Human Summer Camp запрашае на адукацыйную праграму па правах чалавека (дэдлайн — 2 чэрвеня)
Праваабарончая арганізацыя Human Constanta запрашае падацца на адукацыйную праграму па правах чалавека, якая пачнецца 30 ліпеня 2024 года ў Польшчы.
Для ўдзельнікаў падрыхтавалі 5 дзён семінараў, воркшопаў, гульняў і працы ў камандах на Human Summer Camp.
Для каго?
Удзел у праграме будзе карысным для тых, хто:
- Даўно хацеў_ла даведацца ці якасна разабрацца ў тым, што такое правы чалавека і навошта яны патрэбныя.
- Плануе запусціць новую ініцыятыву або дадаць каштоўнасці правоў чалавека ў працу існуючай.
Цягам 5‑дзённага інтэнсіву удзельнікі будуць абмяркоўваць каштоўнасці, разбірацца ў правах чалавека, шляхах і механізмах рэалізацыі сацыяльных ініцыятываў і сумесных дзеянняў.
Хто будзе навучаць?
- Эксперты і спецыялісты праваабарончай арганізацыі Human Constanta.
- Запрошаныя госці.
- Удзельнікі таксама змогуць правесці свае тэматычныя блокі падчас факультатываў (па ўласным жаданні).
Што ў выніку?
Слухачы праграмы даведаюцца пра:
- гісторыю, змест, архітэктуру і дасягненні правоў чалавека,
- глыбіннае разуменне каштоўнасцяў правоў чалавека,
- асноўныя дакументы, механізмы, інстытуты і выклікі для правоў чалавека,
- правы чалавека ў паўсядзённым жыцці людзей і арганізацый на прыкладах,
- сувязі паміж правамі чалавека і дэмакратыяй, міграцыяй, дыджыталізацыяй, экстрэмізмам і спортам (кожная тэма паасобку),
- што такое грамадскі інтарэс і якія існуюць інструменты яго абароны,
- асновы негвалтоўнай і інклюзіўнай камунікацыі.
Акрамя таго, атрымаюць магчымасць развіць софт-скілс і мета-кампетэнцыі, а таксама пазнаёмяцца з іншымі людзьмі, якія жадаюць бачыць свет вакол сябе пабудаваным на прынцыпах павагі да чалавечай годнасці, свабоды, роўнасці і справядлівасці.
Зарэгістравацца на праграму можна праз гэтую анлайн-форму заяўкі.
Прыём заявак да 23.59 2 чэрвеня 2024 года.
Пра вынікі адбору мы паведамім лістом на ўказаны адрас электроннай пошты да 10 чэрвеня.
Дакладнае месца правядзення Human Summer Camp будзе паведамлена адабраным удзельніцам_кам.
Каб стварыць бяспечную прастору для ўдзельніц_каў, мы просім прымацаваць праз форму 2 абавязковых рэкамендацыйных ліста. Рэкамендацыі могуць быць ад удзельнікаў мінулых праграм Human Constanta, іншых праваабарончых ці грамадскіх арганізацый/ініцыятываў.
Удзел бясплатны, арганізатар_кі пакрываюць усе выдаткі на праезд, пражыванне і сілкаванне.
Увага!
Арганізатары не аказваюць візавую падтрымку.