Прэмія для відэажурналістаў Hinzpeter Awards (дэдлайн — 17 ліпеня)
Прэмія Hinzpeter Awards ўручаецца відэажурналістам з усяго свету за выключную мужнасць у асвятленні пытанняў дэмакратыі, правоў чалавека і міру. Цырымонія праходзіць у Паўднёвай Карэі.

Да ўдзелу ў прэміі прымаюцца відэапрацы на тэму дэмакратыі, правоў чалавека і міру (навінавыя перадачы і дакументальныя фільмы), якія паказаныя па тэлебачанні або ў інтэрнэт-СМІ ў перыяд з 1 чэрвеня 2025 года па 30 чэрвеня 2026 года.
Заяўнік (ці кіраўнік каманды, які падае заяўку) павінен быць відэажурналістам, які звязаны са СМІ або працуе ў якасці фрылансера.
Намінацыі:
- Галоўны прыз «Свет на раздарожжы» прадугледжвае грашовую ўзнагароду 15 000 000 карэйскіх вон (ці каля 10 тысяч долараў ЗША) і прыз.
- Прэмія за навіны складае 7 000 000 карэйскіх вон (каля 4,5 тысячы долараў ЗША) і прыз.
- Прэмія за мастацкія і дакументальныя фільмы ацэньваецца ў 7 000 000 карэйскіх вон і прыз.
- Прэмія імя Ю Ён Гіля складае 7 000 000 карэйскіх вон і прыз.
ПАДАЦЬ ЗАЯЎКУ
Поўную інфармацыю пра патрабаванні да ўдзельнікаў і падрабязныя інструкцыі па запаўненні заяўкі можна знайсці на сайце прэміі.
Пра прэмію
Прэмія Хінцпетэра заснаваная Фондам 18 мая і Карэйскай асацыяцыяй відэажурналістаў.
Прэмія названа ў гонар нямецкага відэарэпарцёра Юргена Хінцпетэра, які распавёў пра падзеі ў горадзе Кванджу 18 траўня 1980 года. Тады адбылося паўстанне супраць дыктатуры, што панавала апошнія дзесяцігоддзі. Хоць горад быў ачэплены вайскоўцамі, Юрген Хінцпетэр здолеў вывезці відэаматэрыялы, і такім чынам увесь свет даведаўся пра злачынствы палітычнага кіраўніцтва Паўднёвай Карэі тых часоў.
У 2021 годзе ў намінацыі The World at a Crossroads Award перамогу атрымаў Міхаіл Аршынскі, які з 2009 года працаваў відэажурналістам тэлеканала «Белсат». Яго дакументальны фільм «Не бойся» (Don’t be afraid) расказвае пра беларусаў, якія ў 2020 годзе змагаюцца з дыктатурай за сумленныя выбары і супраць фальсіфікацыі. Фільм выйшаў у эфір у траўні 2021 года.
@bajmedia