• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Электронны бюлетэнь «СМІ ў Беларусі» №2 (76) 2024

    Cтановішча ў медыясектары Беларусі: студзень-красавік 2024 года. Агляд. Спампаваць PDF.

    На працягу студзеня-красавіка 2024 года працягваліся рэпрэсіі ў адносінах да незалежных журналістаў і блогераў. Назіралася актывізацыя ўсіх ранейшых відаў пераследу:

    • прыцягнення да крымінальнай адказнасці журналістаў і блогераў (у тым ліку завочна);
    • ціску на журналістаў (затрыманні, арышты, штрафы);
    • цэнзуры праз адміністрацыйныя меры.

    Міністэрства замежных спраў Беларусі ініцыявала ўжыванне абмежавальных мераў у адказ у дачыненні сродкаў масавай інфармацыі Латвіі, Літвы і Эстоніі, бо ў гэтых краінах заблакавалі доступ да пэўных беларускіх дзяржаўных СМІ.

    Улады Расіі і Беларусі дамовіліся стварыць медыякампанію Саюзнай дзяржавы для прасоўвання агульнай ідэалагічнай павесткі, згодна з агучанай раней ініцыятывай Аляксандра Лукашэнкі.

    Крымінальны пераслед

    На працягу гэтага перыяду 4 журналістам былі вынесены прысуды па крымінальных справах.

    30 студзеня барысаўскі фатограф Аляксандр Зянкоў быў пакараны трыма гадамі пазбаўлення волі паводле артыкула 361–1 Крымінальнага кодэкса (удзел у экстрэмісцкім фарміраванні): быццам яго здымкі былі паказаныя на адным з інтэрнэт-рэсурсаў, прызнаным экстрэмісцкім фарміраваннем. 

    18 сакавіка кіраўніку «Маланка Медыя» Паўлу Марынічу, а таксама яшчэ чацвярым фігурантам справы завочна (у парадку спецыяльнай вытворчасці) прызначылі па 4 гады пазбаўлення волі за супрацьпраўныя дзеянні па зрыву рэспубліканскага рэферэндума 2022 года (артыкул 191 Крымінальнага кодэкса). 

    21 сакавіка былы журналіст-фрылансер з Гомеля Андрэй Толчын атрымаў прысуд 2 гады і 6 месяцаў калоніі па двух артыкулах: за паклёп у дачыненні да прэзідэнта і за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». 

    22 сакавіка ў Мінску завяршыўся разгляд справы журналіста-фрылансера Ігара Карнея: ён быў прызнаны вінаватым ва ўдзеле ў экстрэмісцкім фарміраванні (мелася на ўвазе Беларуская асацыяцыя журналістаў) і прыгавораны да трох гадоў зняволення. 

    У студзені-сакавіку былі ўзбужданыя крымінальныя справы ў адносінах да 7 журналістаў, 5 з іх у адносінах да тых, хто знаходзіцца па-за межамі Беларусі.

    Затрыманыя раней магілёўскія журналісты Алесь Сабалеўскі і Яўген Глушкоў сталі фігурантамі крымінальных спраў па артыкуле 361–1 Крымінальнага кодэкса (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім) у сувязі з іх колішнім супрацоўніцтвам з регіянальным медыя 6tv.by, прызнаным экстрэмісцкім фарміраваннем.

    Астатнія крымінальныя справы былі ўзбуджаны ў парадку спецыяльнай вытворчасці (завочна). Так, супрацоўніку «Радыё Свабода» Сяргею Дубаўцу інкрымінавалі парушэнне заканадаўства аб супрацьдзеянні экстрэмізму, недапушчэнні рэабілітацыі нацызму і адмаўленні генацыду беларускага народа (усяго паводле шасці артыкулаў Крымінальнага кодэкса).

    Супрацоўнік «Радыё Свабода» Юрый Дракахруст і журналістка Ганна Любакова апынуліся сярод 20 беларускіх экспертаў і палітолагаў, якія былі абвінавачаны Следчым камітэтам у тым, што яны «прымалі актыўны ўдзел у выпрацоўцы і рэалізацыі канцэпцыі дэструктыўнай дзейнасці, накіраванай на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, а таксама садзейнічалі ўзбуджэнню сацыяльнай варожасці і варажнечы ў грамадстве».

    Паводле артыкула 361–4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) былі ўзбуджаны справы ў адносінах да журналіста і праваабаронцы з Гродна Уладзіміра Хільмановіча і рэдактара незалежнага сайта orsha.eu Ігара Казмерчака (яго дадаткова вінавацяць у абразе прэзідэнта).

    Іншыя формы ціску на журналістаў і медыя

    За першыя тры месяцы 2024 года былі зафіксаваны 5 затрыманняў журналістаў, 4 разы медыясупрацоўнікам прысуджалі адміністрацыйныя арышты. Атрымала працяг практыка завочнага асуджэння за адміністрацыйныя правапарушэнні журналістаў-эмігрантаў: звязанай з телеканалам «Белсат» Алене Шабуні прысудзілі ў Віцебску штраф у памеры 2800 рублёў. З пратаколаў, дасланых па пошце, стала вядома, што падставай для адміністрацыйнага пераследу стаў «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (артыкул 19.11 КаАП).

    У рамках палітычных чыстак 19 лютага былі затрыманы за падтрымку поствыбарных пратэстаў і, верагодна, звольнены вядучая «Альфа Радыё» (уваходзіць у дзяржаўны холдынг «СБ. Беларусь сегодня») Наталля Жукоўская і яго гукарэжысёр Дзмітрый Кулікоўскі.

    Выкарыстання «антыэкстрэмісцкага заканадаўстава» дзеля абмежавання свабоды выказвання

    Доступ да інфармацыі з незалежных крыніц, як і раней, улады абмяжоўвалі, выкарыстоўваючы заканадаўства для барацьбы з экстрэмізмам. Былі прызнаны экстрэмісцкімі фарміраваннямі 7 медыяпраектаў: «Беларускае Радыё Рацыя», якое месціцца ў Беластоку (Польшча), «DW Беларусь (Немецкая волна Беларусь)», «UDF — новости Беларуси», «Это Минск, детка» (уключаючы акаўнты ў сацыяльных сетках блогера Усяслава Пашкевіча, вядомага як «Тутэйшы Шляхціч»), інфармацыйны сайт непрызнанага беларускімі ўладамі грамадскага аб’яднання «Саюз палякаў на Беларусі» ZnadNiemna.pl, а таксама праект «Чаго брэшаш?», які займаецца разборам прыёмаў дзяржпрапаганды.

    4 красавіка з’явіўся загад Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, які прадугледжвае ануляванне даменных імёнаў інтэрнэт-рэсурсаў, уключаных у Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Выконваць гэта належыць адміністратару нацыянальнай даменнай зоны.

    Першымі незалежнымі медыя, якія трапілі пад гэтыя новыя правілы, сталі інфармацыйныя сайты reform.by і Media-Polesye.by.

    Рэгіянальныя сайты «Першы Пінскі» і stolin.bу, новы сайт «Брэсцкай газеты», інфармацыйны сайт Ref­or­ma­tion — Reform.by,  кантэнт сацсетак аналітыка Сяргея Чалага і журналісткі Кацярыны Пытлевай, Tik­Tok-акаўнт «Misha Gyp­synkov» блогера-гумарыста Міхаіла Цыганкова, а таксама іншыя медыярэсурсы былі аднесены да «экстрэмісцкіх матэрыялаў».

    13 лютага кантэнт тэлеграм-канала «БАЖ Беларуская асацыяцыя журналiстаў», а 18 сакавіка і старонка baj.media ў сацыяльнай сетцы Tik­Tok былі прызнаны «экстрэмісцкімі».

    З замежных медыя ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў былі ўключаны медыяпраект «Настоящее время» (шэсць яго тэматычных рэдакцый), а таксама два артыкулы пад загалоўкамі «Наш Пушкин» і «Братский народ» как пушечное мясо», размешчаныя на сайце нямецкай газеты Die Tageszeitung.

    Блакіроўка анлайн-рэсурсаў

    З прычыны цэнзуры Міністэрства інфармацыі прымала рашэнні аб блакіроўцы доступу да анлайн-рэсурсаў. Так, сайт расследвальніцкага інфармацыйнага медыяпраекта «Бюро медыя» (buromedia.io.) быў заблакаваны прыкладна праз 30 хвілін пасля размяшчэння публікацыі пра Беларускі Чырвоны Крыж.

    Доступ карыстальнікаў да рэгіянальнага інфармацыйнага інтэрнэт-выдання «Мой Брест»  быў абмежаваны з‑за «выкрытага» Мінінфармам парушэння заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі – наяўнасці гіперспасылкі на «экстрэмісцкі» belsat.eu у публікацыі 2017 года.   

    Ахвярай палітычнай цэнзуры стаў «Беларускі N‑корпус« (калекцыя тэкстаў сучаснай беларускай мовы). Калі пасля паўгоду бяздзеяння ён аднавіў працу, з яго зніклі амаль 90% тэкстаў, у тым ліку публікацыі нелазежных беларускіх СМІ. Адроджаны корпус вэб-рэсурсаў цяпер уключае толькі сайты дзяржаўных «БелТА», газеты «Звязда», Белтэлерадыёкампаніі і афіцыйны сайт Аляксандра Лукашэнкі.

    Нават рэкламныя публікацыі падвяргаліся цэнзуры. Так, сетка магазінаў «Міла» пасля абразаў і абвінавачванняў у праўладных Тэлеграм-каналах была вымушана выдаліць пост у Insta­gram, у якім фігураваў вядомы вядучы Яўген Перлін, што звольніўся з дзяржаўнага тэлебачання пасля выбараў 2020 года.

    Падзеі ў дзяржаўным медыясектары

    Ідэалагізацыя дзейнасці дзяржаўных СМІ атрымала працяг у рамках Саюзнай дзяржавы – мяркуецца стварэнне і прасоўванне агульных медыйных наратываў. 29 студзеня на пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі ў Санкт-Пецярбургу была падпісана пастанова аб стварэнні медыякампаніі Саюзнай дзяржавы, ідэя якога агучвалася Аляксандрам Лукашэнкам на працягу некалькіх гадоў. Па словах міністра лічбавага развіцця, сувязі і масавых камунікацый Расійскай Федэрацыі Максута Шадаева, на дадзены момант у медыяхолдынг будуць уваходзіць ужо існуючыя дзве штотыднёвыя газеты  «Союзное Вече» і «Союз. Беларусь — Россия», часопіс «Союзное государство» і тэлерадыёвяшчальная арганізацыя Саюзнай дзяржавы, якія будуць забяспечваць «адзіную скаардынаваную палітыку».

    На запуск медыяхолдынга накіруюць 1 мільярд расійскіх рублёў (каля 11 мільёнаў долараў) з бюджэту Саюзнай дзяржавы. Яго асноўны офіс будзе знаходзіцца ў Маскве, а прадстаўніцтва — у Мінску. У холдынг плануецца ўключыць «рэсурсны цэнтр», які будзе фармаваць кантэнт для распаўсюду праз электронныя сродкі інфармацыі.

    У самой Беларусі працягвалася стварэнне медыяхолдынгаў (аб’яднаных рэдакцый) з мясцовых дзяржаўных газет. Падчас пасяджэння Брэсцкага аблвыканкама 25 студзеня паведамлялася пра стварэнне ў вобласці трох такіх рэдакцый. Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама Таццяна Гагакава заявіла, што «праца ў інтэрнэт-прасторы — задача №1 для сучаснага СМІ», таму ў дзвюх рэдакцыях прыцягнулі да працы ў рэдакцыях блогераў. Па словах міністра інфармацыі Уладзіміра Пярцова, які прысутнічаў у Брэсце, у Беларусі выбудавана «дзейсная сістэма падачы інфармацыі, але недзе яе трэба завастрыць і перафарматаваць: у Брэсцкай вобласці гэта ўдалося выканаць на 97%».

    Прапагандысцкая дзейнасць дзяржаўных СМІ прывяла да дадатковых абмежавальных мераў. 

    У красавіку стала вядома, што прыпыненне членства Белтэлерадыёкампаніі ў Еўрапейскім вяшчальным саюзе (EBU), якое першапачаткова было ўстаноўлена да ліпеня 2024 года, стане бестэрміновым у выпадку адсутнасці паляпшэння сітуацыі. Яно дзейнічала з мая 2021 года і было матывавана адсутнасцю аб’ектыўнасці, свабоды прэсы і незалежнасці, рэпрэсіямі ў дачыненні да журналістаў і паказам у эфіры так званых «пакаяных» відэа, прыраўнаваных да катаванняў. 

    У сакавіку Нацыянальны савет Латвіі па электронных СМІ (NEPLP) вырашыў забараніць доступ да сайтаў тэлеканала АНТ (ont.by) і дзяржаўнага медыяхолдынга «СБ. Беларусь сегодня» (sb.by) як датычных да распаўсюду агрэсіўнай расійскай прапаганды і ненавісніцкіх выказванняў.

    Міністэрства інфармацыі Беларусі ў адказ выступіла з заявай аб «недапушчальных дзеяннях, накіраваных на абмежаванне свабоды слова і мэтанакіраванае пазбаўленне латышскіх грамадзян права на атрыманне поўнай і аб’ектыўнай інфармацыі».

    8 красавіка, у сувязі з увядзеннем забароны на дзейнасць асобных сродкаў масавай інфармацыі Беларусі на тэрыторыі Латвіі, Літвы і Эстоніі, Міністэрства інфармацыі ў якасці меры ў адказ пастанавіла абмежаваць на тэрыторыі Беларусі доступ да шэрагу медыя гэтых краін (не прыводзячы пералік замежных выданняў). Зроблена гэта было на падставе апавяшчэння Міністэрства замежных спраў Беларусі.

    На фоне міжнародных санкцый Міністэрства інфармацыі пачало ўжываць механізм іх абыходу на падставе закона, прынятага ў 2023 годзе, што дазваляе выкарыстоўваць аб’екты інтэлектуальнай уласнасці без згоды праваўладальніка, калі той уключаны ў спіс «недружалюбных» краін. Пастановамі міністэрства ад 14 лютага і 19 красавіка Міжнародная федэрацыя футбольных асацыяцый (ФІФА) і Саюз еўрапейскіх футбольных асацыяцый (УЕФА) былі ўключаны ў гэты самы спіс, што дае магчымасць трансляваць у Беларусі футбольныя чэмпіянаты без атрымання адпаведнага дазволу.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці