Даследаванне: У СМІ існуюць дзве паралельныя беларускія рэальнасці. Яны амаль не перасякаюцца
Праект FactCheck.LT прааналізаваў публікацыі беларускіх СМІ за 2025 год і вызначыў, як дзяржаўныя і незалежныя медыі ствараюць розныя інфармацыйныя прасторы.

Фота: Mike van Schoonderwalt / pexels.com
На даследаванне FactCheck.LT звярнуў увагу інфармацыйны партал Reform.news. Аналітыкі прааналізавалі больш за 150 тысяч публікацый за 2025 год: каля 77 тысяч з дзяржаўных СМІ і звыш 72 тысяч з незалежных. Усяго са 150 000 апрацаваных дакументаў было вынята каля 40 тысяч цытат і 450 тысяч згадак.
Аналіз цытавання выяўляе не проста рэдакцыйныя перавагі, а сістэматычнае канструяванне альтэрнатыўных рэальнасцяў. Чытач дзяржаўных СМІ жыве ў свеце, дзе беларуская апазіцыя не існуе, Трамп не гаворыць нічога значнага, Літва маўчыць, а галоўнымі саюзнікамі выступаюць Венгрыя і кола прарасійскіх экспертаў, дзеляцца высновамі даследчыкі.
Чытач незалежных СМІ атрымлівае карціну, дзе ўкраінскія вайскоўцы і палітыкі з’яўляюцца значнымі актарамі, дэмакратычныя сілы Беларусі захоўваюць голас, а заходнія лідэры ад Літвы да ЗША фармуюць кантэкст таго, што адбываецца, адзначаюць яны.
«Гэтыя дзве інфармацыйныя прасторы перасякаюцца толькі ў кропцы непазбежнай — гэта фігуры Лукашэнкі, Пуціна і вышэйшых расейскіх чыноўнікаў. Усё астатняе існуе ў паралельных сусветах», – лічаць аўтары FactCheck.LT.
@bajmedia


