У Глыбокім ідэолагаў вучылі «інфармацыйнай гігіене»
У Глыбоцкім адбыўся семінар для ідэолагаў Віцебшчыны. Іх вучылі супрацьстаяць любым спробам маніпуляцыі грамадскай думкай.

Фота: vg-gazeta.by
У Глыбокае на малочнакансервавы камбінат 14 снежня з’ехаліся ідэолагі прадпрыемстваў Глыбоцкага, Браслаўскага, Пастаўскага і Шаркаўшчынскага раёнаў. Як піша раённая газета «Веснік Глыбоччыны», семінар быў прысвечаны абмеркаванню ключавых аспектаў выбарчай кампаніі, пытанням інфармацыйнай гігіены і іншым важным тэмам, звязаным з дзейнасцю ідэолагаў на вытворчасці.
Напачатку дэпутат Палаты прадстаўнікоў Анатоль Сіўко даў зразумець прысутным, што для іх важная яўка на выбарах. Гэта ён падаў як клопат пра волевыяўленне народа.
«Актыўны ўдзел у выбарах з’яўляецца важным складнікам працэсу народнага волевыяўлення», — сказаў Сіўко.
Намесніца начальніка ўпраўлення ідэалагічнай працы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Ірына Сафейчанка запэўніла прысутных у даверы народа да дзейнага ўладнага рэжыму. Паводле раённай газеты, чыноўніца прэзентавала вынікі даследаванняў пра «высокі ўзровень даверу грамадзян да дзяржаўных інстытутаў і гатовасць падтрымліваць ініцыятывы, накіраваныя на ўмацаванне стабільнасці ў краіне».

Фота: vg-gazeta.by
А вішанькай на торце стаў выступ намесніка начальніка галоўнага ідэолага Віцебскага аблвыканкама Анатоля Гуцуляка. Ён выступіў з дакладам на тэму «Інфармацыйная гігіена».
Прысутным ідэолагам ён расказаў ва ўсіх падрабязнасцях пра метады абароны ад дэзінфармацыі і спосабах праверкі дакладнасці крыніц.
«Ва ўмовах сучаснай інфармацыйнай прасторы, дзе інфармацыя распаўсюджваецца імгненна, вельмі важна разумець, як правільна ўзаемадзейнічаць з рознымі крыніцамі інфармацыі, асабліва ў інтэрнэце», — сказаў Гуцуляк.
Паводле яго слоў, ідэолагі павінны быць гатовыя супрацьстаяць любым спробам маніпуляцыі грамадскай думкай. Як зазначае «Веснік Глыбоччыны», менавіта гэтыя пытанні выклікалі жывую цікавасць у зале.
