Палітзняволенага Дзяніса Івашына, найверагодней, зноў кінулі ў штрафны ізалятар
Сваякі журналіста Дзяніса Івашына, асуджанага да 13-гадовага зняволення, ужо тры тыдні не атрымліваюць ад яго лістоў з магілёўскай ПК-15.

Дзяніс Івашын. Фота: сацсеткі Вольгі Івашынай
У магілёўскую калонію Дзяніса Івашына вярнулі 18 чэрвеня 2026 года — дагэтуль ён 3 гады адбыў у турме № 8 у Жодзіна. Менавіта тым днём датаваны ягоны ліст да маці, потым ліст ад 21 чэрвеня атрымала жонка. З той пары больш ніводнага ліста ад Дзяніса яны не атрымалі, распавяла Вольга Івашына:
— Адразу па прыбыцці ў калонію мужа мусілі памясціць у каранцін. Але адтуль лісты даходзілі. Зараз, калі лістоў няма ўжо 22 дні, выглядае на тое, што яго кінулі ў ШІЗА. Мы гэта ўжо «праходзілі» ў турме, калі Дзяніса трымалі ў штрафным ізалятары. Тады таксама лістоў не было па некалькі тыдняў.
Вольга Івашына зазначала, што не чакае ад ўтрымання ў ПК-15 нічога добрага. Туды Дзяніса Івашына накіравалі адбываць прысуд першапачаткова, і там яго збівалі, здзекваліся з ягонай беларускай мовы, забаранялі тэлефонныя званкі, прадуктовыя пасылкі, спатканні з бацькамі, некалькі разоў каралі штрафным ізалятарам. І гэта ўсяго за некалькі месяцаў, якія давялося правесці ў ПК-15. Бо неўзабаве адбыўся суд, пра які не ведаў нават ягоны адвакат, і журналісту ўзмацнілі пакаранне — перавялі з калоніі на строгі турэмны рэжым у жодзінскую турму № 8.
У афіцыйным лісце, які сёлета ў чэрвені з ПК-15 атрымала маці палітзняволенага журналіста, паведамліліся тэрміны і ўмовы, калі па законе Дзяніс Івашын можа прэтэндаваць на змякчэнне пакарання. Пасля 13 лютага 2030 года ён будзе мець права на ўмоўна-датэрміновае вызваленне, пасля 9 студзеня 2029 года — на замену пакарання на больш мяккае. Для гэтага ён мусіць давесці адміністрацыі калоніі, што «цвёрда стаў на шлях выпраўлення». Аднак на тое, што адміністрацыя гэта прызнае, у сям’і журналіста надзеі мала.
Справа Дзяніса Івашына
Дзяніс Івашын — карэспандэнт беларускай незалежнай газеты «Новы Час», рэдактар-валанцёр беларускай версіі сайта міжнароднай расследавальніцкай супольнасці InformNapalm. Журналіст вядомы сваімі расследаваннямі пра ўплыў «рускага свету» на Беларусь і Сірыю, пра скандальную забудову ў мемарыяльным урочышчы Курапаты пад Мінскам.
Супрацоўнікі КДБ затрымалі яго 12 сакавіка 2021 года: спачатку выставілі абвінавачанне паводле арт. 365 Крымінальнага кодэкса (умяшанне ў дзейнасць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў), а пазней дадалі яшчэ і «здраду дзяржаве».
Верагодна, «апошняй кропляй» для беларускіх уладаў стала яго расследаванне пра былых украінскіх сілавікоў, што ўладкаваліся на працу ў беларускі АМАП. Журналіста схапілі літаральна на наступны дзень, як ён даў інтэрв’ю пра гэта незалежнаму тэлеканалу «Настоящее время».
Суд над Дзянісам Івашыным доўжыўся амаль месяц у Гродзенскім абласным судзе і адбываўся ў закрытым рэжыме. 14 верасня 2022 года суддзя Валерый Раманоўскі прызнаў журналіста вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: часткі 1 артыкула 356 КК РБ (здрада дзяржаве) і артыкула 179 КК РБ (незаконны збор і распаўсюд звестак аб прыватным жыцці). Ён прыгаварыў журналіста да пазбаўлення волі на 13 гадоў і 1 месяц з адбыццём у калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, штрафу памерам 4800 рублёў і кампенсацыі маральнай шкоды дзевяці сілавікам, ацэненай агулам у 22 800 беларускіх рублёў.
Аспрэчыць гэты вырак у Вярхоўным судзе не ўдалося. Напрыканцы студзеня 2023 года Івашына этапавалі са следчага ізалятара турмы № 1 Гродна ў папраўчую калонію № 15 Магілёва, дзе для яго быў прадугледжаны «ўзмоцнены рэжым» адбыцця пакарання.
Напрыканцы чэрвеня 2023 года журналісту ўзмацнілі пакаранне і перавялі з калоніі на строгі рэжым у турму № 8 у Жодзіне. Ён знаходзіўся там тры гады, і 18 чэрвеня 2026 года яго зноў этапавалі ў ПК-15.
@bajmedia