Экстрэмісцкімі прызналі кнігі Паўла Севярынца, TikTok «Хартыя’97» і другі раз — старонку «Media IQ» у Facebook
Міністэрства інфармацыі Беларусі 24 чэрвеня абнавіла Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, які складаецца паводле рашэнняў судоў. Робіцца гэта на запатрабаванне пракурорскіх работнікаў. І, падобна, іх дзеянні часам не ўзгадняюцца.
Прыкладам, 19 чэрвеня суд Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці прызнаў «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» змест старонкі «Media IQ» у сацыяльнай сетцы Facebook. Перад гэтым, 13 чэрвеня, тое самае ўжо зрабіў суд Цэнтральнага раёна Гомеля. Такім чынам, гэтая старонка з адным і тым жа ідэнтыфікатарам facebook.com/mediaIQBelarus двойчы трапіла ў «экстрэмісцкі спіс», які складае Мінінфарм.
Рашэннем суда Кастрычніцкага раёна Мінска ад 20 чэрвеня «экстрэмісцкімі» абвешчаны некалькі кніг палітвязня Паўла Севярынца. Гэта кнігі «Каменнае сэрца», «Люблю БЕЛАРУСЬ: 200 фэномэнаў нацыянальнай ідэі», «Беларусалім. Кніга другая. Сэрца сьвятла», выдадзеныя ў розныя гады, як у Беларусі, так і за яе межамі.
Гэтаксама 20 чэрвеня суд Вілейскага раёна Мінскай вобласці прызнаў «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» TikTok-акаўнт пад назвай «Хартыя’97» з ідэнтыфікатарам @charter97.org.
24 чэрвеня суд Полацка і Полацкага раёна прызнаў «экстрэмісцкай» старонку «Полоцк, Новополоцк – Новости Полотчины» ў Facebook. Акаўнт з ідэнтыфікатарам facebook.com/groups/novopolotsk/ мае 8,4 тысячы падпісчыкаў. Тут размяшчаліся навіны пра мінулую прэзідэнцкую выбарчую кампанію, агульнабеларускі страйк, паведамленні пра стан мясцовых прадпрыемстваў. Але апошняя публікацыя на старонцы зробленая яшчэ ў 2021 годзе.