БТ

    Сярод абвінавачаных за «здраду дзяржаве» — шасцёра журналістаў і блогераў. Хто яны?

    «Як журналісты сталі галоўнымі ворагамі Лукашэнкі». Выйшаў новы фільм пра беларускіх рэпарцёраў, пратэсты і рэпрэсіі

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.
    02.11.2023
    Акцэнты

    Теперь консул может только изъять паспорт. Что означает новый указ для белорусов, уехавших из страны?

    Очередное решение властей, которое поражает в правах белорусов.  Лукашенко подписал указ, которым изменил порядок выдачи документов в посольствах и консульствах за границей. Теперь там нельзя продлить или получить паспорт. Как же быть? Комментирует юридическая служба БАЖ.
    05.09.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці