Марыю Булавінскую не пакаралі за “Бяздомны горад”
Суд Цэнтральнага раёна Гомеля спыніў адміністрацыйную справу ў дачыненні сябра ГА “БАЖ” Марыі Булавінскай-Ляпінай за стварэнне дакументальнага фільма “Бяздомны горад”. Адпаведную пастанову вынес суддзя Сяргей Кармановіч, адзначыўшы, што сышоў двухмесячны тэрмін для накладання адміністрацыйнага спагнання.

Марыя Булавінская. Фота: TUT.by
Адміністрацыйны пратакол супраць журналісткі Булавінскай за нібыта незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ паводле часткі 2 артыкула 22.9 КаАП склаў у кастрычніку ўчастковы інспектар Цэнтральнага РАУС Гомеля Аляксандр Гусеў. Фільм быў паказаны на беларускамоўным спадарожнікавым тэлеканале “Белсат”, які транслюе свае перадачы з тэрыторыі Польшчы. На сайце тэлеканала Марыя Булавінская пазначаная як рэжысёр і аўтарка фільма.
У дакументальнай стужцы ідзе гаворка пра разбурэнне гістарычнай драўлянай забудовы горада, пра мастака-рэстаўратара, прафесійнага цесляра Андрэя Скідана, які ратуе ад поўнага знішчэння розны дэкор з драўляных дамоў. На злом пайшоў нават арыгінальны дом, у якім, паводле падання, правяла свае апошнія дні княгіня і мецэнатка Ірына Паскевіч. (Высілкамі неабыякавых гомельцаў дом уратаваны і захоўваецца ў разабраным стане за горадам, чакаючы рэканструкцыі на новым месцы ў цэнтры горада.)
Гомельскія міліцыя і суды пастаянна пераследуюць журналістаў-фрылансераў, чые сюжэты на сацыяльныя і эканамічныя тэмы з’яўляюцца на тэлеканале “Белсат”. Адміністрацыйны пратакол супраць Марыі Булавінскай за дакументальны фільм быў складзены ўпершыню.
