У «экстрэмісцкі» спіс Мінінфарма дадалі Theards-акаўнт выдання «Магілеў.media»
Міністэрства інфармацыі Беларусі 16 ліпеня ў чарговы раз папоўніла Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў на сваім сайце.

Скрыншот з сайта mogilev.media
У яго ўключылі акаўнт у Theards з назвай «Навіны Магілеўскага рэгіёну» (ідэнтыфікатар https://www.theads.com/@mogilev.media). 15 ліпеня 2026 года яго прызнаў «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» суд Ленінскага раёна Магілёва.
Гэты Theards-акаўнт афіляваны з незалежным выданнем «Магілеў.media», якое асвятляе падзеі ў Магілёве і Магілёўскай вобласці. Рэсурс публікуе мясцовыя навіны, журналісцкія расследаванні, аналітыку, рэпартажы і гісторыі звычайных людзей. Асобную ўвагу надае хроніцы рэпрэсій у рэгіёне.
Яшчэ ў снежні 2023 года той жа суд Ленінскага раёна Магілёва прызнаў «экстрэмісцкім» кантэнт сайта выдання і яго старонак у сацыяльных сетках «ВКонтакте», «Одноклассники», Facebook і Instagram, а таксама Telegram-канала MOGILEV.MEDIA.
Гэтыя ж інтэрнэт-рэсурсы пералічаны ў рашэнні КДБ Беларусі ад 19 лістапада 2023 года, дзе гаворыцца пра прызнанне «экстрэмісцкім» фармаваннем «групы грамадзян, аб’яднаных ініцыятывай «6TV Bielarus» і яго структурным падраздзяленнем «Магілёў Медыя» («Навіны Магілёўскага рэгіёну»)».
Наўздагон КДБ правёў шэраг ператрусаў у журалістаў і грамадскіх актывістаў, якіх палічыў датычнымі да працы рэдакцыі інтэрнэт-выдання «Магілёў.Media». Барыса Вырвіча, Аляксандра Агеева, Ігара Шаруху, Пятра Мігурскага, Сяргея Антонава і Аляксея Бацюкова дапыталі ў КДБ у межах крымінальнай справы, распачатай за спрыянне экстрэмізму.
Пасля гэтага Сяргей Антонаў палічыў за лепшае пакінуць Беларусь. Адбыўшы 15 сутак арышту, падчас якога супрацоўнікі КДБ дапытвалі некалькі разоў, з Беларусі з’ехаў і Аляксей Бацюкоў. Падчас допытаў яго змушалі прызнаць, што ён атрымліваў замовы з‑за мяжы на тое, каб «ачарняць» беларускую рэчаіснасць, працуючы ў незалежных СМІ. Кадры з гвалтоўным затрыманнем Бацюкова былі паказаныя ў перадачы «Мордой в пол» у эфіры мясцовага дзяржаўнага тэлебачання. Яе стваральнікі сцвярджалі, што магілёўскія сілавікі выкрылі цэлую сетку здраднікаў, якімі кіраваў з Польшчы былы магілёўскі актывіст Зміцер Салаўёў.
Летась 1 снежня рашэннем суда Ленінскага раёна Магілёва «экстрэмісцкімі матэрыяламі» былі прызнаны TikTok-акаўнт mogilev.media і лагатып інтэрнэт-рэсурса, які, паводле апісання на сайце Мінінфарма, выглядае як «выява ў выглядзе дзвюх белых літар «М.М» на блакітным фоне і тэкст «mogilev.media» або «МАГIЛЁЎ.media».
@bajmedia