«Экстрэмісцкі» спіс Мінінфарма: польскі каталіцкі часопіс Gość Niedzielny і Telegram-канал «Говорит Витебск»
Міністэрства інфармацыі Беларусі ўвечары 21 жніўня чарговы раз папоўніла на сваім сайце Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Скрыншот сайта
У пералік матэрыялаў, забароненых да распаўсюду на тэрыторыі Беларусі, у ліку іншых інтэрнэт-рэсурсаў унеслі сайт польскага часопіса Gość Niedzielny (ідэнтыфікатар www.gosc.pl), а таксама лагатыпы выдання і звязаныя з ім інтэрнэт-старонкі:
- YouTube-канал Gość Niedzielny (ідэнтыфікатар https://www.youtube.com/@GoscNiedzielny-mle);
- Instagram-акаўнт з назвай Gość Niedzielny (ідэнтыфікатар https://www.instagram.com/goscniedzielny);
- Facebook-акаўнт з назвай Gość Niedzielny (ідэнтыфікатар https://www.facebook.com/goscniedzielny).
Рашэнне прызнаць іх «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» прыняў 20 жніўня 2026 года суд Ленінскага раёна Гродна.
Gość Niedzielny — гэта найбуйнейшы польскі каталіцкі грамадска-палітычны часопіс. Выданне асвятляе жыццё Каталіцкага касцёла, пытанні рэлігіі, этыкі і веры. Пры гэтым значная частка матэрыялаў прысвечаная свецкім тэмам: сусветнай і ўнутранай палітыцы, эканоміцы, гісторыі, культуры, навуцы і медыцыне.
Таксама ў «экстрэмісцкі» спіс Мінінфарм уключыў закрыты Telegram-канал «Говорит Витебск», які мае каля 6 тысяч падпісчыкаў. Гэты канал у асноўным перадрукоўвае матэрыялы са СМІ, у тым ліку і з незалежных беларускіх медыя. Пазнаёміцца са зместам Telegram-канала можна толькі праз запрашальную спасылку, атрымаўшы згоду адміністратараў. Імаверна, што органы пракуратуры, якія рыхтавалі дакументы ў суд, гэтак і зрабілі.
20 жніўня 2026 года суд Чыгуначнага раёна Віцебска прызнаў гэты Telegram-канал «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй».
@bajmedia