Міжнародныя журналісцкія арганізацыі патрабуюць вызвалення Андрэя Гнёта
Арганізацыі-партнёры Media Freedom Rapid Response і Беларуская асацыяцыя журналістаў звярнуліся да сербскіх уладаў з патрабаваннем вызваліць беларускага актывіста і журналіста Андрэя Гнёта.
Зараз Гнёту пагражае дэпартацыя з Сербіі ў Беларусь па палітычна матываваных абвінавачаннях. У бялградскай турме ў яго істотна пагоршылася здароўе.
Зварот да сербскіх уладаў падпісалі Міжнародны інстытут прэсы, Еўрапейскі цэнтр свабоды прэсы і СМІ, Еўрапейская федэрацыя журналістаў і іншыя міжнародныя арганізацыі-партнёры Media Freedom Rapid Response. Зварот заснаваны на інфармацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў.
Media Freedom Rapid Response (MFRR) праводзіць маніторынг і рэагуе на парушэнні свабоды прэсы і СМІ ў дзяржавах-сябрах ЕС і краінах-кандыдатах. Праект забяспечвае інфармацыйную, юрыдычную і практычную падтрымку журналістаў і працаўнікоў СМІ. Стартаваў у 2020 годзе і фінансуецца Еўрапейскай камісіяй.
Паводле інфармацыі аб’яднання былых сілавікоў BelPol, 41-гадовы рэжысёр Андрэй Гнёт быў затрыманы 30 кастрычніка 2023 года памежнай службай Сербіі пасля прылёту ў сталіцу краіны Бялград, пасля чаго перададзены паліцыі.
Прычына затрымання — знаходжанне ў міжнародным вышуку на запыт беларускага бюро Інтэрпола ад 21 верасня 2023 года. Ведамства просіць экстрадаваць Гнёта ў Беларусь для крымінальнага пераследу.
29 лютага праваабарончы цэнтр «Вясна» паведаміў, што Інтэрпол заблакаваў даныя Гнёта, пачаўшы праверку падстаў, паводле якіх беларускія ўлады абвясцілі яго ў вышук. Адвакат рэжысёра настойвае, што падабаронны пераследуецца па палітычных, а не эканамічных матывах, як заяўляюць у Мінску.
12 сакавіка Апеляцыйны суд у Бялградзе адмяніў рашэнне аб экстрадыцыі Гнёта ў Беларусь. Справу адправілі на перагляд.
Андрэй Гнёт — рэжысёр тэлерэкламы і музычных кліпаў, журналіст. Займаўся вытворчасцю відэапрадукцыі для аб’яднання SOS.by, якое ў Беларусі прызнанае «экстрэмісцкім фарміраваннем». Па дадзеных MFRS, працаваў фрылансерам на незалежным тэлеканале «Настоящее время», які ўваходзіць у медыякарпарацыю «Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода».