13 красавіка — дзень народзінаў у палітзняволенай журналісткі Ларысы Шчыраковай
Гомельская журналістка-фрылансер Ларыса Шчыракова адбывае прысуд паводле двух крымінальных артыкулаў, яе звінавацілі ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (артыкул 361–4 КК) і ў дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь (артыкул 369–1 Крымінальнага кодэкса). Сёння ёй спаўняецца 51 год.

Ларыса Шчыракова. Архіўнае фота
Мінулагодні юбілей журналістка таксама сустрэла за кратамі.
31 жніўня 2023 года суддзя Гомельскі абласнога суда Мікалай Доля прыгаварыў журналістку да трох гадоў і шасці месяцаў пазбаўлення волі з адбыццём ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і да штрафу памерам 100 базавых велічынь.
Абскарджваць гэты вырак у Вярхоўным судзе Ларыса Шчарыкова адмовілася, заявіўшы, што не спадзяецца на перагляд судовага рашэння на сваю карысць. Тыя, хто ведаў журналістку асабіста, не вельмі здзівіліся: Ларыса заўсёды была рашучай і прынцыповай — як у працы, так і ўвогуле ў жыцці.
Паводле адукацыі Ларыса Шчыракова — гісторык з веданнем англійскай мовы. У свой час яна скончыла гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францішка Скарыны, выкладала ў школе гісторыю і замежную мову. Кіравала моладзевай краязнаўчай арганізацыяй «Талака» (ліквідаваная ўладамі ў 2021 годзе).
Пазней захапілася журналістыкай, супрацоўнічала з незалежнымі выданнямі. За што неаднойчы цярпела пераслед з боку прадстаўнікоў уладаў і сілавікоў. За супрацу з замежнымі медыя без акрэдытацыі ў беларускім Міністэрстве замежных спраў Шчыракову затрымлівалі і судзілі паводле адміністрацыйных артыкулаў больш за сорак разоў. У тым ліку каралі і за асвятленне грамадскіх пратэстаў у Гомелі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.
У 2021 годзе Ларыса Шчыракова публічна заявіла, што сыходзіць з журналістыкі, бо не бачыць магчымасцяў для сваёй працы ва ўмовах, калі парушаецца свабода слова. Яна стала вучыцца завочна ва ўніверсітэце на псіхолага і зарэгістравалася ў якасці індывідуальнай прадпрымальніцы — зарабляла на фотаздымках у нацыянальных строях, аздабленне для этнасесій выкарыстоўвала са сваёй прыватнай калекцыі. Таксама распачала ўласны медыяпраект «Забітыя і забытыя», здымала відэагісторыі пра жыхароў Гомельшчыны, якія былі рэпрэсаваныя ў часы сталінскага тэрору.
Супрацоўнікі ГУБАЗіКа затрымалі Ларысу Шчыракову 6 снежня 2022 года. Пасля затрымання яе непаўнагадовага сына Святаслава міліцыя перадала ў сацыяльны прытулак: сына Ларыса гадавала адна, з мужам яна даўно ў разводзе. Служба апекі не дазваляла забраць Святаслава ні дзядулю, ні іншым сваякам. Падлетка аддалі толькі бацьку, які праз некаторы час адмыслова прыехаў у Гомель з расійскага Новасібірска. З моманту затрымання і да суда журналістку ўтрымлівалі пад вартай у следчым ізалятары.

Ларыса Шчыракова. Архіўнае фота
Судовы працэс над Ларысай распачаўся 27 ліпеня 2023 года і праходзіў у закрытым рэжыме. Адкрытым зрабілі толькі агучванне рэзалюцыйнай часткі прысуду.
Паводле боку абвінавачання, Ларыса Шчыракова «са жніўня 2020 года па снежань 2022 года, выкарыстоўваючы напружаную грамадскую сітуацыю і імкнучыся дэстабілізаваць абстаноўку ў краіне, праз розныя мэсанджары і ўліковыя запісы ў сацсетках перадала для размяшчэння і размясціла ў інтэрнэце, у тым ліку на дэструктыўных рэсурсах, інфармацыйныя матэрыялы з загадзя ілжывымі звесткамі, якія дыскрэдытавалі Рэспубліку Беларусь». Якія гэта звесткі — невядома.
Яна ж, як даводзіла следства, «ажыццяўляла збор, стварэнне, апрацоўку, захоўванне і перадачу аўдыя‑, відэа‑, фота- і тэкставай інфармацыі для далейшага выкарыстання ў мэтах забеспячэння экстрэмісцкай дзейнасці інфармацыйнага рэсурсу «Вясна» і экстрэмісцкага фарміравання «Белсат».
9 жніўня, калі ўжо ішоў судовы працэс над журналісткай, Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі прыняў адмысловае рашэнне аб прызнанні «экстрэмісцкім фарміраваннем» праваабарончай арганізацыі «Гомельская вясна», яе інфармацыйнага сайта і акаўнтаў у сацсетках і мэсанджарах. На сайце КДБ у апісальнай частцы рашэння насупраць праваабарончай арганізацыі «Гомельская вясна» было пазначанае імя Ларысы Шчыраковай як адказнай асобы за згаданыя інтэрнэт-рэсурсы.

Ларыса Шчыракова ў судзе. 2023 год. Фота: newsgomel.by
Прысуд Ларысе Шчыраковай агучалі 31 жніўня 2023 года, у адрозненне ад усяго судовага працэсу, гэтае пасяджэнне зрабілі адкрытым. Убачыўшы ў зале сваякоў і сяброў, Ларыса расплакалалася, але хутка дала рады эмоцыям. Да таго часу ёй давялося перажыць у зняволенні вялікае асабістае гора — страту маці, якая памерла 7 чэрвеня. На пахаванні Ларыса не прысутнічала.
22 верасня, праз тры тыдні пасля прысуду, Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі ўнесла Ларысу Шчыракову ў Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці.
Напрыканцы верасня 2023 года журналістку этапавалі з гомельскага СІЗА ў жаночую папраўчую калонію № 4. Яна працуе швачкай, як і большасць іншых жанчын, што трапляюць у гэтую ўстанову.
Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Ларысу Шчыракову палітычнай зняволенай. Падчас знаходжання ў калоніі ў яе з’явілася сімвалічная «хросная» — Вэндзі Чэмберлен (Wendy Chamberlain), 47-гадовая прадстаўніца ад ліберальных дэмакратаў у парламенце Вялікабрытаніі.
Паводле тых, хто лістуецца з Ларысай, зняволенне яе не зламіла, яна з ранейшай рашучасцю і смеласцю перажывае нягоды за кратамі.
