• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Воля Народу»: газета, якая праіснавала пяць дзён

    21 кастрычніка 1923 года свет пабачыў першы нумар новага выдання, які меў назву «Воля Народу». Лёс гэтай газеты не зайздросны. Выдаўцам а галоўным быў Уладзіслаў Знамяроўскі атрымалася зрабіць яшчэ адзін нумар, і ўжо праз 5 дзён гэтае медыя было зачыненае польскімі ўладамі ў Вільні. «Новы Час» пагартаў старонкі.

    газета «Воля Народу»

    Першы выпуск газеты «Воля Народу»

    «Аддушына»

    Першы нумар выданьня пачынаўся поўным сумам артыкулам.

    «Цяжкі, безнадзейны настрой запанаваў па вёсках і мястэчках Заходняе Беларусі. Народ прыціх, пазабіваўся ў свае куткі. І толькі ад часу да часу голас нашае вёскі адбіваецца на старонках беларускіх газэт — звычайна недаўгавечных, часта канфіскаваных і нішчаных, ды нашы паслы ў Сойме пераказваюць яго з соймавых трыбун.

    Але тыя «паны палажэньня», ад якіх залежыць кірунак дзяржаўнае палітыкі на «Крэсах», вельмі хутка прывыкаюць, як да нечага звычайнага, да жалаб паслоў, і словы апошніх пускаюцца міма вушэй. Гавары, што хочаш, — усё будзе, як гарох аб сьцяну!

    І паўстае пытаньне: што‑ж рабіць, як нашай вёсцы падаць свой голас так, каб усе яго пачулі і выслухалі яго?

    Нам успамінаюцца тыя далёкія ўжо ад нас часы, калі на нашай зямлі панаваў яшчэ маскоўскі царызм. Гэта былі часы незвычайна цяжкога працоўнага народу і ўсіх «інародцаў».

    Але вось, ня гледзячы на панаваўшы тады «цяжкі дух», для народу адкрылася першы раз аддушына: была склікана Дзяржаўная Дума. І народ, ня гледзячы на ўсю сваю забітасьць і прыгнечанасьць, зразу зварухнуўся, пачаў гуртавацца, і пайшлі сотні «хадакоў» з усіх рознапляменных краін вялізарнае Расейскае імпэрыі, якія нясьлі ў Пецярбург «сваю крыўду ўсю» — перад вочы Думы і ўсяго сьвету.

    Такой «аддушынай» для беларускага грамадзянства пад уладай Польшчы зьяўляецца Варшаўскі Сойм. І туды — на рукі нашых паслоў — трэ нашай вёсцы «несьці сваю крыўду». Але робіцца гэта ня так проста: дзеля гэтага — трэба перш за ўсё моцнае, братнае аб’яднаньне нашых грамадзян, трэба зразуменьне супольнае карысьці, трэба разьвіцьцё грамадзкасьці і стварэньне запраўды сільнага, здольнага да абароны сваіх патрэб і сваіх правоў грамадзянства.

    Мо не адзін, прачытаўшы гэтыя радкі, паківае галавой ды скажа: «як гэта рабіць, калі на кожным кроку, пры кожнай спробе арганізацыі і грамадзкага выступленьня сустракаюцца непераможныя перашкоды? Мо ў вас, у месьце, гэта лёгка робіцца, але на вёсцы — блізу немагчыма…

    Як пачынаўся легальны беларускі друк у 1906 годзе: чытаем «Нашу Долю»

    Праўда, адкажам мы, перашкоды ёсьць — і дужа моцныя. Але бяда ў тым, што вёска, бачучы, што ёй усё забараняюць, перастае карыстацца і тым, на што мае поўнае права. Закладаць на свой кошт прыватныя беларускія школы, адкрываць каапэратывы, ладзіць гурткі артыстаў-аматараў, ці хоры сьпявакоў, пасылаць «хадакоў» у Сойм і да ўраду — усё гэта нашае неад’емнае права.

    І калі нехта пасягае на гэтае права, пэўны, што мы змаўчым і пакорна падчынімся гвалту, бо мы цёмныя і неарганізаваныя, — дык тым больш трэба ў такіх прыпадках крычаць і дамагацца абароны нашага права, тым больш патрэбна грамадзкая спайка і еднасьць жыхароў вёскі. І калі кожын прыпадак гвалту над вёскай выйдзе на дзеннае сьвятло, калі той, хто адважваецца таптаць нашы правы і — разам з тым — законы гаспадарства, будзе ведаць, што мы знойдзем дарогу, каб дабіцца, што нам належыць, — дык і палажэньне ў нашых загнаных, запужаных, бязрадных вёсках хоць крыху палепшае.

    Трэба толькі, каб замест распыленых, несьвядомых свайго права і сілы жыхароў вёскі вырасла моцная, сьвядомая, дружная грамада.

    гісторыя беларускіх СМІ

    Курс валютаў 23 кастрычніка 1923 года

    Прамова пасла ксяндза Адама Станкевіча ў Сойме

    12 кастрычніка 1923 года ў Варшаве беларускі каталіцкі сьвятар, а таксама дэпутат (пасол) Сойма прамовіў наступныя словы (вытрымкі):

    Высокі Сойме! Бяручы голас ад імя Беларускага Клюбу ў справе exposé п. Старшыні Рады Міністраў, буду мець на ўвазе перад усім: дабро беларускага народу ў межах Рэчы Паспалітай, паскольку ўрад дае правы, гэтаму народу прыналежныя, і паколькі выпаўняе адносна да яго свае абавязкі ўраду. Зраблю гэта ў тым перакананьні, што гэтыя тры мільёны беларусаў у гаспадарстве прадстаўляюць вельмі важную складовую частку яго, і залежна ад таго, як да іх адносіцца ўрад, апрача іх карысьці ці крыўды, маюць уплыў — ад’ёмны, ці дадатны — на дзяржаву.

    Пра асаднікаў

    Пачну ад эканамічна-гаспадарчых адносін. Вялікае зло і крыўду для народу беларускага прадстаўляе асадніцтва на ягонай зямлі чужога элементу. Закон аб гэтым зацьвярдзіў устаноўчы Сойм. Цяперашні сойм і папярэднія ўрады — spec­tatis spectan­dis — на розныя спосабы падтрымлівалі гэтае асадніцтва. Цяперашні ўрад яшчэ больш умацоўвае гэтае асадніцтва.

    Прачытаўшы ўважна гэты ўстаў, артымліваецца ўражаньне, што ён на мае на мэце перачыркнуць зямельную рэформу, як такую, і пасяліць на беларускіх і ўкраінскіх землях чым больш асаднікаў нятутэйшага паходжаньня. Калі гэтыя стацьці будуць прыняты ў урадавой рэдакцыі, дык безьзямельнікі няпэўнага паходжаньня, асабліва‑ж беларусы і ўкраінцы, бадай што зусім не будуць бачыць зямлі. А тым часам гэта‑ж ёсьць іменна тая зямля, на якую перад усім маюць права сяляне тутэйшага паходжаньня. Бо Вялікае Літоўскае Князьства, якога часьцiнай зьяўляўся наш край, мае свае асаблівасьці — гістарычныя, эканамічныя, культурныя і праўныя.

    Паводле беларуска-літоўскіх законаў, зьмешчаных у трох Літоўскіх Статутах, існуюць ясныя наказы, што забараняюць, як розным іншым чужынцам, так і палякам, набываць зямлю на прасторах Літвы і Беларусі. Астача гэтых законаў, якія вынікалі з натуральнага палажэньня рэчаў, захавалася па сягоняшні дзень у псыхіцы беларускага народу, катораму палітыка як даўнейшых урадаў, так і асабліва сучаснага, імкнуцца зрабіць сьмяротны ўдар.

    «Загадалі прыбраць фразу пра тое, што касцёл узарвалі». Якой была цэнзура ў СМІ ў апошнія гады савецкай улады

    Асьвета

    Пройдзем да другіх галінаў беларускага жыцьця ў Польшчы. Возьмем асьвету. І тутака перад нашымі вачамі адкрывецца абраз страшэннага сусташэньня, учыненага ўрадовай палітыкай. Перад усім няма законаў, якія-бы выразьней і бліжэй азначалі нашы правы адносна да нашае культуры, агульна забясьпечанае ў Канстытуцыі. Папярэдні ўрад абяцаўся ўладзіць гэта. Цяперашні ўрад у асобе п. Міністра Асьветы ў памятным выступленьні яго вясной г. г. адлажыў гэту справу на неазначаны час, гэтым самым аддаўшы справу нашае культуры бадай цалком у рукі часта разбэшчанае школьнае адміністрацыі.

    Ад ўраду беларускія школы ня маюць ніякага падтрыманьня. Найадварот, сустракаюць непераможныя перашкоды, стаўляныя нам урадам.

    Затрымаюся на віленскай гімназіі. Гэтая гімназія была закладзена яшчэ пад нямецкай акупацыяй, перажыла найцяжэйшыя часіны, разьвілася ў сапраўдную нацыянальную сярэднюю школу, сталася нашай славай і надзеяй, і вось цяпер да яе прыйшлі найгоршыя часы.

    Гімназія ў Вільні не дастае ніякае дапамогі ад ураду, будынак яе, што паводле майго перакананьня, належыць да праваслаўнага духавенства, адміністрацыя забірае на ўласнасьць ураду. Вучыцялём, якія, можна сказаць, стварылі гімназію, якія стала працуюць выключна на культурнай ніве, не даюць абыватэльства і зацягваюць да бесканечнасьці. Праўда, з будынку гімназіі дагэтуль ня выдалілі, вучыцялём мо і дадуць абыватэльства, але падобныя адносіны вытвараюць такую цяжкую маральную атмасфэру, якая нязвычайна блага адбіваецца на лёсе гімназіі і паволі раскладае яе.

    А вось другі факт: вучыцялём — нібы-то неабыватэлям — забараняюць даваць лекцыі ў беларускай гімназіі, а затое пазваляюць выкладаць у праваслаўнай духоўнай сэмінарыі і ў расейскіх школах. Усё гэта — то‑ж самы дзікі зьдзек над беларусамі!

    Беларускім абітурыентам не даюць права паступаць у польскія ўніверсітэты, і наша моладзь прымушана дзеля вышэйшае навукі эміграваць заграніцу.

    Беларускае народнае школы блізу зусім не маем: яна зусім зьніштожана адміністрацыяй.

    Апрача таго я павінен адзначыць, што значную лічбу беларускіх вучыцялёў, якія маюць усе кваліфікацыі прафэсыянальных настаўнікаў, улада высылае на этнаграфічна польскія землі, дзе ім і даюць становішчы вучыцялёў — ведама, у польскіх школах. Ёсьць выпадкі, што вучыцялём беларусам і на Бацькаўшчыне даюць школу, але — польскую, бо беларускую не дазволена.

    Навіны з Нямеччыны

    Урадавы псіхоз

    Перад усім адміністрацыйная сістэма — блудная з таго пагляду, што ў беларускія землі прынцыпова шлюць урадоўца, паліцэйскага — чужых, з далёкае Галіччыны, ці з Пазнані. Гэтыя людзі не ведаюць тутэйшых адносінаў, ня ведаюць псыхікі тутэйшага народу. З гэтага родзіцца зусім зразумелае недаверые, ненавісьць, а ўрэшце ўзаемнае змаганьне.

    Гэты ўрадовы псіхоз зусім захапіў урадоўца, паліцэйскага. Гэты псіхоз выяўляецца ў біцьці палітычных арыштантаў, што здараецца з кожным беларускім палітычным праступнікам, да на што маем доказаў паддастаткам.

    Абраз беларускага жыцьця ў Польшчы я падаў Высокай Палаце блізу цераз год соймавае працы. Я сьцвердзіў і сьцвярджаю, што як папярэднія ўрады, так і асабліва сучасны ўрад вядзе ў адносінах да нас палітыку экстэрмінацыйную (да зьнішчэньня – П.Х.), аблыжную. І варожую.

    Арышты ў Вялейскім павеце

    Звычайная рубрыка тагачасных газэтаў — гэта публікацыі мясцовых карэспандэнтаў аб тым, што робіцца на суседняй вуліцы, у сябра, ці ў сваёй хаце.

    «Тыдні два назад заарыштаваны Янка Се­машкевіч, 18-ці гадовы хлапец з‑пад Лебедзева, Вялейскага павету, былы вучань Беларускай гімназіі ў Вільні, а летась — вучань гім­назіі расейскай у Вялейцы-павятовай. За­арыштаваны ў вагоне па дарозе з Маладэчына ў Вялейку, куды ехаў ён, каб трымаць экзамен у наступную клясу Вялейскай гімназіі. За што заарыштаваны гэты вучань-хлапец — невядома.

    Ні маючы прад’яўленага яму ніякага абвінавачваньня, ня ведаючы, як даць знаць бацькомм сваім аб сваім арышце і ня ведаючы колькі часу будуць яго тры­маць, Семашкевіч на пытаньні дапрошчыкаў знарок абгаварыў сябе, што мае рэвольвер. На такую хітрыку пусьціўся хлопец дзеля та­го, каб як-небудзь пабачыцца з бацькамі, каб тыя ведалі аб яго лёсе і пачалі захады аб яго звальненьні.

    Улада і прэса. 30 гадоў вайны, якая скончыцца разам з Лукашэнкам

    Пасьля таго прызнаньня і ўказаньня, што знайсьці закопаны рэволь­вер ён можа толькі асабіста і будучы дома, Семашкевіч быў пад канвоем адвезены ў родную вёску. Расказаўшы коратка бацьком, што за прыгода неспадзяваная сталася з ім па дарозе з дому ў Вялейку, ён прызнаўся канвойным, што ашукаў і што ніякага рэ­вальвера ў яго ня было і няма і цяпер, і пры­знaўся ў прычынах, прымусіўшых яго салга­ць на дапросе. Паліцейскія-канвойныя надта раззлаваліся за гэта на Семашкевіча і… адвязьлі яго назад ў Вялейку, дзе ён упака­ваны быў у турму і дзе сядзіць да сёньняшня­га дня. Бацька заарыштаванага, дбаючы аб звальненьні сына, паехаў у Вялейку, каб пад залог сваёй зямлі ў 45 мільёнаў узяць сына на парукі. Але старому не ўдалося: сына ня выпусцілі такі.

    З Вялейскага‑ж павету паведамляюць нас, што там адбыліся арышты некалькіх дзясяткаў людзей, і што частка іх пасаджана ў Вялейскую турму, а другую частку іх упаквалі ўжо ў Віленскую акруговую турму — на Лукішках».

    Як выбраць добрую малочную карову

    На сёньня мала каму патрэбны навык, але сто гадоў таму — жыцьцёва неабходны

    «Умець выбраць добрую малочную карову — справа вельмі і вельмі важная ў гаспадарцы. Важная яна як і тым, што заплаціўшы грошы, гаспадар будзе мець карысьць з свайго набытку, таксама важна і тым, што добрая карова можа даць і добрае племя.

    Вось тутка мы маем на мэце выкласьці ўсе тыя больш-менш прыметы, якімі трэба карыстацца, выбіраючы карову на малако. Ведаць гэтыя прыметы добра ня толькі тады, калі прыдзецца купляць карову на рынку ці ад незнаёмага гаспадара, але аднолькава імі можна карыстацца, пакідаючы на племя няцёлку альбо бычка сваёй гадоўлі.

    Ня трэба ніколі думаць, што добрымі на малако могуць быць толькі каровы «заводныя», гэта знача: каровы якой-небудзь нятутэйшай пароды. Шмат і паміж нашых простых можна спаткаць кароў, якія не ў горш заводных, трэба ўмець толькі выбраць.

    Праўда, малочнасьць кароў шмат залежыць ад пароды, бо ня ўсе пароды, нават пры аднолькавым доглядзе, даюць малака роўна. Дзеля гэтага, купляючы заводную карову, трэба ведаць, якой яна пароды. Апроч таго, што ня ўсе пароды аднолькава малочныя і само малако бывае няроўнае: адны каровы даюць малако поснае, рэдкае, другія гусьцейшае і тлусьцейшае».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Акцэнты

    «Нават збеглую, нават іх прыхільніцу». Прапаганда пераконвае беларусаў, што трэба вяртацца дадому, выкарыстоўваючы гісторыю згвалтавання ў Варшаве

    06.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці