• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Журналіст БелаПАН Уладзімір Лапцэвіч дамогся адмены пастановы Следчага камітэта

    Суд Ленінскага раёна Магілёва адмяніў пастанову аб адмове ў узбуджэнні крымінальнай справы ў адносінах да чыноўніка і міліцыянта, якія перашкаджалі дзейнасці журналіста

    Суд Ленінскага раёна горада Магілёва 11 снежня разгледзеў скаргу журналіста БелаПАН Уладзіміра Лапцэвіча на пастанову аб адмове ў узбуджэнні крымінальнай справы ў адносінах да супрацоўніка міліцыі Сяргея Калеснікава і чыноўніка адміністрацыі Ленінскага раёна Магілёва Канстанціна Кісцянева, якія перашкаджалі законнай прафесійнай дзейнасці журналіста.

    Нагадаем, супрацоўнік адміністрацыі Ленінскага раёна г. Магілёва Канстанцін Кісцянёў і ўчастковы інспектар Сяргей Калеснікаў 29 красавіка 2017 года не пусцілі ў залу пасяджэнняў адміністрацыі Ленінскага раёна журналіста БелаПАН Уладзіміра Лапцэвіча.

    У будынку адміністрацыі Ленінскага раёна Магілёва павінен быў адбыцца сход чальцоў гаражнага каператыва “Спутник-2008”, ініцыяваны раённымі ўладамі. Члены кааператыва, якія пажадалі, каб пасяджэнне прайшло галосна, запрасілі на сход карэспандэнта БелаПАН Уладзіміра Лапцэвіча. Аднак работнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі і добраўпарадкавання адміністрацыі раёна Канстанцін Кісцянёў, які выступаў арганізатарам мерапрыемства, адмовіўся прапускаць у залу пасяджэнняў журналіста БелаПАН. Ён таксама адмовіўся выдаць кнігу заўваг і прапаноў, калі Уладзімір Лапцэвіч запатрабаваў яе прадставіць, каб напісаць скаргу на дзеянні чыноўніка.

    У адказ на неадэкватныя дзеянні магілёўскага чыноўніка Уладзімір Лапцэвіч выклікаў нарад міліцыі і стаў чакаць прыезду супрацоўнікаў праваахоўных органаў у памяшканні, дзе праходзіла рэгістрацыя ўдзельнікаў сходу чальцоў гаражнага кааператыва. Аднак участковы Ленінскага РАУС г. Магілёва Сяргей Калеснікаў не дазволіў журналісту знаходзіцца ў гэтым памяшканні.

    “Ён з прымяненнем сілы вывеў мяне з памяшкання, дзе праходзіла рэгістрацыя, у калідор за руку. Пры гэтым Сяргей Калеснікаў не звяртаў ніякай увагі на мае словы, што яго дзеянні незаконныя. У памяшканні, дзе адбывалася рэгістрацыя, знаходзіліся людзі, якія не з’яўляліся чальцамі кааператыва, але ў адносінах да іх участковы чамусьці ніякіх дзеянняў не прадпрымаў”, — адзначаў Уладзімір Лапцэвіч.

    Ужо на працягу некалькіх месяцаў Лапцэвіч дабіваецца прыцягнення да адказнасці Канстанціна Кісцянёва і Сяргея Калеснікава, якія дапусцілі супрацьпраўныя дзеянні ў адносінах да журналіста. Супрацоўнікі міліцыі неаднаразова “адфульбольвалі” скаргі Лапцэвіча, аднак кожны раз журналіст абскарджваў міліцэйскія пастановы ў судзе і дабіваўся іх адмены.

    11 студзеня 2018 года суддзя суда Ленінскага раёнам Магілёва Панасенка прыняў рашэнне задаволіць скаргу журналіста і адмяніць прынятую старэйшым следчым Магілёўскага межрайаддзела Следчага камітэта маёрам юстыцыі І. Другаковым пастанову аб адмове ў узбуджэнні крымінальнай справы ў адносінах да С. Калеснікава і К. Кісцянева, бо яна з’яўляецца незаконнай. Суд накіраваў матэрыялы справы начальніку Магілёўскага межрайаддзела Следчага камітэта для правядзення дадатковай праверкі.

    У пастанове суда адзначаецца, што атрыманыя падчас праверкі доказы не былі правераны і ацэнены ў адпаведнасці з патрабаваннямі арт. 104, 105 КПК Рэспублікі Беларусь, і ў пастанове маёра Другакова дзеянням С. Калеснікава і К. Кісцянёва не дадзена ацэнка наконт адпаведнасці гэтых дзеянняў патрабаванням беларускага заканадаўства.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці