• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    ПАСТАНОВА Камісіі па этыцы ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” ад 19 ліпеня 2016 года

    Камісія па этыцы ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” у складзе прысутных Анатоля Гуляева, Валера Карбалевіча, Сяргея Ваганава, Таццяны Рэвяка, Марыны Загорскай, Змітра Падбярэзскага разглядзела скаргу сябра ГА “БАЖ” Ігара Барысава.

     

    У скарзе выказана незадаволенасць тым, як падаецца інфармацыя на рэсурсе http://freeregion.info/. У прыватнасці, размова ідзе пра публікацыі Яўгена Парчынскага “Нагло обманули и остались в партии”, “Социал-демократы: очередной раскол?”, “Почему разделилась Грамада?”.

    Заяўнік просіць даць ацэнку дадзеным публікацыям, бо, на яго думку, яны выказваюць пазіцыю толькі аднаго боку канфлікту.

    Камісія канстатуе, што названыя вышэй матэрыялы на самой справе былі апублікаваныя на http://freeregion.info/. Размова ў іх ідзе пра канфлікт у Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. Аўтар Яўген Парчынскі ў тэкстах пазіцыянуе сябе як журналіст (“:” «Особый резонанс прослеживается в том, что руководство партии, в лице Ирины Вешторд, грозится непризнанием итогов конференции в Витебской областной организации, по поводу чего есть уже ее соответствующая жалоба в ЦРК партии, — рассказывает корреспонденту сайта freeregion.info заместитель председателя Витебской областной организации Грамады Евгений Вильский”, “:” На 16 съезд БСДП (Грамада), проходивший 13 марта в Минске, я был приглашен в качестве журналиста”.)

    Камісія адзначае, што памянёныя вышэй матэрыялы на самой справе ўтрымліваюць крытыку кіраўніцтва партыі БСДП у асобе Ірыны Вештард і яе калег. Прычым крытыка ўтрымлівае рэзкія выразы і сур’ёзныя абвінавачванні. У тым ліку:

    • абвінавачанне ў падмане: загаловак “Нагло обманули и остались в партии”;
    • абвінавачанне ў падробцы дакументаў: “Виктор Михасев (руководитель Бараньской партийной ячейки), председатель мандатной комиссии Ольга Шпаковская (руководитель Железнодорожной организации г. Витебска) — во время исполнения ими своих обязанностей по проверке представленных протоколов участниками Витебской конференции совершили подлог”;
    • абвінавачанне ў змове: “…на проведенной Витебской областной конференции имел место заговор группы лиц, для последующего блокирования участия делегатов Витебской организации на съезде БСДП”.

    Прагучала таксама абвінавачанне на адрас палітолага Аляксандра Фядуты: “…” Дров в разгорающийся костер борьбы подбросила статья Александра Федуты, появившаяся на некоторых интернет-ресурсах. «Скорее всего — это заказ определенного лица или лиц, — замечает по этому поводу Евгений Вильский. – Честно сказать, совершенно непонятно с чего это вдруг Федута озаботился проблемами социал-демократов, живя за тридевять земель от Беларуси?” Пра які артыкул ідзе размова, у чым сутнасць абвінавачанняў – аўтар не тлумачыць.

    Камісія таксама адзначае, што ў памянёных публікацыях не былі прадстаўленыя не толькі думка тых, хто падвергнуты крытыцы, але і хаця б больш-менш важкія аргументы на карысць сцвярджэнняў аўтара.

    У размове са старшынём камісіі Анатолем Гуляевым аўтар публікацый Яўген Парчынскі пагадзіўся, што як журналіст ён дапусціў памылку, выклаўшы толькі свой погляд на праблему. У той жа час ён паведаміў, што, калі да яго звярнуліся з патрабаваннем апублікаваць іншы погляд, матэрыял за подпісам спадара Леаніда Гаравога на http://freeregion.info/, у якім прыведзеныя аргументы другога боку канфліту, адразу быў размешчаны: «Варта карыстацца нормамі права, а не паняццямі або пра крызіс у Віцебскім абкаме БСДП».

    Спадар Леанід Гаравы ў размове са старшынём камісіі пацвердзіў, што на самой справе праблем з размяшчэннем матэрыялу не было. Але адзначыў, што апынуўся ў няўдзячным становішчы, калі вымушаны быў даказваць, што калегі па партыі не хлусілі, не падраблялі дакументы, не ўступалі ў змову і гэтак далей…

    На думку спадара Гаравога, такога ўвогуле не павінна быць, бо стандарты журналістыкі патрабуюць падаваць поўны спектр поглядаў на падзею ці з’яву.

    У кампетэнцыю камісіі па этыцы ГА “БАЖ” не ўваходіць абавязак высвятляць стасункі паміж сябрамі якіх-кольвек структур – у тым ліку палітычных. Але камісія мае права і абавязак ацаніць публікацыі з пункту гледжання выканання асноўных стандартаў і прынцыпаў журналістыкі.

    Камісія адзначае безумоўнае права Яўгена Парчынскага на крытыку. Але неабходна прызнаць, што ў разгляданых матэрыялах парушаны адзін з асноўных прынцыпаў пошуку і атрымання інфармацыі: “Паважаючы права грамадства на аб’ектыўную інфармацыю, журналіст абавязаны перадаваць дакладныя звесткі, а таксама спектр поглядаў на тое ці іншае пытанне. Навіны павінны грунтавацца на фактах і дадзеных, дакладнасць якіх можа быць правераная.

    Журналіст павінен прыкласці максімум намаганняў для атрымання інфармацыі з усіх магчымых крыніцаў для таго, каб пераканацца ў яе паўнаце, дакладнасці і бесстароннасці. Асабліва дбайна павінна быць праверана інфармацыя, якая можа зняважыць чалавека ці прынізіць яго» (Кодэкс журналісцкай этыкі ГА “БАЖ”).

    Камісія па этыцы пастанаўляе:

    У разгледжаных матэрыялах на http://freeregion.info/ утрымліваюцца парушэнні прафесійнай этыкі. Камісія звяртае ўвагу калег на неабходнасць аргументаваць сцвярджэнні фактамі і дадзенымі, дакладнасць якіх правераная. Асабліва калі такія сцвярджэнні могуць зняважыць чалавека ці прынізіць яго.

     

    Старшыня камісіі

    Анатоль Гуляеў,

    сакратар камісіі

    Таццяна Рэвяка

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці