Увесну ў мінскай кватэры 67-гадовага фатографа Верацінскага СК правёў ператрус, вынесеныя некаторыя рэчы
Ператрус у мінскай кватэры 67-гадовага фатографа Генадзя Верацінскага правёў увесну Следчы камітэт.

Крыніца фота: Позірк
Некаторыя падрабязнасці атрымалася высветліць, паведаміў Верацінскі “Позірку”. Паводле яго слоў, з кватэры вынеслі нейкія рэчы, але невядома, што канкрэтна.
У траўні стала вядома, што супрацоўнікі КДБ апячаталі кватэру Верацінскага, але не было ясна дакладна, ці быў ператрус. На аркушы паперы можна прачытаць: “Апячатана. Накладзены арышт. Уваход забаронены. Адказнасць прадугледжана арт. 409 КК Рэспублікі Беларусь (“незаконныя дзеянні ў адносінах да апісанай або арыштаванай маёмасці”; да трох гадоў абмежавання ці да двух гадоў пазбаўлення волі. — “Позірк”.)”. Папера падпісаная супрацоўнікам КДБ “Смирновым Н.Э.”. Унізе прапанавана звяртацца “па ўсіх пытаннях” у галоўнае следчае ўпраўленне Следчага камітэта.
“Калі апячатана тымі, хто надрукаваў, то ў мяне крымінальная справа і ўсё астатняе. Я яўна не проста сведка. Мне пры гэтым нічога не паведамлялі”, — сказаў тады “Позірку” Верацінскі, які пражывае ў Польшчы.
Паводле яго слоў, не было папярэджанняў і ў паштовай скрыні.
“Калі з’язджаў у 2023 годзе з Беларусі, мне прыходзілі позвы, пастаянна тэлефанавалі. Тады я быў у шпіталі, у рэанімацыі. Калі іх набралі па тым нумары, перапыталі, то даведаліся, што гэта быў Следчы камітэт”, — прыгадаў журналіст.
Верацінскі адзначыў, што сябры тады расцэньвалі сітуацыю як вельмі небяспечную і раілі з’ехаць. “Пасля гэтага ніякіх справаў з сілавікамі я не меў”, — дадаў ён.
Генадзь Верацінскі — інвалід другой групы, не мае ныркі. Банкаўская карта, на якую прыходзіла пенсія, была заблакаваная ў 2024 годзе. У лістападзе Беларуская асацыяцыя журналістаў абвесціла збор на яго падтрымку.
