• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Ларыса Шчыракова працуе ў калоніі швачкай, спадзяецца на спатканне з сынам

    Апошнімі навінамі ад палітзняволенай журналісткі падзяліўся гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

    Паводле ягоных звестак, Ларыса не скардзіцца на здароўе, перадае прывітанні ўсім знаёмым і дзякуе за падтрымку. «Спадзяецца, што тэрмін да канца адбываць не давядзецца. Жартуе, што ў яе планы гэта не ўваходзіць», — піша Леанід Судаленка.

    Працуе Ларыса на швейнай вытворчасці, як і іншыя жанчыны ў гомельскай папраўчай калоніі № 4. Паведамляе, што ўжо атрымала адну вялікую перадачу (да 50 кілаграмаў), якую мае права атрымліваць раз на тры месяцы. Таму самыя неабходныя рэчы ў яе ўжо ёсць. Спадзяецца, што дазволяць спатканне з сынам. Паводле закона спатканне з роднымі можа быць працягласцю да трох сутак, і Ларыса разлічвае, што з сынам ёй будзе дазволена пабыць хоць бы адны суткі.

    Паводле допісу Леаніда Судаленкі, яна «шчыра марыць, што за добрыя паводзіны і станаўленне на шлях выпраўлення ёй дазволяць раней выйсці на волю».

    Праваабаронца просіць падтрымаць журналістку лістамі і паштоўкамі, накіраваўшы іх на адрас: 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3, ПК № 4, Шчыраковай Ларысе Фёдараўне.

    За кратамі Ларыса Шчыракова знаходзіцца з 6 снежня 2022 года. Сілавікі правялі ў яе дома ператрус, а непоўнагадовага сына Святаслава забралі ў прытулак. Пазней былы муж журналісткі, які апошнія гады жыў у Новасібірску (РФ), сабраў неабходныя дакументы і забраў падлетка з прытулку пад сваю апеку.

    16 снежня 2022 года беларуская праваабарончыя супольнасць прызнала Ларысу Шчыракову палітычнай зняволенай.

    Паводле матэрыялаў крымінальнай справы, Ларысу Шчыракову абвінавацілі, што «са жніўня 2020 года па снежань 2022 года, выкарыстоўваючы напружаную грамадскую сітуацыю і імкнучыся дэстабілізаваць абстаноўку ў краіне, праз розныя месенджары і ўліковыя запісы ў сацсетках прадаставіла для размяшчэння і размясціла ў сетцы Інтэрнэт, у тым ліку на дэструктыўных рэсурсах, інфармацыйныя матэрыялы з загадзя ілжывымі звесткамі, якія дыскрэдытавалі Рэспубліку Беларусь». Яна ж, паводле пракуратуры, «ажыццяўляла збор, стварэнне, апрацоўку, захоўванне і перадачу аўдыя‑, відэа‑, фота- і тэкставай інфармацыі, для далейшага выкарыстання ў мэтах забеспячэння экстрэмісцкай дзейнасці інфармацыйнага рэсурсу «Вясна» і экстрэмісцкага фармавання «Белсат»».

    Нагадаем, рашэннем Міністэрства ўнутраных спраў РБ тэлеканал «Белсат», яго старонка на YouTube-канале, а таксама акаўнты ў Telegram, Insta­gram, Twit­ter, Face­book, «Вконтакте» і «Одноклассниках» былі прызнаныя «экстрэмісцкім фармаваннем» 3 лістапада 2021 года. «Гомельская вясна» і афіляваныя з ёй сацсеткі абвешчаныя такімі 9 жніўня 2023 года — калі ўжо ішоў суд над Шчыраковай.

    Справу журналісткі разбіралі на закрытым судовым пасяджэнні у Гомельскім абласным судзе. 31 жніўня 2023 года суддзя Мікалай Доля прызнаў Ларысу Шчыракову вінаватай паводле арт. 361–4 Крымінальнага кодэкса (Спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці) і арт. 369–1 Крымінальнага кодэкса (Дыскрэдытацыя Беларусі). Жанчыну асудзілі да трох з паловай гадоў пазбаўлення волі і штрафу памерам 100 базавых велічынь. Таксама, згодна з выракам суда, у яе часткова канфіскаваная маёмасць.

    Ларыса адмовілася ад магчымасці абскардзіць прысуд ў Вярхоўным  судзе, і напрыканцы верасня яе этапавалі са следчага ізалятара ў жаночую папраўчую калонію № 4.

    Сёлета 13 красавіка Ларыса Шчыракова сустрэла за кратамі сваё 50-годдзе. 7 чэрвеня ў яе памерла маці, на пахаванні дачка не прысутнічала.

    22 верасня 2023 года Міністэрства ўнутраных спраў РБ унесла Шчыракову ў «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

    Чытайце яшчэ:

    «Пазл склаўся». Ігар Ільяш пракаментаваў гіпотэзу, якая пралівае святло на другі прысуд Кацярыне Андрэевай

    Пагрозы, харасмент, судовыя цяжбы. Журналісты краін Балтыі — пра выклікі для медыя

    Махачкала — Менск. Як прапаганда прыводзіць да пагромаў. Тлумачаць экспэрты

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці