Прэзідэнт Польшчы пасмяротна ўганараваў Мілінкевіча крыжам за заслугі перад краінай
Аляксандра Мілінкевіча ўзнагародзілі «за выбітныя заслугі ў дзейнасці на карысць палякаў у Беларусі, за дасягненні ў папулярызацыі дэмакратычных каштоўнасцяў, а таксама за заангажаванне ў будаванні грамадзянскай супольнасці». Ордэн перадаў дарадца прэзідэнта Польшчы на цырымоніі развітання.

Развітанне з Аляксандрам Мілінкевічам у касцёле Святога Яна Хрысціцеля ў Варшаве 22 жніўня 2026 г. Фота: Белсат
Колішні лідар руху «За свабоду», кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2006 года, навуковец і грамадскі дзеяч Аляксандр Мілінкевіч пасмяротна ўганараваны Афіцэрскім крыжам ордэну «За заслугі» перад Польшчай (Order Zasługi Rzeczypospolitej Polskiej). На цырымоніі развітання з Мілінкевічам ордэн перадаў удаве Іне Кулей дарадца прэзідэнта Польшчы Лешэк Скібель.
Мілінкевіч уганараваны крыжам «за выбітныя заслугі ў дзейнасці на карысць палякаў у Беларусі, за дасягненні ў папулярызацыі дэмакратычных каштоўнасцяў, а таксама за заангажаванне ў будаванні грамадзянскай супольнасці».
Гэты ордэн – найвышэйшая ўзнагарода Польшчы для замежнікаў і палякаў за мяжой за заслугі ў міжнароднай супрацы і яднанні народаў. Ордэн надае прэзідэнт Польшчы (цяпер – Караль Наўроцкі) па прадстаўленні Міністэрства замежных справаў. Афіцэрскі крыж – IV‑я з пяці класаў Ордэну, але гэта ўсё яшчэ вельмі высокая ўзнагарода: за першыя сем месяцаў 2026 года такім крыжам у Польшчы ўганаравалі толькі 10 чалавек.

Развітанне з Аляксандрам Мілінкевічам у касцёле Святога Яна Хрысціцеля ў Варшаве 22 жніўня 2026 г. Фота: Белсат
Пры жыцці Аляксандр Мілінкевіч адзначаны шэрагам міжнародных узнагародаў, сярод іх нагрудны знак «За заслугі перад польскай культурай», міжнародная прэмія фонду PolCul (Аўстралія), прэстыжная прэмія імя Андрэя Сахарава (2006), прысуджаная Еўрапарламентам, медаль Рады БНР у гонар 100-годдзя БНР (2018).
У 1990–96 гадах Мілінкевіч быў намеснікам старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму – віцэ-мэрам Горадні. На прэзідэнцкіх выбарах 2006 года Мілінкевіч быў вылучаны адзіным кандыдатам дэмакратычнай апазіцыі. У 2006–2016 гадах Мілінкевіч узначальваў рух «За свабоду» і сам заснаваў прэмію імя Васіля Быкава «За свабоду думкі». У 2017 годзе разам са Святланай Алексіевіч і іншымі інтэлектуаламі стварыў у Варшаве фонд «Вольны беларускі ўніверсітэт», дзе займаў пасаду канцлера. У 2023 годзе Аляксандр Мілінкевіч вярнуўся да палітычнай дзейнасці ў якасці пазаштатнага дарадцы Святланы Ціханоўскай у пытаннях еўрапейскага выбару Беларусі.
Напрыканцы 2025 года Мілінкевіч перанёс аперацыю, пасля чаго доўга змагаўся з наступствамі інфекцыі. Запаленне лёгкіх, інфекцыя кішэчніка, ізноў запаленне лёгкіх. Лячэнне заняло месяцы: спачатку ў аддзяленні неўралогіі, потым у рэабілітацыі, пасля – у спецыялізаваным лячэбна-рэабілітацыйным цэнтры. Палітык пайшоў з жыцця 11 жніўня. Яму было 79 гадоў.
«Яго называлі „Шэфе“». Гарадзенцы ўспамінаюць, якім чалавекам быў Аляксандар Мілінкевіч
@bajmedia