«Экстрэмісцкі» спіс Мінінфарма: Telegram-бот ініцыятывы Dissidentby, акаўнт у Facebook Кацярыны Ваданосавай
Міністэрства інфармацыі Беларусі 31 жніўня чарговы раз папоўніла на сваім сайце Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Кацярына Ваданосава. Фота: Аляксандр Валодзін
У яго ўключылі сайт «ТАКТ тактично о главном» (ідэнтыфікатар https://tactum.io).
Паводле стваральнікаў інтэрнэт-рэсурса, гэта незалежная рускамоўная і англамоўная медыяплатформа, дзе ўздымаюцца пытанні сацыяльных пераменаў, працы і трансфармацыі грамадства.
Лічыць сайт «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» пастанавіў 27 жніўня 2026 года суд Ленінскага раёна Гродна.
28 жніўня 2026 года суд Ленінскага раёна Гродна прызнаў «экстрэмісцкім» кантэнт Telegram-бота праваабарончай ініцыятывы Dissidentby з назвай «Dissidentby.com – помощь политзаключённым» (ідэнтыфікатар https://t.me/dissidentby_bot). Гэты інтэрнэт-рэсурс таксама дадалі ў «экстрэмісцкі» спіс Мінінфарма.
Таксама ў яго ўнеслі Telegram-акаўнт N N (ідэнтыфікатар https://t.me/nn_editor), які мае дачыненне да рэдакцыі выдання «Наша Ніва». Яго змест пастанавіў лічыць «экстрэмісцкім» 28 жніўня 2026 года той самы суд Ленінскага раёна Гродна.
«Экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» прызнаны і акаўнт у Facebook з назвай Kaciaryna Vadanosava (ідэнтыфікатар https://www.facebook.com/KaciarynaVadanosava). Ён належыць вядомай блогерцы і тэлевядоўцы Кацярыне Ваданосавай. Рашэнне прызнаць яго «экстрэмісцкім», як пададзена ў Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў, суд Глускага раёна Магілёўскай вобласці прыняў яшчэ 28 чэрвеня 2026 года.
@bajmedia