У Беларусі заблакавалі сайт музычнага парталу «Тузін гітоў»
Пра гэта паведаміў у сваіх профілях у сацсетках адзін з заснавальнікаў праекту і кіраўнік Беларускай Рады культуры Сяргей Будкін.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Цырымонія ўзнагароджання лепшых выканаўцаў сэзону 2010–2011 па вэрсіі сайту «Тузін Гітоў» у пабе «Графіці». Менск, Беларусь. 16 верасня 2011 года. Фота: ultra-music.com
Паводле Сяргея Будкіна, блакіроўка адбылася на загад Міністэрства інфармацыі.
«Сітуацыя такая: на загад міністэрства інфармацыі Беларусі заблакаваны сайт праекту з 21-гадовай гісторыяй «Тузін Гітоў» (Tuzinfm.by) з каштоўным архівам за 2003–2020 гг.», – піша Будкін.
У прыватнасці, працягвае ён, заблакаваная праца асобных старонак, якія прысвечаныя праектам «НЕрасстраляныя«, «Перазагрузка», «Апошні золак», «Заспявай BY«, «Тэлебудка«, «Тузін.Немаўля«, «Re:Песняры», «100 найвялікшых беларускіх песень», праекты, прысвечаныя памяці Анатоля Сыса, Сержука Вітушкі, Міхала Анемпадыстава ды іншыя.
Стваральнік праекта нагадаў, што спробы спыніць працу «Тузіна» рабіліся і раней: дзевяць гадоў таму тагачасная міністарка інфармацыі Лілія Ананіч накіравала на імя Сяргея Будкіна ліст з папярэджаннем, што доступ да рэсурсу можа быць абмежаваны «за распаўсюд непраўдзівай інфармацыі, якая можа нанесці шкоду дзяржаўным або грамадзкім інтарэсам». Але ў лісце не паведамлялася, што гэта былі за парушэнні.
Гэтым разам ніякіх папярэджанняў не было: уладальнікі хостынгу атрымалі наўпроставы загад заблакаваць сайт.
У той жа час Сяргей Будкін заспакойвае, што ўвесь архіў сайта знаходзіцца ў бяспецы.
Праект «Тузін гітоў» паўстаў у 2003 годзе і меў на мэце прапагандаванне музыкі, створанай у Беларусі. Станам на 2009 год меў больш за 50 тыс. штомесячных наведнікаў, якія спампоўвалі больш за 80 тыс. песняў.
