• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Як правяраюць расследаванні. Кароткі гайд ад фактчэкера OCCRP

    «Навошта даказваць тое, што і так усе ведаюць?», —задаваў слушнае пытанне журналіст і фактчэкер расследавальных журналісцкіх арганізацый Rise Moldova і OCCRP Дзмітрый Стаянаў. Падчас варкшопу «Што такое рэдакцыйны фактчэкінг, і як праводзяцца фактчэкінгавыя расследаванні», які ладзіўся ў межах Фактчэк-марафону «Давярай, але правярай» праекта Рэгіянальнага офіса Прадстаўніцтва Фонда ім. Фрыдрыха Эберта «Дыялог Усходняя Еўропа», ён распавёў, як не губляць час на вынаходніцтва ровара ў журналісцкіх даследаваннях, а таксама прапанаваў шэраг анлайн-інструментаў для хутчэйшага пошуку інфармацыі. БАЖ падрыхтавала кароткі канспект сесіі.

    Што такое фактчэкінг у расследаваннях?

    «У любым тэксце, які змяшчае шмат фактаў і даўжэйшы за дзве-тры старонкі, абавязкова ёсць недахоп: будзе паблытаная лічба, імя…» — кажа Дзмітрый Стаянаў, журналіст і фактчэкер расследавальных журналісцкіх арганізацый Rise Moldo­va і OCCRP.  

    Ён тлумачыць, што па змоўчанні фактчэкер лічыць тэкст карэктным, але на самай справе памылкі знаходзяцца заўсёды. Асабліва рупліва праводзяць праверку журналісцкіх расследаванняў.

    «Мы звяраем з дакументамі і даказваем абсалютна ўсе факты. Бываюць сітуацыі, калі ў цябе ёсць дакумент, але ён не пацвярджае гіпотэзу на 100%. Напрыклад, там пазначаныя імя, імя па бацьку і прозвішча, але калі гэта «Іван Пятровіч Сідараў», то такіх можа быць шмат. Нам трэба яшчэ адно пацверджанне, можна ўскоснае», — тлумачыць спікер.

    З яго досведу, праверка фактаў займае нямала часу: на дзве гадзіны рэдактуры прыходзіцца тры гадзіны праверкі.

    Як выглядае алгарытм фактчэкінгу? Рэпарцёр дае тэкст для правак рэдактару, рэдактар — фактчэкеру, пасля зноў чытае ўжо правераную версію. Такім чынам, тэкст да рэдактара патрапляе двойчы.

    Гэтую працу робіць не адна і тая ж асоба, падкрэслівае фактчэкер. Праверку праводзіць іншы рэпарцёр або юрыст, таксама выдатна атрымліваецца ў людзей з бухгалтарскім бэкграўндам, адзначае ён.

    Навошта столькі намаганняў? Каб рэдакцыі давяралі, а яе тэксты былі значныя і аказвалі ўплыў нават на афіцыйным узроўні.

    «Кожны раз, калі вы робіце вялікую памылку, ваш лаяльны чытач пачынае менш давяраць. [У маёй працы] была гісторыя, калі мы пераблыталі двух братоў з падобнымі імёнамі, але рознымі прозвішчамі. Другі брат быў не вінаваты, ён падаў на нас у суд і выйграў», — кажа фактчэкер.

    Што лічыцца доказам?

    Да доказаў адносяць афіцыйныя дакументы і іх копіі, інфармацыю з баз дадзеных або сайтаў арганізацый, а таксама фота, відэа і аўдыя. Да доказаў не адносяцца:

    • спасылкі на Вікіпедыю або падобныя анлайн-платформы;

    • спасылкі на непацверджаную інфармацыю іншых СМІ;

    • інтэрв’ю з людзьмі, якія не маюць дачынення да справы;

    • рэплікі накшталт: «Усе гэта ведаюць!» ці «Я ўпэўнены, што гэта праўда!»

    «Такія рэплікі могуць паспрачацца ў папулярнасці з Вікіпедыяй, — каментуе журналіст. Ён дадае: — Апошнім часам журналісты карыстаюцца Chat­G­PT, але ён, як Вікіпедыя [са звесткамі] да 2021 года».

    Прапусціць праверку можна для элементаў рэпартажу, якія не ўтрымліваюць дакладных дадзеных і якіх-кольвек абвінавачанняў. Дадаткова трэба пераправяраць:

    •  мультымедыя (пацвердзіць асобы людзей на фота, відэа і ў аўдыя, праверыць праўдзівасць фота і відэа, правы на іх выкарыстанне);

    • графікі, табліцы, шкалы (яны павінны быць праўдзівымі і адпавядаць тэксту);

    • асобы людзей, імёны, абазначэнні месцаў і кампаній, лічбы і іншыя дадзеныя.

    «Нават афіцыйныя звесткі дзяржструктур могуць утрымліваць памылкі. Таму, спасылаючыся толькі на адну такую крыніцу, важна яе цытаваць», — кажа Дзмітрый Стаянаў.

    Калі ў рэдакцыю неафіцыйна трапляе дакумент, яго трэба праверыць на сапраўднасць, тлумачыць фактчэкер. Для гэтага можна праверыць метададзеныя, парадкавы нумар дакумента, наяўнасць подпісаў. Таксама можна зрабіць інтэрв’ю з прадстаўнікамі арганізацыі і праз яго ўскосна пацвердзіць сапраўднасць. Калі гэтыя спосабы не спрацавалі, але дакумент трэба апублікаваць і вы давяраеце крыніцы, то пры публікацыі дадаюць тлумачэнне наконт яго крыніцы.

    У тэксце, падсумоўвае Дзмітрый Стаянаў, не дапускаюцца высновы журналіста або абвінавачанні, якія грунтуюцца на інтэрв’ю. Як павінны выглядаць доказы ў расследаванні? У самім дакуменце з тэкстам журналісты пакідаюць спасылкі ў выглядзе заўваг ці каментароў з максімальнай колькасцю інфармацыі. Таксама асобна яны робяць скрыншоты ўсіх старонак з пацверджаннямі і складаюць іх у тэчку на воблачным сховішчы.

    «Інтэрнэт не вечны», — кажа спікер і тлумачыць, што дадзеныя па спасылцы могуць змяніцца ці ўвогуле знікнуць. Тэчкі ў OCCRP захоўваюцца пяць гадоў і могуць быць выкарыстаныя ў выпадку звароту ў суд.

    Як па поўнай выкарыстоўваць адкрытыя крыніцы

    Пошук у адкрытых крыніцах можна значна паскорыць з дапамогай розных інструментаў. Дзмітрый Стаянаў дзеліцца невялікім спісам.

    Напрыклад, што рабіць, калі старонка не адчыняецца? Прагляд кэшаванай версіі дапамагае ўбачыць, як яна выглядала падчас апошняга наведвання Google. Каб убачыць яе, у выніках пошуку побач з адрасам сайта пстрыкніце стрэлку ўніз, абярыце кэшаваную версію старонкі (падрабязней).

    Мноства інструментаў прапануе Google Advanced Search, напрыклад:

    • inurl: — пошук унутры старонкі сайта (down­loads; about),

    • file­type: — пошук канкрэтнага тыпу дакумента (PDF, JPG),

    • « » — пошук дакладнага выразу («урад прыняў рашэнне»),

    • + / AND — дадаць новыя задачы ў пошуку (filetype:DOC + filetype:XSL),

    Duck­Duck­Go – пашукавік, які дае вынікі без уліку звестак з кэшу (то бок без уліку вашых ранейшых запытаў). Wol­fra­mAl­pha — «дакладная Вікіпедыя», як апісвае Дзмітрый Стаянаў. Пры пошуку яна стварае артыкулы, да якіх далучае спасылкі. Brave Brows­er — альтэрнатыва для тых, хто не давяряе Chrome,

    Exif Data View­er дазваляе праглядзець метададзеныя фота,

    Emailrep.io — убачыць рэпутацыю электроннага адраса,

    Wikimapia.org — адзін з варыянтаў анлайн-мап,

    GoFull­Page — пашырэнне, якое дазваляе зрабіць скрыншот старонкі цалкам, нават калі яна доўгая, і захаваць у фармаце PDF альбо PNG,

    Google Trans­late — пашырэнне, каб перакладаць словы і фразы, не адкрываючы асобную старонку,

    Way­back­Mashine — пашырэнне для доступу ў архіў Інтэрнэта, дзе вы можаце праглядзець версіі старонак за розныя даты, у тым ліку выдаленых, а калі пашанцуе — нават спампаваць з іх дакументы.

    Чытайце яшчэ:

    Фактчэкінг у карыстальніцкім (і не толькі) кантэнце: прапануем інструкцыю, як раскрываць фэйкі

    Прасоўваць кантэнт праз Tinder і білборды. Журналісты Беластока абмеркавалі, як дагрукацца да аўдыторыі ў Беларусі

    «Я не веру, што пасля смерці Лукашэнкі прыйдзе іншы дыктатар». Размова з беларускамоўным дэпутатам літоўскага Сейма

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Телеграм‑бот «Глаз бога» и «Магнит». Как милиционеры пробивают телефонные номера, почты и адреса беларусов

    Чтобы узнать, что у вас есть «безопасная» почта, вычислить адрес, куда вам привозят доставку еды (на квартиру, о которой никто не знает?) или в каких городах вы были, когда оплачивали сервисы в интернете — можно не отбирать ваш телефон или карту. Милиционеры пользуются ботами, которые уже собрали всю эту информацию — например, «Глаз бога». «Медиазона» вместе с «Киберпартизанами» рассказывает, как устроен бот.
    07.09.2023
    Акцэнты

    Какую информацию о нас хранят телеграм‑боты, чем они опасны и как удалить их из аккаунта? Отвечают эксперты

    Какие данные хранят о пользователях телеграм-боты? Как правильно удалить их из своего аккаунта? Как отличить настоящий бот от фейкового? «Медиазона» отвечает на эти вопросы вместе с разработчиком партизанского телеграма и одним из участников объединения «Киберпартизаны».
    21.08.2023

    Силовики пишут белорусам за границей в Telegram. Какие настройки мессенджера помогут защитить приватность?

    17.04.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці