У віцебскай газеце «Витьбичи» перастала працаваць рубрыка пра гарадскія праблемы
Ад пачатку 2024 года у гарадской газеце «Витьбичи» не аднаўляецца рубрыка «Есть проблемы? Обращайтесь!», заўважыла «Віцебская вясна».
Апошні артыкул у гэтым раздзеле датуецца снежнем 2023 года. За ўвесь мінулы год пад рубрыкай «Есть проблемы? Обращайтесь!» выйшла 19 артыкулаў.
Першапачаткова рубрыка была прызначана для таго, каб карэспандэнты дзяржаўнага выдання дапамагалі ў вырашэнні жыццёвых пытанняў мясцовым жыхарам. Як адзначае «Віцебская вясна», у апошні год, атрымаўшы запыт ад чытачоў, карэспандэнт выдання выязжаў на месца (іншым разам праз пару месяцаў), пераконваўся ў тым, што праблема насамрэч ёсць, і прасіў адкаментаваць сітуацыю адпаведныя гарадскія службы. Тыя абяцалі ўсё выправіць або тлумачылі, чаму гэта немагчыма. Пасля гэтага пісаўся артыкул. Пра вынікі там, як правіла, не згадвалася.
«Чытачоў пакідаюць сам-насам з чарговай порцыяй абяцанняў. Зразумела, што жаданне звяртацца па такую «дапамогу» у людзей паступова знікае. Адсутнасць зваротаў і іх відавочна малая колькасць – самы выразны паказнік таго, што чытачы не спадзяюцца на вырашэнне праблем, перадусім камунальных, праз гарадскую газету», – робяць вывад мясцовыя праваабаронцы.
Паводле іх інфармацыі, жыхары Віцебска шукаюць альтэрнатыву, пішучы ў гарадскія паблікі. Адказныя службы вымушаныя рэагаваць, калі ў сацыяльных сетках з’яўляюцца, напрыклад, фотаздымкі стыхійных звалак, дарог у занядбаным стане ці затопленых падвалаў.