«Не абавязкова быць экспертам — дастаткова проста нешта рабіць». Журналісты Беластока абмеркавалі, як будаваць супольнасць вакол культуры
У польскім мястэчку Тыкоцін пад Беластокам 10–11 ліпеня прайшла інтэграцыйная сустрэча беларускай медыясупольнасці Беластока, арганізаваная Беларускай асацыяцыяй журналістаў.

На сустрэчы беларускай медыясупольнасці Беластока. Тыкоцін, 10–11 ліпеня 2026 года. Фота: БАЖ
Сустрэча на тэму «Беларуская ідэнтычнасць: прастора адказнасці і магчымасцяў для медыя» сабрала з тузін беларускіх медыйшчыкаў, якія жывуць у Беластоку.
Падчас сустрэчы медыяэкспертка Ірына Новік, вядомая як блогерка «цёця Іра», правяла дыскусію на тэму, як культурныя практыкі дапамагаюць будаваць супольнасць вакол медыя і пашыраць яго аўдыторыю. Удзельнікі абмеркавалі, як паспяхова ўзаемадзейнічаць з аўдыторыяй праз культурныя праекты — «дайсці не толькі праз мазгі, але праз рукі».

На сустрэчы беларускай медыясупольнасці Беластока. Тыкоцін, 10–11 ліпеня 2026 года. Фота: БАЖ
Медыйшчыкі падчас майстар-класа з дапамогай цёці Іры навучыліся рабіць традыцыйныя лялькі-неразлучнікі ў форме модных цяпер абвесак на торбачкі. Так яны выпрабавалі на сабе адзін са спосабаў папулярызацыі беларускай культурнай спадчыны.
«Не абавязкова быць экспертам у культуры. Дастаткова проста нешта рабіць», — перакананая цёця Іра.

На сустрэчы беларускай медыясупольнасці Беластока. Тыкоцін, 10–11 ліпеня 2026 года. Фота: БАЖ
Адной з самых заўзятых падзей стаў квіз на тэму журналістыкі і ролі медыя ў захаванні нацыянальнай ідэнтычнасці, які зладзіў Аляксей Шота.
Тры каманды ўзгадвалі назвы раённых беларускіх газет, скандальныя фотаздымкі, лагатыпы тэлевізійных і YouTube-каналаў. Героем аднаго з пытанняў стаў нават пралукашэнкаўскі прапагандыст Андрэй Мукавозчык, а голас, які пазналі не ўсе, належаў нядаўна вызваленаму журналісту і грамадскаму дзеячу Анджэю Пачобуту.

На сустрэчы беларускай медыясупольнасці Беластока. Тыкоцін, 10–11 ліпеня 2026 года. Фота: БАЖ
У групах журналісты шукалі адказы на тэму партнёрства паміж калегамі ў адным горадзе: чым яны могуць падзяліцца ў камандзе, якія маюць рэсурсы, кантакты, сувязі, а ў чым маюць патрэбу самі.
Удзельнікі працоўных груп агучвалі свае кампетэнцыі, ад сторытэлігу да дапамогі ў юрыдычных пытаннях, і патрэбы — у знаўцах праграмы Excel, фінансавай падтрымцы і адпачынку.
«Ужо цяпер можна абмяняцца адно з адным», — падсумаваў Аляксей Шота.


На сустрэчы беларускай медыясупольнасці Беластока. Тыкоцін, 10–11 ліпеня 2026 года. Фота: БАЖ
Журналісты прыдумвалі, якія сумесныя мэдыяпраекты варта зрабіць на Беласточчыне і з кім. Сярод іх — медыяпраект пра нацыянальныя меншасці на беларуска-польскім памежжы ў польскіх і беларускіх медыя, каляндар падляскіх беларускіх святаў, мэдыявыстава на фестывалі Tutaka ў 2027 годзе, пантэон беларускіх журналістаў на беластоцкіх могілках у сучасным фармаце.
«Гэта вельмі лёгка. Такая інфармацыя ўжо ёсць, засталося яе перапакаваць у лічбавы фармат», — адзначыла адна з удзельніц дыскусіі пра ідэю віртуальных могілак.

На сустрэчы беларускай медыясупольнасці Беластока. Тыкоцін, 10–11 ліпеня 2026 года. Фота: БАЖ
Менавіта гэты праект пра могілкі перамог падчас галасавання ўдзельнікаў за самы перспектыўны, цікавы і даступны для рэалізацыі праект. Ініцыятары прапанавалі распрацаваць мапы пахаванняў вядомых беларусаў на Беласточчыне, маршруты па іх, зрабіць анлайн-картатэкі, забяспечыць догляд за могілкамі, двойчы на год на Дзяды і Радаўніцу сустракацца супольна ля магіл продкаў, ускладаць кветкі, запальваць знічы.

На сустрэчы беларускай медыясупольнасці Беластока. Тыкоцін, 10–11 ліпеня 2026 года. Фота: БАЖ
Журналісты шукалі адказы на пытанні, як умацаваць сувязі паміж прадстаўнікамі медыясупольнасці, якія сумесныя праекты можна рэалізаваць, як выкарыстоўваць культурную тэматыку для развіцця аўдыторыі і ўмацоўваць сувязі з беларускімі супольнасцямі.
Адначасна яны выказвалі думкі, як лепш кантактаваць з чытачамі, слухачамі, гледачамі, заахвочваць іх дзяліцца інфармацыяй з медыя, але пры гэтым захаваць бяспеку людзей у Беларусі.

На сустрэчы беларускай медыясупольнасці Беластока. Тыкоцін, 10–11 ліпеня 2026 года. Фота: БАЖ
Супрацоўнікі медыя правялі акцыю салідарнасці з калегамі, якія цяпер знаходзяцца ў беларускіх турмах з палітычных прычын, зрабілі фота з іх партрэтамі.
«Самая невыносная думка там, што пра цябе на волі забыліся», — падзялілася былая палітзняволеная журналістка Ларыса Шчыракова.
Яна дадала, што за кратамі яе падтрымлівала думка, што пра яе памятаюць, пішуць лісты, нагадваюць пра яе ў публічнай прасторы на волі.

Падчас акцыі салідарнасці з палітзняволенымі калегамі. Фота: БАЖ
@bajmedia