• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Мінінфарм абараніў газету «Витебские вести», дзе была надрукавана непраўдзівая інфармацыя

    Як вынікае з адказу за подпісам першага намесніка міністра інфармацыі Андрэя Кунцэвіча, фарміраванне кантэнту — гэта непасрэдная кампетэнцыя рэдакцыі СМІ. А Мінінфарм «не ўпаўнаважаны ўмешвацца ў сферу прафесійнай самастойнасці СМІ» і «не вызначае рэдакцыйную палітыку».

    Такі ліст атрымалі складальнікі петыцыі, якія звярталі ўвагу ведамства на тое, што ў абласной дзяржаўнай газеце «Витебские вести» была пададзеная непраўдзівая інфармацыя пра колькасць жыхароў у гарадскім пасёлку Копысь.

    Мінінфарм адказаў на петыцыю супраць віцебскай газеты

    Чыноўнікі «Віцебскэнэрга» на прамой лініі ў газеце «Витебские вести». Ілюстрацыйнае фота: vitvesti.by

    Петыцыя за нумарам 5820 была размешчаная на платформе «Зручны горад».

    Пра неабходнасць умяшання ў рэдакцыйную палітыку ў петыцыі размовы не вялося: аўтары звярнуліся ў Міністэрства інфармацыі, каб там ініцыявалі праверку і высветлілі «ўсіх асоб у рэдакцыі газеты, якія ажыццявілі распаўсюд недакладнай інфармацыі», прыцягнулі іх да дысцыплінарнай адказнасці, а супраць кіраўніцтва газеты распачалі адміністрацыйны працэс па артыкуле 23.5 КаАП (аарушэнне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі).

    Паводле адказу Андрэя Кунцэвіча, міністэрства не можа весці адміністрацыйны працэс.

    Што да факту выяўленых недакладнасцяў, паведамляецца, што Мінінфарм звяртаўся ў рэдакцыю газеты «Витебские вести» па тлумачэнні наконт статыстычных звестак, прыведзеных у артыкуле «Чым унікальны гарадскі пасёлак Копысь у Аршанскім раёне?» ад 2 снежня 2023 года.

    Прэтэнзіі складальнікаў петыцыі палягалі ў тым, што карэспандэнтка Вольга Хаецкая прывяла ў ім завышаную колькасць жыхароў, якая не адпавядае афіцыйным дадзеным Нацыянальнага статыстычнага камітэта. І ніхто ў рэдакцыі — ні сама аўтарка, ні яе кіраўніцтва — не спраўдзілі, ці аб’ектыўныя звесткі трапілі ў артыкул.

    Журналістка Вольга Хаецкая пацвердзіла, што афіцыйнымі статыстычнымі дадзенымі не карысталася, а ўсе лічбы запісала са слоў старшыні Копысскага пасялковага савета Кацярыны Вацуры і прывяла ў артыкуле дакладную цытату яе выказвання. Тэкст артыкула быў узгоднены са старшынёй сельсавета, і «абвяржэнняў або іншых звестак, якія адрозніваюцца ад прыведзеных у артыкуле, у рэдакцыю не паступала», падкрэслівае першы намеснік міністра інфармацыі.

    Мініфарм парэкамендаваў аўтарам петыцыі звярнуцца непасрэдна ў рэдакцыю газеты. Але папярэдзіў, што дамагчыся абвяржэння наўрад ці ўдасца: паводле заканадаўства, патрабаваць яго можа толькі асоба, пра якую рэдакцыя распаўсюдзіла непраўдзівыя звесткі.

    Вынікае, што ў чытачоў няма магчымасці атрымаць дакладную інфармацыю, калі сама рэдакцыя не захоча задаволіць патрабаванні аўтараў петыцыі. У адпаведнасці з арт. 52 Закона аб СМІ, рэдакцыі, перасанальна рэдактары і ўладальнікі інтэрнэт-рэсурсаў не нясуць адказнасць за праўдзівасць звестак, атрыманых ад дзяржаўных органаў, іншых дзяржаўных арганізацый і іх супрацоўнікаў.

    Чаму складальнікі петыцыі «зачапіліся» за лічбы ў артыкуле пра Копысь, на якія шэраговы чытач увогуле наўрад ці звярнуў бы сваю ўвагу? Тут варта прыгадаць гісторыю стварэння гэтай публікацыі.

    Артыкул «Чым унікальны гарадскі пасёлак Копысь у Аршанскім раёне?» з’явіўся ў дзяржаўнай газеце ў якасці абвяржэння ліста мясцовага жыхара, які вырашыў паскардзіцца Аляксандру Лукашэнку на заняпад жыцця ў сваім населеным пункце. Скарга трапіла да адміністратараў аднаго з віцебскіх паблікаў, прызнаных «экстрэмісцкімі матэрыяламі». І праўладныя прапагандысты, якія маглі б проста не заўважыць гэтай публікацыі, узяліся абвяргаць выкладзенае ў звароце.

    У абласной газеце «Витебские вести» і ў раённай «Аршанскай газеце», выйшлі артыкулы пра тое, як паспяхова развіваецца пасёлак і якія цудоўныя ўмовы створаныя там для мясцовых жыхароў. Паводле старшыні пасялковага савета, на пачатак 2023 года насельніцтва Копысі складала амаль 800 чалавек, і ўсе яны вельмі задаволеныя сваім жыццём. Аднак артыкул для «Витебских вестай» быў напісаны і апублікаваны ў самым канцы мінулага года. Аўтарка не стала ўдакладняць, ці змянілася за год дэмаграфічная сітуацыя і ці адпавядаюць словы старшыні пасялковага савета рэчаіснасці. Між тым, паводле звестак камітэта статыстыкі, на 1 студзеня 2024 года ў Копысі пражывалі ўсяго 609 чалавек. Гэта амаль на 30% менш, чым напісана ў артыкуле пра Копысь як пра «настоящий сгусток истории и настоящую «деревню» будущего», «образец для подражания» і «замечательное место для жизни».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці