• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    БАЖ прэзентаваў Канцэпцыю рэформ медыясектара Беларусі

    Канцэпцыю рэформ медыясектара Беларусі ў літоўскім Доме журналістаў прэзентаваў намеснік старшыні БАЖ, кіраўнік юрыдычнага цэнтра БАЖ Алег Агееў. Дакумент распрацаваны экспертамі Беларускай асацыяцыі журналістаў на выпадак адкрыцця акна магчымасцяў для перамен.

    Алег Агееў

    Намеснік старшыні БАЖ Алег Агееў. 16 студзеня 2026 года. Žur­nal­istų namai, Вільня. Фота: БАЖ

    Спадар Агееў падкрэсліў, што гаворкі наконт прапановы азнаёміцца з канцэпцыяй цяперашняму беларускаму рэжыму не вядзецца: «Безвыніковыя прапановы да дыялогу былі раней, яшчэ да 2020 года. Дзеянні гэтай улады сведчаць, што яна недамоваздольная. Прапаноўваць цяперашняй уладзе нешта ў гэтым кірунку — бессэнсоўна».

    Рэфармаванне сістэмы медыярэгулявання прадугледжвае ў тым ліку скасаванне Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, распрацоўку і ўкараненне механізмаў самарэгулявання для ўдзельнікаў медыярынку, замену абавязковай дазвольнай працэдуры рэгістрацыі сродкаў масавай інфармацыі на добраахвотную апавяшчальную сістэму.

    На магчымыя скептычныя пытанні наконт своечасовасці канцэпцыі рэформ беларускага медыясектара Алег Агееў заўважае, што «важна рыхтавацца цяпер, бо акно магчымасцяў, як паказваюць гістарычныя прыклады, можа быць адкрытым вельмі кароткі перыяд, нам важна будзе паспець зрабіць галоўныя крокі адразу».

    Намеснік старшыні БАЖ спадзяецца, што гэта канцэпцыя паспрыяе стварэнню здаровай экасістэмы медыясферы Беларусі праз пэўны час.

    Важна не толькі для медыясектара

    Прапанаваная аўтарамі рэформа медыясектара зыходзіць з разумення медыя як неад’емнага інстытута дэмакратычнага грамадства. Яна абапіраецца на прызнанне таго, што цяперашняя медыяпалітыка ў Беларусі патрабуе глыбокіх і сістэмных ператварэнняў, рэалізацыя якіх, бясспрэчна, запатрабуе значных арганізацыйных і фінансавых рэсурсаў. Паспяховае ўвасабленне дадзенай рэформы наўпрост залежыць ад наяўнасці палітычнай волі, што зноў вяртае да пытання пра стратэгічную значнасць медыярэформы для дзяржавы.

    Не спыняючыся падрабязна на відавочных пазітыўных наступствах рэформы для беларускага грамадства і медыясферы, варта падкрэсліць яе ключавыя перавагі менавіта для дзяржаўнай улады.

    Па-першае, рэалізацыя прапанаванай рэформы медыясектара паслужыць адным з пацверджанняў намераў дзяржавы па ажыццяўленні дэмакратычнага транзіту, пераадолення аўтарытарнай спадчыны, роўна як і прыхільнасці нормам і каштоўнасцям правоў чалавека. Усё гэта, у сваю чаргу, здольнае стаць базісам для фармавання грамадскага даверу да ўлады і ўмацавання яе легітымнасці.

    Медыясектар Беларусі: канцэпцыя рэформы

    Па-другое, у сілу таго, што прапанаваная рэформа базуецца на міжнародных стандартах свабоды медыя і вопыце сучасных дэмакратый, яе рэалізацыя здольная значна палепшыць імідж дзяржавы на міжнароднай арэне, што, у прыватнасці, падвышае патэнцыял далейшага палітычнага і эканамічнага супрацоўніцтва з іншымі дзяржавамі, разам з прыцягненнем у краіну замежных інвестыцый.

    Акрамя таго, прыярытэтнасць рэфармавання медыясектара абумоўленая асаблівай, фундаментальнай роляй медыя ў транзітным перыядзе і ў працэсах пераходнага правасуддзя.

    У той жа самы час менавіта ажыццяўленне гэтых працэсаў, роўна як і спыненне рэпрэсіўных практык у дачыненні да медыя, іх прадстаўнікоў, крыніц і аўдыторыі, выступаюць тымі палітыка-прававымі перадумовамі і ўмовамі, пры якіх паспяховая рэалізацыя прапанаванай канцэпцыі медыярэформы можа быць магчымая.

    Галоўныя кірункі

    Рэфармаванне сістэмы медыярэгулявання прадугледжвае скасаванне Міністэрства інфармацыі РБ, распрацоўку і ўкараненне механізмаў самарэгулявання для ўдзельнікаў медыярынку, замену абавязковай і дазвольнай працэдуры рэгістрацыі сродкаў масавай інфармацыі на добраахвотную і паведамляльную сістэму, спрашчэнне працэсу акрэдытацыі замежных СМІ.

    Рэарганізацыя дзяржаўных СМІ прадугледжвае ўвядзенне заканадаўчай забароны для дзяржаўных органаў на заснаванне і валоданне СМІ, празрыстыя працэдуры ліквідацыі, прыватызацыі і продажу дзеючых дзяржаўных СМІ, стварэнне інстытута грамадскага вяшчальніка і распрацоўку адпаведнай нарматыўна-прававой базы для яго дзейнасці.

    Аптымізацыя фінансавай падтрымкі СМІ з боку дзяржавы прадугледжвае ўвядзенне адкрытай і недыскрымінацыйнай сістэмы дзяржаўнай грантавай падтрымкі для СМІ, распрацоўку сістэмы падатковых стымулаў і льгот, накіраваных на падтрымку развіцця медыярынку і ўстойлівасці медыя.

    Старшыня Літоўскага саюзу журналістаў Аўдрыс Антанайціс

    Старшыня Літоўскага саюза журналістаў Аўдрыс Антанайціс. 16 студзеня 2026 года. Žur­nal­istų namai, Вільня. Фота: БАЖ

    Удасканаленне заканадаўчага рэгулявання ў сферы свабоды выказвання накіраванае на адмену (або, у пэўных выпадках, рэфармаванне) рэпрэсіўнага заканадаўства ў сферы крымінальнага і адміністрацыйнагаправа, якое ставіць пад пагрозу свабоднае выказванне меркавання і свабоду медыя.

    Прапанаваная мадэль рэфармавання не ёсць фінальным вырашэннем праблематыкі медыясектара ў Беларусі. Наадварот, аўтары настойваюць на неабходнасці далейшых абмеркаванняў, удасканалення, удакладненняў і, у выпадку неабходнасці, змянення элементаў прапанаванай канцэпцыі.

    Старшыня Літоўскага саюза журналістаў Аўдрыс Антанайціс напрыканцы прэзентацыі заўважыў, што распрацоўка такой канцэпцыі сёння — надзвычай важная справа.

    «Важна, што вы зараз робіце гэта, мы чакалі 50 гадоў такога моманту ў сваёй краіне пад акупацыяй. Я ўпэўнены, што беларусам чакаць столькі не прыйдзецца», — зазначае Аўдрыс Антанайціс.

    Пазней на сайце БАЖ чытайце выніковы матэрыял з дыскусіі паводле прэзентаванай Канцэпцыі рэформ медыясектара Беларусі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці