Блогер Ігар Лосік нарэшце на волі!
11 верасня амерыканская дэлегацыя на чале з Джонам Коўлам прыбыла ў Беларусь. Вынікам перамоў амерыканцаў з афіцыйным Мінскам стала вызваленне 52 палітычных вязняў. Сярод іх — блогер Ігар Лосік.

Ігар Лосік. Скрыншот відэа, 14 студзеня 2025 года
Кансультанта Беларускай службы «Радыё Свабода» і адміністратара Telegram-канала «Беларусь головного мозга» Ігара Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 года пасля вобшуку ў ягоным доме ў Баранавічах. Да здымак прапагандысцкага фільма ён знаходзіўся ў наваполацкай папраўчай калоніі № 1.
Там ён адбываў прысуджаны яму тэрмін пакарання — 15 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Гэта самы жорсткі вырак у дачыненні да беларускіх незалежных журналістаў і блогераў.
Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Ігара Лосіка палітычным вязнем.
15 студзеня 2025 года Ігара Лосіка паказалі ў прапагандысцкім тэлешоу дзяржтэлеканала АНТ. У гэтым «серыяле» пра «супрацоўнікаў амерыканскага медыя» таксама знялі журналістаў Андрэя Кузнечыка і Ігара Карнея. Пасля тых здымак спадары Кузнечык і Карней у хуткім часе былі вызваленыя, аднак Ігар Лосік заставаўся за кратамі.
