2961

БАЖаўцы ўзялі ўдзел у экалагічным прэс-туры (фота)

03.11.2015 Крыніца: Адмыслова для baj.by, Яўген Бяласін. Мінск – Кобрын – Брэст – Камянюкі – Мінск.

 

Сябры ГА “БАЖ” былі ў складзе зборнай каманды беларускіх журналістаў, якія за 5 дзён – з 26 па 30 кастрычніка – наведалі беларускія ўчасткі праектуемага воднага шляху Е-40 ад Балтыйскага да Чорнага мора, зону паўторнага забалочвання Белавежскай пушчы і Брэсцкі смеццеперапрацоўчы завод.

У Міжнародным  адукацыйным Цэнтры імя Ёханэса Раў у Мінску пачаліся і працягваліся ў часе прэс-тура майстар-класы пад кіраўніцтвам замежных экспертаў – Алекса Кірбі (рэдактар “Сеткі навінаў клімату” (Climate news network), Англія),  Сьюзан Боос (журналістка, Швейцарыя) і Нікалая Дзянісава (прадстаўнік экалагічнай арганізацыі “ZOI”,  Швейцарыя),  Алега Лістапада (журналіст, Україна).  

Цягам прэсавага тура ўдзельнікаў кансультавалі беларускія эксперты:  Вольга Захарава (Орхусскі Цэнтр Рэспублікі Беларусь), Канстанцін Цітоў (старшы навуковы супрацоўнік Цэнтральнага навукова-даследчага Інстытута комплекснага выкарыстання водных Рэсурсаў (ЦНаДІКоВВР),  Антон Раднянкоў (менеджэр праекта “Інтэракцыя”), Віктар Фянчук (“Ахова птушак Бацькаўшчыны”) і іншыя.

Напрыканцы паездкі швейцарская журналістка Эмануэль Бурнэ  падзялілася досведам складання візуальна-графічных матэрыялаў для газеты “Лё монд дыпламатык”.

Удзельнікі прэс-тура наведалі вярхоўі Ясельды, адной з найбольш паводканебяспечных рэк, і змаглі на месцы абмеркаваць  яе сёлетнюю малаводнасць і перспектывы напаўнення вадой рэк Палескага рэгіёна.

“Гэты аспект набыў міжнароднае гучанне з-за нашых спрэчак з украінскім бокам што да напаўнення Прыпяці ў яе вярхоўях”, – зазначыў Канстанцін Цітоў. – Яшчэ больш важным з’яўляецца водны баланс для праекта трох краін Е-40, які можа звязаць Польшчу, Беларусь і Украіну водным шляхам.  Адбор вады ў вярхоўях Прыпяці ўжо ўрэгуляваны, а вось ці хопіць нам вады, каб запоўніць сістэму Е-40 – адказ атрымаем у снежні”.

Алег Лістапад выказаў апасенні, што земляныя працы і актыўнае суднаходства могуць зрушыць баланс радыяцыі ў зоне, дзе пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС выпалі і залеглі ў глебе і на дне вадаёмаў радыёактыўныя ападкі.

Шмат тэмаў падаравала ўдзельнікам тура Белавежская пушча. Брэсцкі смеццеперапрацоўчы завод, хоць і збудаваны паводле сучасных тэхналогій аўстрыйскай фірмай STRABAG, не здолеў пагасіць крытычнага настрою некаторых асабліва “зялёных” журналістаў.

Чакаецца, што 24 ўдзельнікі прэс-тура неўзабаве перададуць беларускаму чытачу пачутае ды акрэсляць сваё бачанне (калі прапусціць рэдактар).

За добра зладжаны прэс-тур удзельнікі дзякуюць беларускай арганізацыі “Экапартнёрства” (выканаўчаму дырэктару Аліне Бушмовіч –  асобная падзяка).  “Экапартнёрства” змагло далучыць да супрацы Мінскі гарадскі камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і заручыцца падтрымкай замежных партнёраў, загалоўным з якіх праходзіў шведскі фонд SIDA.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!