• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Электронны бюлетэнь «СМІ ў Беларусі» №2 (69)

    Травень–ліпень 2022 года. Спампаваць PDF

    Працягваўся пераслед журналістаў, уключна з прыцягненнем да крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці, абмежаванне доступу да кантэнту незалежных СМІ, затрыманні і вобшукі.

    У апублікаваным да Сусветнага дня свабоды прэсы «Індэксе свабоды прэсы 2022» Беларусь заняла 153‑е месца з 180[1]. Гэта найгоршы паказчык сярод дзяржаваў, якія знаходзяцца ў Еўропе.

    3 траўня ў Монтавідэа адбылася цырымонія ўзнагароджання Беларускай асацыяцыі журналістаў Сусветнай прэміяй ЮНЭСКА/Гільерма Кана за ўнёсак у свабоду прэсы. Узнагароду атрымаў старшыня БАЖ Андрэй Бастунец, які ў сваёй прамове адзначыў:

    «Гэтую прэмію БАЖ расцэньвае як падтрымку ўсёй незалежнай журналісцкай супольнасці Беларусі. І спадзяецца, што яна зможа прыцягнуць увагу да далейшага пагаршэння становішча са свабодай СМІ ў краіне, паўплывае на змену гэтага становішча да лепшага, на лёс тых журналістаў, якія цяпер у Беларусі знаходзяцца за кратамі»[2].

    Апроч прэміі ЮНЭСКА, БАЖ у той самы дзень былі ўручаныя Ганаровае званне за свабоду выказвання ў Дзень разнастайнасці (Dif­fer­ence Day Hon­orary Title for Free­dom of Expres­sion), якое прысуджаецца двума ўніверсітэтамі Бруселя (ULB і VUB), а таксама прэмія «Свабода прэсы 2022» шведскай секцыі арганізацыі «Рэпарцёры без межаў» (RSF)[3].

    Крымінальны пераслед журналістаў

    На канец ліпеня 2022 года 29 беларускіх журналістаў знаходзіліся ў зняволенні. Восем з іх адбывалі пакаранне па судовых прысудах па крымінальных справах, астатнія – у сувязі з крымінальным пераследам.

    6 чэрвеня Мінскі абласны суд пачаў на закрытым паседжанні разглядаць «справу БелаПАН», па якой абвінавачанымі праходзяць Дзмітрый Наважылаў, Ірына Леўшына, Андрэй Аляксандраў і Ірына Злобіна. Аднак 29 чэрвеня ён быў прыпынены мінімум на два месяцы[4].

    8 чэрвеня журналіст «Радыё Свабода» Андрэй Кузнечык быў прысуджаны па частцы 1 артыкула 361–1 Крымінальнага кодэкса (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім) да 6 год пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. Суд праходзіў у закрытым рэжыме, таму канкрэтныя абставіны справы невядомыя[5].

    Сталася вядомым, што рэдактару «Штодзённіка» Сяргею Сацуку, затрыманаму 8 снежня 2021 года, у якога сканчаўся максімальна магчымы тэрмін утрымання пад вартай, прад’явілі абвінавачанне яшчэ паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса ў дадатак да абвінавачання ў атрыманні хабару: артыкул 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варажнечы ці разладу) і артыкул 426 (перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў). Якія менавіта дзеянні звязваюцца з новымі абвінавачаннямі, невядома[6].

    15 чэрвеня быў абвешчаны прысуд галоўнаму рэдактару газеты «Новы Час» Аксане Колб. Яна атрымала 2,5 года абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу праз вынесенае абвінавачанне паводле часткі 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Пазней яна пакінула Беларусь[7].

    23 чэрвеня ў Гомельскім абласным судзе пачаўся працэс над намеснікам старшыні БАЖ, журналісткай польскага тэлебачання (TVP) Ірынай Слаўнікавай, які з перапынкам працягваўся да 3 жніўня. Яе прысудзілі да пяці год пазбаўлення волі паводле двух крымінальных артыкулаў: 342 (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) і 361 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або кіраванне такім фарміраваннем або структурным падраздзяленнем у яго складзе)[8].

    7 ліпеня ў суд была накіраваная крымінальная справа былой журналісткі дзяржаўнага тэлебачання Ксеніі Луцкінай, якая знаходзіцца пад вартай са снежня 2020 года. Яна абвінавачваецца ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (артыкул 357 Крымінальнага кодэкса), бо, маўляў, «ачоліла групу інфармацыйнага забеспячэння і процідзеяння дзяржаўным СМІ» ў Каардынацыйнай радзе беларускай апазіцыі, а таксама спрабавала стварыць грамадскае беларускае інтэрактыўнае тэлебачанне для «хавання і скажэння рэальных фактаў, эскалацыі пратэставай актыўнасці, стымулявання расколу ў беларускім грамадстве, фарміравання ў людзей адмоўнага меркавання пра дзейнасць дзяржорганаў». Луцкінай пагражае пакаранне ад васьмі да дванаццаці год пазбаўлення волі[9].

    13 ліпеня ў Гомельскім абласным судзе ў закрытым рэжыме быў абвешчаны другі прысуд журналістцы Кацярыне Андрэевай. Яе прызналі вінаватай у «здрадзе дзяржаве» (частка 1 артыкула 356 Крымінальнага кодэкса) і прызначылі пакаранне ў выглядзе васьмі год пазбаўлення волі. Раней, у лютым 2021 года, яна была прысуджаная да двух год калоніі; за пяць месяцаў да выхаду з калоніі ёй прад’явілі новае абвінавачанне[10].

    У траўні–ліпені 2022 года быў распачаты шэраг новых крымінальных спраў супраць журналістаў

    5 траўня быў затрыманы карэспандэнт баранавіцкага выдання «Intex-press» Юрый Ганцарэвіч. Затым супраць яго ўзбудзілі крымінальную справу паводле артыкула аб садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (артыкул 361–4) у сувязі з перасылкай фота расійскай вайсковай тэхнікі выданням «Зеркало» і «Радыё Свабода». 14 ліпеня ён быў прысуджаны да 2 год і 6 месяцаў пазбаўлення волі[11].

    Раніцай 18 траўня супрацоўнікі КДБ затрымалі дырэктара газеты «Беларусы і рынак» Канстанціна Залатых. Яму было прад’яўленае абвінавачанне паводле часткі 2 артыкула 130 Крымінальнага кодэкса Беларусі (распальванне варажнечы або разладу, спалучаныя з гвалтам або здзейсненыя пасадовай асобай), які прадугледжвае пакаранне ад 3 да 10 год пазбаўлення волі. У цяперашні час Канстанцін Залатых знаходзіцца пад вартай[12].

    26 траўня адбыўся вобшук у доме журналіста Алеся Любенчука ў вёсцы Крывічы Іўеўскага раёна, пасля якога ён быў затрыманы ў межах крымінальнай справы і дастаўлены ў ізалятар часовага ўтрымання ў Мінску.

    Вядома, што журналісту прад’яўленыя абвінавачанні, але крымінальны артыкул, які інкрымінуецца Любенчуку, дакладна невядомы (адвакат знаходзіцца пад падпіскай аб неразгалошванні). Раней Любянчук супрацоўнічаў з тэлеканалам «Белсат»[13].

    17 чэрвеня ў адносінах галоўнага рэдактара сайта ABW.by Юрыя Гладчука і рэдактара спецпраектаў Юліі Мудрэўскай былі ўзбуджаныя крымінальныя справы паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Яны абое знаходзяцца пад вартай[14].

    Дырэктар «Дзеў Бай Медыя» Віталь Андрас і яго жонка Алена Андрас, якая працавала бухгалтарам прадпрыемства, былі затрыманыя 23 чэрвеня. Праўладныя Telegram-каналы паведамілі, што супраць Віталя ўзбуджана крымінальная справа за тое, што ён нібыта «падбухторваў людзей на дзяржпераварот» і рэпосціў NEXTA. Пасля вобшуку і затрымання Віталь і Алена былі вызваленыя[15].

    Галоўнае ўпраўленне па расследаванні злачынстваў у сферы арганізаванай злачыннасці і карупцыі (ГУБАЗіК) узбудзіла, у дадатак да абвінавачання па дзесяці артыкулах, новую крымінальную справу па артыкуле 290–5 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі і ўдзел у дзейнасці такой арганізацыі) у адносінах Сцяпана Пуцілы і іншых асобаў за арганізацыю і кіраванне дзейнасцю Telegram-канала Nex­ta, які быў прызнаны тэрарыстычнай арганізацыяй рашэннем Вярхоўнага суда. Санкцыя паводле гэтага артыкула прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін да 15 год[16].

    Перашкода дзейнасці журналістаў і медыяў

    На працягу траўня–ліпеня 2022 года БАЖ было зафіксавана 15 затрыманняў медыяработнікаў і 15 вобшукаў. Пяць журналістаў былі прысуджаныя да адміністрацыйнага арышту на тэрмін ад 10 да 15 содняў.

    Так, у Гомелі 27 чэрвеня быў затрыманы і прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці фатограф-фрылансер Сяргей Лысенка, які знаходзіўся ў парку, дзе адбывалася свята для ўкраінскіх дзяцей[17].

    У ліпені быў заблакаваны доступ з Беларусі да сайта беларускага незалежнага часопіса «ARCHE»[18].

    15 траўня сайт The Vil­lage Беларусь быў унесены ў рэестр забароненых у Расіі ды заблакаваны для расійскіх карыстальнікаў. Яго рэдакцыя атрымала ліст ад Раскамнагляду з патрабаваннем выдаліць тэкст «Што не так з афіцыйнай расійскай версіяй абстрэлу вакзала ў Краматорску, дзе загінулі 50 чалавек», але адмовілася гэта зрабіць[19].

    Таксама ў Расіі была выдадзеная судовая пастанова аб забароне распаўсюду інфармацыі пра страты расійскай арміі падчас вайны ва Украіне, размешчанай на сайце газеты «Беларусы і рынак». Пад забарону патрапіў ужо выдалены на той момант матэрыял[20].

    Застасаванне антыэкстрэмісцкага заканадаўства

    Кантэнт незалежных СМІ прызнаваўся экстрэмісцкімі матэрыяламі. Асабліва часта гэта адбывалася у дачыненні да іх старонак у сацсетках (у тым ліку тых выданняў, чые сайты былі заблакаваныя раней). Гэта закранула сайт і сацыяльныя сеткі выданняў «Медыязона. Беларусь», «‎Медыя-Палессе», «‎Мост», Telegram-канал «Брэсцкай газеты», «‎Hrodna.Life», а таксама канал самвыдату «ByProsvet». Таксама «экстрэмісцкім» быў прызнаныTelegram-канал «HARBACEVIČ» журналіста «Нашай Нівы» Арцёма Гарбацэвіча і папулярны YouTube-канал «Жыццё-маліна», дзе публікуюцца інтэрв’ю з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці.

    Два незалежныя медыя – KYKY.ORG і «Еўрарадыё» – паводле рашэння МУС былі ўключаныя ў Пералік арганізацыяў, фарміраванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў і грамадзянаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці, як «экстрэмісцкія фарміраванні». Таксама туды патрапіла нефармальнае друкаванае выданне «Честная газета» (а таксама звязаныя з ім сацсеткі і Telegram-бот), асобнікі якого былі сканфіскаваныя ў распаўсюдніка Алега Гаўрылава напрыканцы 2021 года.

    Па выніках экспертызы тэкстаў газеты яму было прад’яўленае абвінавачанне паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: 361 (заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь), 341 (апаганьванне пабудоў і псаванне маёмасці), 130 (распальванне варажнечы або разладу) і 367 (паклёп у дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь).

    Блогер і супрацоўнік «Радыё Свабода» Ігар Лосік, прысуджаны да 15 год пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, быў уключаны КДБ у Пералік арганізацыяў і фізічных асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці.

    14 чэрвеня Вярхоўны суд прызнаў таварыства з абмежаванай адказнасцю «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ» «экстрэмісцкай арганізацыяй».

    У сувязі з гэтым экс-міністр інфармацыі Ігар Луцкі заявіў:

    «Было наўпроставае пасягальніцтва на суверэнітэт і незалежнасць нашай краіны, фінансаванне гэтых СМІ, недзяржаўных, ажыццяўлялася звонку і каардынавалася таксама звонку. Яскравы прыклад гэтаму – цяперашняе рашэнне па TUT.BY. Яго прызналі экстрэмісцкім!»[21]

    Падзеі ў дзяржаўным медыясектары

    У чэрвені кампанія Globeсast прыняла рашэнне пра адключэнне тэлеканалу «Беларусь-24» ад спадарожнікавага вяшчання на шэраг краінаў еўрапейскага і ціхаакіянскага рэгіёну. Гэта выклікала абурэнне Міністэрства інфармацыі Беларусі[22].

    Гэткую ж рэакцыю выклікала рашэннеTelegram цалкам выдаліць адыёзныя праўладныя каналы «Желтые сливы» і «Ваши сливы», якія друкавалі «пакаяльныя» відэа затрыманых і абразы на адрас апанентаў улады[23].

    Звяз еўрапейскіх і футбольных асацыяцыяў (УЕФА) выключыў Белтэлерадыёкампанію са спісу афіцыйных вяшчальнікаў Лігі Нацыяў. У выніку гэтага матчы футбольнай зборнай краіны больш нельга паглядзець па тэлебачанні ў Беларусі (раней іх паказваў тэлеканал «Беларусь 5»)[24].

    PDF-версія даклада

     
    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці