У Малдову не пусцілі беларускага блогера і актывіста Змітра Грынкевіча
У пакоі для дэпартаваных асобаў у аэрапорце Кішынёва аўтар YouTube-канала «ЗУХ Zmicier» Зміцер Грынкевіч правёў амаль суткі. Уначы з 6 на 7 лістапада супрацоўнікі памежнай службы адправілі яго самалётам у Ерэван, адкуль ён прыбыў у Малдову дзеля візарану раніцай 6 лістапада.

Зміцер Грыневіч. Фота: Андрэй Мялешка
Блогер і актывіст Зміцер Грынкевіч жыве ў Арменіі ад траўня гэтага году. Да гэтага жыў два гады ў Батумі, але 8 траўня па вяртанні з чарговага візарану (візаран — кароткатэрміновы выезд з краіны з мэтай абнулення тэрміну бязвізавага знаходжання праз паўторны ўезд) яго не ўпусцілі назад у Грузію з Арменіі.
Блогеру ўручылі дакумент аб забароне на ўезд у Грузію па «іншых прычынах». Зміцер Грынкевіч лічыць, што сапраўднай падставай для забароны ўезду ў Грузію стала яго грамадзянская актыўнасць: «У сваім блогу я здымаў акцыі грузінскай апазіцыі, беларускія акцыі, распавядаў пра грамадска-палітычнае жыццё Грузіі».
«У Грузіі візаран трэба рабіць раз на год, у Арменіі — раз на паўгода. З візай у еўрапейскую краіну пакуль не атрымліваецца. Таму паляцеў у Малдову. Пасля прызямлення мяне затрымалі супрацоўнікі памежнай службы і адвялі на допыт, — распавёў службе маніторынгу Беларускай асацыяцыі журналістаў Зміцер Грынкевіч. —
У прынцыпе, як я потым даведаўся з тэлеграм-чату «Беларусы Малдовы», да беларусаў, якія зараз прылятаюць у Малдову, стаўленне аднолькавае — доўгая праверка і, па магчымасці, адпраўка назад. Можна назваць дыскрымінацыяй па пашпарце, але малдоўскія службы можна і зразумець: пад бокам вайна ва Ўкраіне, Прыднястроўе, а Беларусь — саюзніца Расіі».
Памежнікі «некалькі разоў мяне дапытвалі, глядзелі, што ў мяне ў фотаапараце, глядзелі мой канал, тэлеграм, запытваліся, ці маю я знаёмых у Малдове і Расіі».
Пры гэтым, паводле блогера, яму не далі ніякіх папер, нічога не тлумачылі, проста завялі ў дэпартацыйны пакой і сказалі чакаць рашэння. «Стаўленне — карэктнае, можна карыстацца тэлефонам, схадзіць у буфет», — распавёў Грынкевіч.
Цягам дня да сітуацыі падключыўся Офіс Святланы Ціханоўскай, але на рашэнне малдоўскіх памежнікаў гэта не паўплывала.
«Спачатку мне сказалі, што пакідаюць на нач у пакоі для дэпартаваных асобаў на няпэўны тэрмін. Але ўначы мяне пасадзілі на самалёт да Ерэвана, сказалі, што не ставяць у пашпарт адзнаку пра дэпартацыю, рашэнне прынята з фармулёўкай «няпропуск у Малдову». Але армянскія памежнікі сказалі мне, што ў базе пазначана мая дэпартацыя з Малдовы», — сказаў Зміцер Грынкевіч.
Паводле блогера, ніякіх афіцыйных папер яму не далі і не зачытвалі, а ў прыватнай размове малдоўскія памежнікі адкрыта сказалі яму, што «беларусы — непажаданыя асобы ў Малдове, правяраюць і дапытваюць усіх».
@bajmedia