• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Беларуская культура была для яго ўсім». Сябар распавёў пра арыштаванага сына прапагандыста са «Спутніка»

    Ютубер Усяслаў Пашкевіч на просьбу «Нашай Нівы» прыгадаў сваю апошнюю размову з Сямёнам Малашанкавым.

    Сямён Малашанкаў, фота з яго інстаграма

    17 снежня 2025 года КДБ прызнаў экстрэмісцкім фармаваннем ініцыятыву «Да зораў», у склад якой, як сцвярджаюць сілавікі, уваходзяць музыка Алесь Чумакоў і 20‑гадовы мінчук Сямён Малашанкаў — сын прапагандыста «Спутніка». Абодвух арыштавалі. Выглядае, што разам з імі затрымалі цэлую групу грамадскіх і культурных актывістаў.

    «Сямён Малашанкаў абсалютна нармальны хлопец, і не мае такіх рускамірных поглядаў, як бацька. Вельмі прыкра, што яго затрымалі за арганізацыю канцэртаў, якія былі абсалютна легальнымі. Не здзіўлюся, калі бацька данос напісаў», — такі каментарый пакінуў нейкі чалавек пад гэтай навіной на сайце «Нашай Нівы».

    Тата Сямёна Васіль Малашанкаў — ураджэнец Кемерава, з сям’і з беларускімі каранямі, філолаг паводле адукацыі: скончыў Кемераўскі дзяржаўны ўніверсітэт. У Беларусь прыехаў у 2004 годзе, а ў наступным годзе ў яго нарадзіўся Сямён.

    Васіль Малашанкаў. Фота: ukraina.ru

    Малашанкаў-старэйшы працаваў у розных дзяржаўных СМІ (каля сямі гадоў — у агенцтве БелТА), а таксама супрацоўнічаў (і супрацоўнічае) са Sput­nik і МІА «Россия сегодня». Яго тэксты і фотакрэдыты сустракаюцца і на фінансаваных з Масквы пляцоўках — такіх, як «Саюзнае веча», Eurasia.Expert, «СОНАР-2050», Imhoclub.com.

    Васіль — прыхільнік рускага свету і «традыцыйных каштоўнасцяў», актыўны абаронца РПЦ. Ён бацька пяці дзяцей, адзін са стваральнікаў кансерватыўнага грамадзянскага аб’яднання «Рада бацькоў» (пад «бацькамі» маюцца на ўвазе не абое бацькоў, а менавіта таты).

    У 2023 годзе журналіст наведваў акупаваную Данеччыну, быў у Марыупалі. Вядзе тэлеграм-канал, на якім крытыкуе, а часта і абражае праціўнікаў расійскага і беларускага рэжымаў.

    У фэйсбуку Васіля Малашанкава ўчора з’явіўся пост з асуджэннем арышту амерыканцамі прэзідэнта Мадура. Але няма нічога пра арышт уласнага сына.

    «Наша Ніва» распытала пра сітуацыю з Сямёнам ютубера Усяслава Пашкевіча, які сябраваў з хлопцам, пакуль жыў у Мінску.

    Пашкевіч пазнаёміўся з Сямёнам у 2019 годзе. Сямёну было тады ўсяго 14 гадоў, а ён ужо «ўдзельнічаў ва ўсіх беларускамоўных чатах, ва ўсіх імпрэзах. Усюды, дзе быў беларускі варушняк, там быў і ён».

    Сямён быў зараджаны на беларушчыну, кажа Усяслаў.

    «Беларуская культура была для яго ўсім. Гэта было фенаменальна: такое ўражанне, што ён нарадзіўся са словам «Беларусь» на вуснах. Ён стараўся ніводнай падзеі не прапускаць: выставы, івенты, канцэрты. Зараджаны на беларушчыну максімальна. Не на мінуўшчыну — яго сучасная культура была цікавая ва ўсіх яе праявах, годная музыка. Ён спрабаваў стварыць ютуб-канал. Ён максімальна насалоджваўся тым, што робіць».

    Што вы ведаеце пра сям’ю Малашанкавых? 

    «Ён не расказваў пра сям’ю. Але расказваў пра свае стасункі з татам. Яны не ладзіліся. І ён ад гэтага пакутаваў. Ён любіў тату, але пакутаваў, бо зусім разыходзіўся ў поглядах».

    Аднак Усяслаў Пашкевіч не думае, што ўся гэтая гісторыя стала вынікам даносу бацькі.

    «Данос? Не магу сказаць, не ведаю. Ёсць нямала сямей, дзе адносіны не складваюцца, але ж людзі не пішуць адзін на аднаго даносаў».

    Нічога дзіўнага, што Малашанкава забралі за ўдзел у культурнай ініцыятыве: «Ён вельмі любіў музыку».

    «Ён чалавек рэзкі, часам таксічны. Але пры гэтым выключна эмпатычны», — успамінае Усяслаў.

    Сямён Малашанкаў. Архіўнае фота

    «Калі я выехаў з Беларусі, я абарваў кантакты з ім — у мэтах бяспекі, яго бяспекі, каб не падставіць», — кажа ён.

    Усяслаў Пашкевіч прыгадвае сваю апошнюю размову з Сямёнам Малашанкавым.

    «Гэта быў 2021 год. Год, калі згушчаліся хмары. Мы знянацку сустрэліся ў Мінску на Валгаградскай, каля электрамеханічнага завода, там яшчэ помнік Леніну стаіць, з ім і Ігарам Палынскім з «Сумарока». Акурат пасля той выпадковай сустрэчы я прыняў рашэнне выехаць з Беларусі, бо Ігар падказаў, як практычна гэта зрабіць. Сямён пра эміграцыю не думаў», — расказвае Усяслаў.

    25‑гадовы Усяслаў Пашкевіч ужо чатыры гады як у выгнанні. Супраць яго завочна завялі крымінальную справу, ягоны канал «Тутэйшы Шляхціч», які займаецца папулярызацыяй беларускай гісторыі, культуры, мовы, прызналі экстрэмісцкім.

    «Экстрэмізмам» улады Беларусі лічаць падпіскі на незалежныя каналы, СМІ, наяўнасць спасылак на іх у сацыяльных сетках ці наяўнасць у сацсетках ці на рэчах беларускай нацыянальнай, далукашэнкаўскай сімволікі. Да «экстрэмізму» адносяць таксама практычна любую крытыку ўладаў, афіцыйных гістарычных наратываў ці праявы салідарнасці з Украінай. «Экстрэмісцкімі» лічацца і непадкантрольныя ўладам віды дзейнасці. Рэпрэсіі рознага роду закранулі ўжо каля 150 тысяч чалавек, яшчэ некалькі соцень тысяч вымушаныя былі пакінуць Беларусь.

    З інфармацыі «Нашай Нівы», Сямёна затрымалі 27 лістапада 2025 года. Усе яго старонкі ў сацсетках і на інтэрнэт-платформах зніклі, усё, што ён ствараў, недаступнае.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці